Вужападобныя змеі, або вужовыя (Colubridae). Самае вялікае сямейства рэптылій, якое ўключае больш за палову (больш за 1,5 тыс. відаў) прадстаўнікоў падатрада змей (Ophidia або Serpentes). Сямейства прадстаўлена як гігантамі даўжынёй больш за 3 м, так і вельмі дробнымі змейкамі даўжынёй каля 10 сантыметраў. На ніжняй частцы цела шэраг расшыраных шчыткоў, якія ў некаторых відаў могуць заходзіць краямі і на бакі тулава. Зрэнка, як правіла, круглая. На сківіцах, а таксама на нёбных касцях розныя па велічыні вострыя зубы. У ядавітых відаў на верхняй сківіцы ядаправодныя (з баразёнкамі) зубы. Развіта толькі правае лёгкае, левае можа быць рудыментарнае або наогул адсутнічае. Вужападобныя змеі пашыраны практычна на ўсіх мацерыках. У Беларусі 1 від роду вужоў (Natrix) - вуж звычайны і 1 від роду мядзянак (Coronella) - мядзянка. Для вужоў характэрна луска з рэзка акрэсленымі падоўжанымі рабрынкамі, анальны шчыток раздзелены, падхваставыя шчыткі размешчаны ў 2 рады. Галава добра адмежавана ад шыі. Род мядзянак характарызуецца гладкай луской тулава, іх часам называюць гладкімі вужамі. Галава быццам прыпляскана, ад шыі адмяжоўваецца адносна слаба.

Паведаміць пра недакладнасьць