Лондан Джэк (London Jack; сапраўднае імя - Джон Грыфіт Лондан; 1876-1916), нарадзіўся 12.01.1876 года ў Сан-Францыска ў беднай сям'і. З дзіцячых гадоў працаваў прадаўцом газет, потым рабочым кансервавай фабрыкі, «вустрычным піратам», быў матросам, пэўны час валацужнічаў. У 1893 годзе ў адной з сан-францысцкіх газет з'явілася яго першае апавяданне «Тайфун каля берагоў Японіі».

У 1896 годзе Джэк Лондан паступіў у Каліфарнійскі ўніверсітэт, але мусіў пакінуць вучобу, бо не меў патрэбных на яе сродкаў. Працаваў у пральні, пасля паехаў на Аляску, дзе працаваў на здабычы золата. З канца 90-х гадоў браў удзел у сацыялістычным руху, у 1901-1916 гг. быў сябрам амерыканскай сацыялістычный партыі. Літаратурную вядомасць Джэку Лондану прынёс зборнік паўночных апавяданняў «Сын ваўка» (1900), за якім выйшлі наступныя - «Бог яго бацькоў» (1901), «Дзеці мароза» (1902), «Кліч продкаў» (1903). Пэўны час ён працуе рэпарцёрам у Карэі і Мексіцы. З друку выходзяць новыя раманы і аповесці пісьменніка «Марскі воўк» (1904), «Апавяданні пра рыбацкі патруль» (1905), «Белы Ікол» (1906), «Чыгунка» (1907), «Жалезная пятка» (1908), «Марцін Ідэн» (1909), «Смоўк Бэлью» (1912), «Джон Ячмень» (1913), «Месяцовая даліна» (1913), «Пунсовая чума» (1915) і шмат якія іншыя. Вядомая таксама яго рэвалюцыйная публіцыстыка (зборнік «Вайна класаў», 1905, «Рэвалюцыя і другія артыкулы», 1910).

Памёр (магчыма, скончыўшы жыццё самагубствам) Джэк Лондан 22.11.1916 года ў Глен Элене (штат Каліфорнія).

На беларускую мову творы Джэка Лондана перакладалі А.Мардвілка, І.Сляповіч (Ідэльчык), Ул.Чаркас, Я.Пфляўмбаўм, М.Стагановіч і іншыя.

Крыніца: Хрэстаматыя па літаратуры народаў свету. Менск, 1995.

Паведаміць пра недакладнасьць