Арэал, вобласць (геаграфічная тэрыторыя) распаўсюджання віду, роду, сямейства або іншай таксанамічнай групы жывых арганізмаў. Прастора, на якой адбываецца першапачатковае фармаванне віду, называецца першапачатковым або аўтахтонным арэалам. З часам арэал можа пашырацца ў выніку натуральнага або штучнага рассялення ці скарачацца ў выніку змянення ўмоў пражывання, антрапагеннага ўздзеяння і іншых фактараў. Адрозніваюць суцэльны арэал, калі від пастаянна трапляецца ў адпаведных яму біятопах без істотных перапынкаў (напрыклад, гадзюкі звычайнай, яшчаркі порсткай), і перарывісты, адасоблены на некалькі аддаленых адна ад адной тэрыторый, паміж якімі міграцыі віду немагчымы (напрыклад, арэал вераценніцы ломкай). Іншы від насяляе не ўсю тэрыторыю арэала, а трапляецца спарадычна на асобных участках. У такіх выпадках арэал называецца мазаічным (напрыклад, у чаротавай рапухі, жарлянкі чырванабрухай). Арэал відаў, якія насяляюць вялізныя плошчы сушы або акваторыі, называецца касмапалітычным, а вельмі вузкую вобласць - эндэмічным. У залежнасці ад сезонных і экалагічных асаблівасцей віду адрозніваюць рэпрадукцыйны, трафічны, сезонны і зімовачны арэалы, а па характары фармавання - натуральныя (не змененыя дзейнасцю чалавека) і штучныя (абмежаваныя, пашыраныя або штучна сфармаваныя чалавекам у ходзе наўмыснай ці несвядомай дзейнасці). Цяпер арэалы многіх відаў зменены ў выніку антрапагеннага ўздзеяння. Арэалы большасці відаў амфібій і рэптылій Беларусі ўключаюць усю тэрыторыю краіны. Гэта жаба травяная, вастрамордая, сажалкавая і азёрная, трытон звычайны і грабеньчаты, рапуха шэрая і зялёная, гадзюка звычайная, вуж звычайны, яшчарка порсткая і жывародная і інш. Па тэрыторыі Беларусі праходзіць мяжа арэалаў чарапахі балотнай, квакшы звычайнай, рапухі чаротавай і жарлянкі чырванабрухай. Колькасць віду на мяжы арэала звычайна ніжэйшая, чым у яго цэнтральных частках. Іншы раз каля мяжы суцэльнага арэала від засяляе адасобленыя ўчасткі, якія называюцца астраўнымі месцазнаходжаннямі. Вывучэнне арэалаў мае вялікае навуковае і практычнае значэнне пры рацыянальным выкарыстанні і ахове жывёльнага і расліннага свету. Для нагляднасці і зручнасці работы арэалы наносяць на геаграфічныя карты або адлюстроўваюць на схемах і картах-схемах (як, напрыклад, гэта зроблена ў Чырвонай кнізе Беларусі).

Паведаміць пра недакладнасьць