Узнікла рэальная пагроза ўнутрыцаркоўнага расколу. Разумеючы, да якіх вынікаў можа прывесці гэты канфлікт ва ўмовах раздробленасці Русі, князь Расціслаў заклікаў абедзве партыі да стрыманасці і разважлівасці. Нельга, казаў ён, каб безупыннае крывавае саперніцтва ўдзельных князёў за валоданне Кіевам узмацніла барацьбу за права той ці іншай княжацкай кааліцыі ўзводзіць у мітрапаліты свайго чалавека, абцяжарыла разладамі на рэлігійнай глебе жыццё грамадства, якое і без таго вельмі пакутуе ад палітычных усобіц. Аднак угаворы і заклікі Расціслава не былі пачуты.
У сакавіку 1155 кіеўскі пасад заняў правізантыйскі настроены суздальскі князь Юрый Даўгарукі, які саслаў мітрапаліта Клімента ва Ўладзімір Валынскі, а мітрапаліцкую кафедру аддаў назначэнцу патрыярха Канстанціну. Аднак праз 3 гады новы кіеўскі князь Мсціслаў Ізяславіч аднавіў К.С. на гэтай пасадзе. Барацьба за мітрапаліцкае месца выклікала царкоўную смуту. Грэчаскі стаўленік імкнуўся аддаліць ад царкоўных спраў прыхільнікаў Клімента, у сваю чаргу Клімент не мілаваў тых, хто быў на баку яго праціўніка. Каб спыніць разлад, князі Расціслаў і Мсціслаў адхілілі ад спраў абодвух мітрапалітаў і прызначылі ў жніўні 1161 на мітрапаліцкае месца Феадора, які праз некалькі месяцаў памёр. Расціслаў зноў прапанаваў кандыдатуру К.С. Каб надаць справе законны выгляд, ён паслаў прасіць благаславення для Клімента ў патрыярха. Але канстанцінопальскі патрыярх накіраваў у Кіеў мітрапалітам Іаана IV. Расціслаў, кіруючыся меркаваннямі царкоўнага міру, не хацеў ускладняць і без таго цяжкія палітычныя абставіны на Русі, неахвотна прыняў новага назначэнца, але наказаў перадаць у Канстанцінопаль: «На гэты раз, дзеля павагі і любові царскай, прыму, але калі надалей без нашага ведама і жадання патрыярх назначыць на Русь мітрапаліта, то не толькі не прымем яго, а пастановім за нязменнае правіла выбіраць і ставіць мітрапаліта епіскапам рускім па загаду вялікага князя». У выніку дзяржаўнай мудрасці і дыпламатычнай гібкасці Расціслава барацьба вакол самага прынцыповага для царкоўнага жыцця пытання сціхла. Так скончылася гісторыя з узвядзеннем на мітрапаліцкі прастол К.С., які звязаў сваё жыццё і дзейнасць з барацьбой за царкоўную незалежнасць ад Візантыі. Права прысылаць у Кіеў першасвяшчэнніка захавалася за патрыярхам. І ўсё ж ідэя рускай праваслаўнай аўтаноміі, якую так энергічна адстойваў вучоны манах са Смаленска, не памерла.
Да нас дайшоў толькі адзін твор К.С. (у тлумачэнні манаха Афанасія) - «Пасланне смаленскаму прэсвітэру Фаме». У гэтым «Пасланні...», разглядаючы тэарэтычныя пытанні, К.С. абвяргае высунутыя супраць яго абвінавачванні, прыводзіць аргументы ў абарону свайго права кіраваць царквой. Асноўныя разыходжанні, што служылі падставай для дыскусій паміж Кліментам і Фамой, - рознае разуменне таго, як і да якіх межаў можна інтэрпрэтаваць тэксты Свяшчэннага пісання, ці правамерна наогул яго пашыранае, сімвалічнае тлумачэнне. Паводле меркаванняў К.С., важнае не толькі літаральнае, але і сімвалічнае разуменне біблейскіх тэкстаў, іх творчая інтэрпрэтацыя. Ён вымушаны быў абгрунтоўваць сваё права «даследаваць іншасказальна... усе гэтыя боскія адзнакі і цуды Госпада нашага Ісуса Хрыста», свае доказы падмацоўваць аўтарытэтам айцоў царквы: «Калі святыя і боскія айцы нашы дабавілі нешта падобнае да Гасподніх слоў, каб растлумачыць і выкласці іх, то гэта вельмі карысна, добра і пахвальна».
