Характарыстыка паўзуноў Беларусі. Паводле зоагеаграфічнага раянавання фауна рэптылій краіны адносіцца да Палеаарктычнага падцарства. У большасці яна складаецца з відаў, якія ўласцівы Эўрапейска-Сібірскай вобласці. Фауна міжземнаморскай падвобласці прадстаўлена толькі адным відам - балотнай чарапахай. З усіх вядомых навуцы рэптылій, якія пашыраны на планеце, у краіне прадстаўлены толькі 7. Але і пры такой відавой абмежаванасці на адносна невялікай тэрыторыі краіны існуюць значныя адрозненні ў структуры пашырэння рэптылій (у відавым складзе, шчыльнасці засялення, суадносінах шчыльнасці розных відаў) у сувязі з экалагічнай спецыфікай відаў, якая праяўляецца дастаткова дакладна.

За апошнія дзесяцігоддзі ва ўмовах інтэнсіўнай гаспадарчай дзейнасці (асабліва ў зонах буйнамаштабных асушальна-меліярацыйных работ, горадабудаўніцтва, інтэнсіўнага вядзення гаспадаркі) колькасць большасці відаў рэптылій зніжалася. Тым не менш, агульны стан паўзуноў у параўнанні са звесткамі, якія атрыманы 30-40 гадоў назад, і з улікам гаспадарчага пераўтварэння прыродных комплексаў можна прызнаць здавальняючым.

Паводле табліцы, якая характарызуе агульны стан фауны паўзуноў Беларусі, 2 з 7 відаў ацэньваюцца як адносна шматлікія, 3 - звычайныя і 2 - рэдкія, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. Абмежавана распаўсюджана на тэрыторыі краіны толькі балотная чарапаха, пашыраная ў паўднёвай частцы Беларусі. Для розных відаў, асабліва для яшчарак порсткай і жывароднай, характэрны вялікія ваганні шчыльнасці засялення.

Даследаванні апошніх дзесяцігоддзяў, зробленыя практычна ва ўсіх кутках Беларусі, пацвердзілі памылковасць думкі многіх вучоных, якія вывучалі фауну рэгіёна ў больш ранні час, пра наяўнасць на тэрыторыі Беларусі зялёнай яшчаркі (Lacerta viridis) і вадзянога вужа (Natrix tesselata). На самай справе паўночная мяжа арэала гэтых відаў пралягае на поўдзень ад Беларусі.

Рэптыліі Беларусі асвоілі дастаткова шырокі спектр як прыродных, так і трансфармаваных біятопаў: лясныя экатоны (паляны, узлескі, прагаліны, пагранічныя ўчасткі з лугамі, балотамі); лясныя высечкі (лесасечныя, пад лініі электраперадач, пад газа- і нафтаправоды і інш.); экатоны сельгасугоддзяў (пагранічныя зоны з лясамі, вадаёмамі); меліярацыйныя каналы (галоўным чынам іх берагавыя схілы) і абочыны дарог. Найбольш рэдка асвойваюцца вялікія масівы адкрытых прастораў (лугі, балоты, сельгасугоддзі) і практычна поўнасцю адсутнічаюць рэптыліі ў гарадах і зонах адпачынку. У цэлым большасць відаў рэптылій (6 з 7) можна аднесці да пераважна лясных (яшчаркі і змеі), 5 з 7 відаў аддаюць перавагу разнастайным прыбярэжным біяцэнозам, меліярацыйным каналам, 3 з 7 пашыраны ў ельніках, на лугах, балотах, сельгасугоддзях; толькі 2 віды з 7, галоўным чынам порсткая і жывародная яшчаркі, сустракаюцца ў наваколлях гарадоў.

На пашырэнне рэптылій у прырэчышчавых зонах рэк важнейшы ўплыў аказвае рэльеф: на поймах нізкіх і тых, што затапляюцца, рэптыліі практычна адсутнічаюць (напрыклад, у прырэчышчавай нізіннай пойме Прыпяці), на высокіх берагах, характэрных для Заходняй Дзвіны, Нёмана, яны трапляюцца ў вялікай колькасці.

