Метамарфоз, працэс глыбокага марфалагічнага і фізіялагічнага пераўтварэння арганізма, у выніку якога лічынкі ператвараюцца ў дарослую жывёліну. Уласцівы для большасці беспазваночных, сярод пазваночных ярка праяўляецца толькі ў амфібій, у меншай ступені ў кругларотых і некаторых рыб. Мае прыстасавальнае значэнне звычайна пры рэзкай змене спосабу жыцця (напрыклад, пры пераходзе ад воднага да наземнага). У жыццёвым цыкле жывёл, якія развіваюцца з метамарфозам, бывае хоць адна лічынкавая стадыя, на якой арганізм істотна адрозніваецца ад дарослай жывёлы. У найбольшай ступені такое адрозненне характэрна для апалонікаў. Некаторыя аўтары разглядаюць метамарфоз амфібій як увесь працэс развіцця ад моманту апладнення ікрынкі да трансфармацыі ікрынкі ў жабу. