Закон Рэспублікі Беларусь аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету. Прыняты Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь 26.11.1981 г., уведзены ў дзеянне з 01.03.1982 г. Закон пацвярджае дзяржаўную (агульнанародную) уласнасць на жывёльны свет, устанаўлівае дзяржаўнае кіраванне, планаванне мерапрыемстваў, а таксама задачы ў галіне аховы і выкарыстання жывёльнага свету. Для захавання відавой разнастайнасці жывёл, аховы іх асяроддзя і месцаў пражывання, шляхоў міграцый, захоўвання прыродных супольнасцей жывёл, узнаўлення і рэгулявання колькасці жывёл у законе вызначаны нормы і правілы рацыянальнага выкарыстання і ўзнаўлення жывёльнага свету, забароны або абмежавання выкарыстання, аховы асяроддзя пражывання, умоў размнажэння, папярэджання гібелі жывёл у выніку вытворчай дзейнасці праз утварэнне запаведнікаў, заказнікаў, развядзенне ў няволі рэдкіх і знікаючых відаў, праз арганізацыю навуковых даследаванняў па ахове жывёльнага свету, выхаванне ў людзей гуманных адносін да жывёл і інш. У законе прадугледжаны мерапрыемствы па захаванні асяроддзя пражывання, умоў размнажэння, шляхоў міграцый пры прамысловым і грамадзянскім будаўніцтве, выкарыстанні сродкаў аховы раслін, мінеральных угнаенняў, правядзенні агратэхнічных мерапрыемстваў. Закон абавязвае ўзгадняць мерапрыемствы, якія праводзяцца, з органамі прыродааховы. У адпаведнасці з законам вядзецца дзяржаўны ўлік жывёл і іх выкарыстанне, а таксама дзяржаўны кадастр жывёльнага свету. Закон устанаўлівае кантроль і вызначае меры адказнасці па ахове і выкарыстанні жывёльнага свету.

Паведаміць пра недакладнасьць