Для некаторых рэптылій уласціва высокая ступень разнастайнасці біятопаў, якія яны асвойваюць. Найбольшая разнастайнасць біятопаў характэрна для жывароднай яшчаркі, звычайнай гадзюкі, порсткай яшчаркі, вужа звычайнага. Самая малая колькасць біятопаў асвойваецца вераценніцай ломкай, мядзянкай і яшчэ менш - балотнай чарапахай. Аднак і для чарапахі характэрна разнастайнасць вадаёмаў, у якіх яна магла б існаваць, як прыродных (балотныя вадаёмы, старыцы, затокі рэк і азёр), так і штучных (сажалкі, меліярацыйныя каналы). Аднак пры дастаткова высокай ступені асваення разнастайных біятопаў масавымі відамі для кожнага з іх нярэдка характэрна дакладная экалагічная спецыфіка. Порсткая яшчарка, напрыклад, найбольш асвойвае сухія адкрытыя месцы (хвойнікі, высечкі, абочыны дарог). Для жывароднай яшчаркі звычайнымі з'яўляюцца сырыя забалочаныя ўчасткі (ельнікі, бярэзнікі, алешнікі і іх экатоны, вярховыя балоты). Вуж і гадзюка пашыраны ў падобных біятопах, але адрозніваюцца рознай ступенню сваёй прыхільнасці да сухіх і вільготных участкаў. Гадзюка ў пагранічных зонах, утвораных узвышанымі і нізіннымі ўчасткамі, аддае перавагу першым, дзе найбольшая колькасць мышападобных грызуноў, а вужы - часцей вільготным месцам, дзе больш іх асноўнай здабычы - амфібій.

Улік колькасці асноўных відаў рэптылій, які быў праведзены ў розных ландшафтных правінцыях Беларусі, паказаў, што найбольш імі заселены бярэзнікі (160 асобін/га), хвойнікі (100), алешнікі (70), дубровы (70), поймавыя лугі (65 асобін/га). Меншая шчыльнасць засялення паўзуноў у ельніках (каля 40 асобін/га), на сухадольных і нізінных лугах (больш за 40), на балотах (30), на пустках (20 асобін/га).

Даволі высокая шчыльнасць існуе і ў асобных антрапагенных біятопах, галоўным чынам уздоўж абочын дарог (больш за 140 асобін/га), на дамбах меліярацыйных сістэм (больш за 100), уздоўж берагоў меліярацыйных каналаў (каля 70 асобін/га).

Паводле агульнай экалагічнай характарыстыкі рэптылій Беларусі найбольшую цікавасць прадстаўляе ацэнка структуры іх пашырэння (суадносіны шчыльнасці розных відаў). Выяўлена, што асноўныя тыпы лясных біягеацэнозаў істотна дыферэнцыруюцца па структуры пашырэння. Лясныя біягеацэнозы характарызуюцца ў асноўным і больш высокай сярэдняй шчыльнасцю пашырэння, і больш высокай відавой разнастайнасцю, у той час як адкрытыя біятопы (галоўным чынам балоты і пусткі) адрозніваюцца нізкай шчыльнасцю паўзуноў, якія прадстаўлены толькі 1-2 відамі. Прытым на балотах і пустках, якія значна адрозніваюцца паводле вільготнасці, пашыраны зусім розныя віды: жывародная яшчарка і гадзюка - на балотах, порсткая яшчарка - на пустках.

Паводле асаблівасцей харчавання рэптыліі Беларусі дзеляцца на 3 групы. Адны з іх жывяцца толькі наземнымі беспазваночнымі (порсткая і жывародная яшчаркі, вераценніца ломкая), другія - пазваночнымі жывёламі, здабытымі ў водным ці наземным асяроддзі - амфібіямі, рэптыліямі, птушкамі, млекакормячымі (вуж звычайны, мядзянка, гадзюка звычайная), трэція спажываюць як раслінны, так і жывёльны корм (балотная чарапаха).

