Прус Баляслаў (Prus Bolesław; сапраўднае імя - Аляксандар Главацкі; 1847-1912), нарадзіўся 20.08.1847 года ў Грубяшоўскім павеце ў сям'і збяднелага шляхціца. Вучыўся ў Люблінскім ліцэі, адкуль у 1863 годзе ўцёк да ўдзельнікаў паўстання. Быў паранены, пасля арыштаваны; у выніку зноў вярнуўся працягваць вучобу ў ліцэі. Пасля яго заканчэння Б.Прус паступіў на фізіка-матэматычнае аддзяленне Галоўнай школы ў Варшаве, якое пакінуў у 1870 годзе з прычыны матэрыяльнай нястачы. Працаваў хатнім настаўнікам, рабочым, дзяржаўным чыноўнікам; з 1872 года пачалася яго журналісцкая дзейнасць у тагачасных выданнях - «Ніве», «Хатнім апекуне», «Кур'еры Варшаўскім». У 1874 годзе з'яўляюцца першыя апавяданні Пруса «Жыхар Паддашша» і «Якубаў сон», потым - раманы «Клопаты бабулі» (1874) і «Палац і хаціны» (1875). На пачатку 80-х гадоў ён стварае свае найлепшыя кароткія апавяданні «Антэк», «Шарманка», «Грахі маленства», «Камізэлька» (зборнік «Першыя апавяданні», 1881). У 1885 годзе была надрукаваная яго аповесць «Фарпост», а ў 1889 годзе - яго буйны празаічны твор, раман «Лялька». Не засталося незаўважаным з'яўленне яго наступнага рамана «Эмансіпанткі» (1893), а сусветную славу Баляславу Прусу прынёс яго гістарычны раман «Фараон» (1896). У апошняе дзесяцігоддзе свайго жыцця пісьменнік працаваў над раманамі «Дзеці» (выйшаў у 1909 годзе) і «Перамены», які застаўся няскончаны.
Памёр Баляслаў Прус 19.05.1912 года ў Варшаве.
На беларускую мову яго творы перакладалі Я.Брыль і М.Чарнецкі.
Крыніца: Хрэстаматыя па літаратуры народаў свету. Менск, 1995.
Выбраныя творы Баляслава Пруса на Беларускай Палічцы