Змеегадавальнік, прадпрыемства, якое займаецца ўзнаўленнем (размнажэннем) і вырошчваннем змей у штучных умовах (серпентарыях) ці паўвольных умовах. Стварэнне гадавальнікаў абумоўлена зніжэннем колькасці змей у прыродзе. Гэта своеасаблівыя фермы па вырошчванні ядавітых змей у няволі для забеспячэння патрэб перш за ўсё фармацэўтычнай, а ў некаторых краінах і харчовай прамысловасці. У змеегадавальніках атрымліваюць яд, печань, кроў, тлушч і іншыя тканкі змей. Найбольш вядомымі з'яўляюцца змеегадавальнікі В'етнама, Японіі і Кітая. У В'етнаме толькі з 1960 да 1980 г. ў правінцыях Ха Шон Бінь, Куанг Да і Бінь Фу і наваколлях Ханоя было створана 6 змеегадавальнікаў агульнай плошчай 5,5 тыс. м2, у якіх займаюцца развядзеннем азіяцкай кобры і іншых відаў змей. Змеегадавальнікі пастаўляюць фармакамбінатам «букеты» - камплекты, у якія ўваходзяць па аднаму экзэмпляру кобры, крайта і велікавокага полаза. Напрыклад, толькі адзін кааператыўны змеегадавальнік Вінь Шон у правінцыі Бінь Фу штогод прадае дзяржаве ад 3 да 5 тысяч такіх «букетаў» . У адрозненне ад в'етнамскіх змеегадавальнікі Кітая і Японіі ў большай ступені з'арыентаваны на пастаўку змей для прадпрыемстваў грамадскага харчавання і рэстаранаў. У рэстаранах Японіі і Кітая кліентам даецца магчымасць самім выбіраць жывёл у тэрарыумах, якімі бы яны хацелі паласавацца. У краінах СНГ пакуль што не існуе прадпрыемстваў, якія б выконвалі функцыі змеегадавальнікаў, хоць неабходнасць у іх арганізацыі вельмі вялікая. Акрамя вышэй апісаных функцый яны маглі б мець вельмі вялікае прыродаахоўнае значэнне і садзейнічаць аднаўленню такіх каштоўных прамысловых відаў, як сярэднеазіяцкая кобра (занесена ў Чырвоную кнігу МСАП), каўказская, насатая, малаазіяцкая гадзюкі, полазы велікавокі, леапардавы і іншыя жывёлы, якія занесены ў Чырвоную кнігу былога СССР.