Напрыклад, вуж здабывае пераважна амфібій, можа нават паляваць у вадзе на лічынак амфібій і рыб; мядзянка - практычна толькі рэптылій (яшчарак), зрэдку мышэй; гадзюка - дробных млекакормячых або амфібій у залежнасці ад іх канцэнтрацыі ў месцах палявання. Моладзь змей, як правіла, корміцца насякомымі.

Паводле асаблівасцей размнажэння вылучаюцца рэптыліі, якія адкладваюць яйкі (порсткая яшчарка, вуж звычайны, чарапаха балотная), і яйкажывародныя (жывародная яшчарка, вераценніца ломкая, мядзянка, гадзюка звычайная), у якіх вылупліванне дзіцянят адбываецца адразу пасля адкладкі яек. Порсткая яшчарка і балотная чарапаха выкопваюць ямкі для яек і закопваюць іх грунтам. Месцы адкладкі яек вельмі індывідуальныя. Вуж адкладвае яйкі ў сырых цёплых укрыццях, што часта вядзе да канцэнтрацыі вялікай колькасці ў адным месцы (трухлявыя пні, кучы гною, драўляныя апілкі і інш.). Яйкажыванараджэнне характэрна для відаў, якія пашыраны ў сырых зацененых біятопах (жывародная яшчарка і гадзюка звычайная), і для відаў, якія жывуць у адносна сухіх і адкрытых біятопах (вераценніца ломкая, мядзянка). Цяжка вызначыць перавагу яйкажыванараджэння над яйкакладкай і наадварот, таму што самка патэнцыяльна падвергнута небяспецы быць з'едзенай, а ў глебе яйкі часта гінуць ад перасыхання і рыючых жывёл.

Ландшафтная розніца ў пашырэнні рэптылій, як і ў амфібій, у найбольшай ступені прасочваецца на тэрыторыях, якія заняты басейнамі буйнейшых рэк Беларусі (Прыпяці, Заходняй Дзвіны, Дняпра, Бярэзіны, Нёмана).

Маштабнае вывучэнне ландшафтнай дыферэнцыяцыі герпетакомплексаў і папуляцый дамінуючых відаў амфібій і рэптылій на тэрыторыі краіны дазволіла ацаніць суадносіны паміж дыферэнцыяцыяй рознатыповых ландшафтных элементаў (рэльеф, клімат, глеба, расліннасць і інш.) і герпетакомплексаў і асобных фонавых відаў амфібій і рэптылій, правесці герпеталагічнае раянаванне 2 блізкіх класаў пайкілатэрмных наземных пазваночных жывёл - амфібій і рэптылій, якіх даследуе адзін раздзел заалогіі - герпеталогія. У выніку комплекснай ацэнкі тэрыторыя Беларусі падзяляецца на 7 герпетагеаграфічных раёнаў: I - Цэнтральны, узвышаны (сярэднебярэзінскі - вілейскі - нарачанскі - верхнянёманскі); II - Паўночны, паазёрны (заходнядзвінскі - верхнебярэзінскі - верхнедняпроўскі); III - Паўднёвы, нізінны (палескі - прыпяцкі); IV - Усходні (сярэднедняпроўскі - верхнясожскі); V - Заходні (прынёманскі); VI - Паўднёва-Заходні (палескі - бугскі); VII - Паўднёва-Ўсходні (ніжнебярэзінскі - дняпроўскі - ніжнясожскі). У аснову падназваў герпетагеаграфічных раёнаў пакладзены назвы буйнейшых рэк краіны, прырэчышчава-поймавыя зоны якіх у найбольшай ступені адлюстроўваюць асаблівасці ландшафтнай дыферэнцыяцыі герпетакомплексаў.

Паведаміць пра недакладнасьць