Адаптацыя, прыстасаванне асобных відаў і груп амфібій і рэптылій да канкрэтных умоў існавання. Фармаванне адаптацый непарыўна звязана з эвалюцыйным працэсам, які адбываецца на працягу ўсіх стадый жыццёвага цыкла асобін віду і ўключае сукупнасць марфалагічных, біяхімічных, эталагічных, папуляцыйных і іншых асаблівасцей, заснаваных на зменлівасці, спадчыннасці і натуральным адборы. Адаптацыі могуць мець агульны характар (напрыклад, прыстасаванне амфібій да жыцця ў водным асяроддзі, а рэптылій - да наземнага спосабу жыцця) або спецыфічны (напрыклад, своеасаблівая будова канечнасцей квакшы ў сувязі з лажаннем па дрэвах або развіццё вялікай рухомасці сківіц змей у сувязі з заглытваннем цалкам вялікай здабычы). Важную групу А. складаюць ахоўныя прыстасаванні. Адаптацыі да ўмоў развіцця ў зародкавым і лічынкавым стане называюцца эмбрыяадаптацыямі. Да іх можна аднесці своеасаблівую будову апалоніка, прыстасаваную да развіцця ў водным асяроддзі, а таксама з'яўленне зародкавых абалонак, амніятычнай поласці і алантоіса ў лічынак рэптылій, якія развіваюцца пад аховай яйкавых абалонак. Рэптыліі як першыя наземныя пазваночныя, якія засялялі сушу, адаптаваліся да разнастайных умоў пражывання. Адны з іх прыстасаваліся да жыцця ў паўночных шыротах (напрыклад, яшчарка жывародная), другія - у пясках пустыні (круглагаловікі, агамы), трэція - ва ўмераных і трапічных паясах (большасць відаў), чацвёртыя ў другі раз перайшлі да жыцця ў вадзе (кракадзілы, водныя чарапахі) і інш. Усе яны ў выніку сукупнасці характэрных адаптацый маюць своеасаблівую будову і фізічныя асаблівасці, якія надаюць ім рысы мэтазгоднасці.

Паведаміць пра недакладнасьць