Фармаванне фауны земнаводных Беларусі. Адносная беднасць фауны земнаводных Беларусі (менш за 0,5% ад колькасці відаў сусветнай фауны амфібій), безумоўна, сведчыць пра суровыя экалагічныя ўмовы, у якіх адбывалася станаўленне яе сучаснага аблічча. Гэта пацвярджаецца таксама невялікай доляй амфібій (менш за 2%) сярод наземных пазваночных жывёл. Змяншэнне долі амфібій у фауне паўночных шырот адбываецца разам са зніжэннем агульнай відавой разнастайнасці наземных пазваночных жывёл у параўнанні з больш цёплымі і вільготнымі рэгіёнамі, што характарызуе спецыфічнасць умоў фармавання фауністычных комплексаў Беларусі.

З першай паловы палеагену (амаль 70 млн. гадоў назад) паўднёвая частка тэрыторыі Беларусі знаходзілася пад морам аж да пачатку неагену (каля 25 млн. гадоў назад), калі пачалі фармавацца абрысы сучасных марскіх басейнаў. Субтрапічны клімат, што існаваў тады, трансфармаваўся ва ўмераны, а яшчэ прыкладна праз 25 млн. гадоў наступіла рэзкае пахаладанне, якое паклала пачатак каля 1 млн. гадоў назад чацвярцічнаму, або ледавіковаму, перыяду. Са змяненнем клімату, відаць, адбывалася і паступовае ператварэнне субтрапічнай фауны амфібій у значна больш бедную фауну ўмеранага клімату. Вывучэнне выкапнёвых рэшткаў паказвае, што да пачатку ледавіковага перыяду фауна амфібій Беларусі складалася з існуючых цяпер форм. Мяркуюць, што ў тыя часы тэрыторыя Беларусі ўяўляла сабой згладжаную раўніну з развітай сеткай рэк на водападзеле Чарнаморскага (Дняпро, Бярэзіна, Прыпяць) і Балтыйскага (Заходняя Дзвіна, Нёман) басейнаў, якія канчаткова сфармаваліся да канца апошняга зледзянення.

Ледавіковаму перыяду, дакладней, яго геалагічным і кліматычным вынікам (хоць нельга выключаць і ўплыў пасляледавіковых унутрыгалацэнавых кліматычных змяненняў) належыць асноўная роля ў фармаванні сучаснай фауны амфібій Беларусі: відавога складу ў розных рэгіёнах, межаў арэалаў асобных відаў. Вядомы 5 зледзяненняў на тэрыторыі краіны, якія прыходзілі з Кольскага і Скандынаўскага паўастравоў і вызначаліся магутнасцю ледзянога покрыва, працягласцю існавання, плошчай укрыцця. Напрыклад, у перыяд беларускага і сожскага зледзяненняў ледавікі былі пашыраны ў заходняй, паўночнай і цэнтральнай частках Беларусі; бярэзінскае і дняпроўскае зледзяненні займалі амаль усю тэрыторыю краіны; паазерскае зледзяненне закранула толькі паўночную частку Беларусі.

Менавіта ў пасляледавіковую эпоху (галацэн), якая пачалася каля 10 тысяч гадоў назад, склаліся сучасныя прыродна-геаграфічныя зоны, а таксама аблічча расліннага і жывёльнага свету.

Важна адзначыць найбольш сур'ёзны адбітак перадапошняга (сожскага) зледзянення (яго паўднёвая мяжа даходзіла прыкладна да лініі паўночнай мяжы Палесся), якое і вызначыла спецыфіку фауны Беларускага Палесся. Трэба меркаваць, што з павольным адступаннем ледавіка на поўнач адбывалася паступовая міграцыя і большасці відаў амфібій. Але на канчатковае фармаванне батрахафауны аказалі ўплыў як характар ландшафтаў, якія сфармаваліся, клімату, так і экалагічная спецыфіка відаў. Не «пайшлі» на поўнач квакша звычайная, толькі да Беларускага Паазер'я (да межаў апошняга, паазерскага зледзянення) 10 тыс. гадоў назад распаўсюдзілася адносна цеплалюбівая жарлянка чырванабрухая, не асвоіла паўночна-ўсходніх абласцей і чаротавая рапуха.

Своеасаблівая мазаіка рэльефу і ландшафтаў зрабіла ўплыў на тэрытарыяльную дыферэнцыяцыю складу насельніцтва сучасных фауністычных комплексаў амфібій, а таксама на біялагічную разнастайнасць асобных відаў. Істотны ўплыў на фармаванне сучаснага аблічча амфібій, як і іншых жывёл, зрабіла гаспадарчая дзейнасць чалавека, якая набірала сілу. Высечка лясоў, разворванне зямель, асушальныя работы садзейнічалі рассяленню і павелічэнню колькасці відаў, якія трапляліся на адкрытых прасторах (рапухі зялёнай і чаротавай, часночніцы звычайнай). Асаблівае значэнне мела павелічэнне мазаічнасці ландшафтаў - чаргаванне лясных, адкрытых і водных біятопаў. Гэта забяспечвала павышэнне экалагічнай ёмістасці ўгоддзяў для многіх відаў амфібій на межах розных біятопаў, асабліва наземных і водных. Невыпадкова ж іх назвалі амфібіямі (дваякажывучымі), або земнаводнымі.

Паведаміць пра недакладнасьць