У развіцці чалавечай гісторыі К.С. вылучае тры паслядоўныя перыяды - «Запавет», «Закон» і «Дар Божы». Значэнне першых двух у тым, што яны рыхтуюць перамогу абсалютнай ісціне, якая адкрываецца ў хрысціянстве. Паводле яго слоў, «Хрыстос Бог наш, сонца праведнае, асвяціў нас боскімі зорамі і прасвяціў сваім хрышчэннем, і вось усе старое прайшло, і стала ўсё новае, і ўжо не месціцца ў законе чалавецтва, але пад боскай ласкаю свабодна ходзіць...» У гэтай сувязі К.С. падкрэслівае, што некаторыя язычнікі, якія жылі па-за законам і да закону, «вылучаліся набожнасцю, жывучы не па законе, але па веры», таму ім лягчэй атрымаць дабрадзейства боскае, чым юдэям, якія не могуць «пайсці» далей закону Майсеевага, што заступае шлях да дабрадзейства. Для распрацоўкі і выкладання ўласных поглядаў К.С. шырока выкарыстоўвае працы Феадарыта Кірскага, Нікіты Гераклійскага, рацыяналістычныя метады для тлумачэння рэлігійных тэм. Апісваючы сваё ўяўленне пра сусвет, ён спасылаецца не толькі на хрысціянскіх, але і антычных аўтараў - Гамера, Платона, Арыстоцеля. Яго асноватворнае ўяўленне пра сусвет - гэта перакананне ў тым, што ўсё існае мае мэтазгодную будову, «усё ўладжваецца, падтрымліваецца і мае поспех сілай боскай, бо няма другой дапамогі, акрамя дапамогі боскай, і іншай сілы, акрамя сілы боскай». Мысліцель характарызуе Бога як непазнавальную абсалютную істоту, якая, аднак, пазнаецца ў сваіх тварэннях. Чалавек, які адкрывае для сябе разумную пабудову свету, становіцца, такім чынам, на шлях пазнання Бога-творцы, знаходзіць вышэйшы сэнс свайго існавання. Боская арганізацыя быцця дае чалавеку магчымасць сваімі ўчынкамі далучацца да Бога ці, наадварот, аддаляцца ад яго. Бог, са свайго боку, гатовы садзейнічаць збліжэнню з чалавекам, ратаванню яго, калі той праяўляе імкненне да гэтага. У разважаннях пра Грыгора Багаслова, прарока Ёна, траіх отракаў, расказах пра фантастычных жывёл К.С. настойліва праводзіць думку пра тое, што «нішто не пагарджанае ў Госпада: усё бачыць яго бяссоннае вока, усё назіраецца, пры ўсім стаіць, даючы кожнаму выратаванне». Валодаючы найвышэйшым дарам - свабоднай воляй - чалавек можа дзейнічаць, як яму хочацца.
Але дараваная яму свабода ўчынкаў - адначасова і напамін пра тое, што чалавеку, як вянцу тварэння, як асноўнаму цэнтру сусвету, створанаму па ўзоры і падабенстве боскаму, належыць імкнуцца да маральнага ўдасканалення, безагаворачна давяраць боскаму промыслу, «праслаўляць і дзякаваць» Творцу. Такім чынам, як і Іларыён Кіеўскі, Кірыла Тураўскі і інш. мысліцелі эпохі Кіеўскай Русі, К.С. развіваў антрапацэнтрычныя ідэі, падкрэсліваў духоўна-маральную прыроду чалавека. Але гэтыя аспекты сярэдневяковага светапогляду ён фармуляваў больш выразна і тэарэтычна абгрунтавана, чым яго папярэднікі. Важнае месца ў светапоглядзе К.С. займае ідэя няхцівасці. Яго адмова ад усяго, уключаючы царкоўную маёмасць, у той час як многія манастыры, цэрквы, асобныя свяшчэннаслужыцелі з'яўляліся буйнымі ўласнікамі, была не зусім тыповая. Акцэнт на духоўным, вечным, асуджэнні скнарнасці характарызуе ўсё сярэдневяковае светасузіранне ўсходніх славян. Але ў 12 ст., бадай, толькі К.С. ясна і дакладна выказаў гэту думку. Яго заклік захаваць маральную чысціню думак і ўчынкаў, духоўнае памкненне да найвышэйшых каштоўнасцей быцця гучыць вельмі сучасна і надзённа: «І як мы атрымалі закон і благадаць Свяшэннага пісання ад агульнага Ўладыкі, Госпада нашага Ісуса Хрыста Збавіцеля і Кіраўніка нашых душ, і святых і боскіх яго апосталаў, па дары і благадаці і сіле Духа, будзем трымацца, любыя, за гэту будучую надзею, не адхіляючыся ні ўлева, ні ўправа, каб не зваліцца нам на самае дно пагібелі.
Але пайшоўшы следам за ісцінным і сумленным царкоўным свяціцелем, такім чынам дасягнем найвышэйшай светласці ў будучым царстве Госпада нашага Ісуса Хрыста...».
Літ.: Никольский Н.К. О литературных трудах митрополита Климента Смолятича, писателя XII в. СПб., 1892; Яго ж. Материалы для истории древнерусской духовной письменности. СПб., 1907; Лавровский Л.Я. Послание митрополита Климента Смолятича к Фоме, пресвитеру Смоленскому, как историко-литературный памятник XII в. Смоленск, 1893; Памятники литературы Древней Руси, XII в. М., 1980; Становление философской мысли в Киевской Руси. М., 1984.
В.Оргіш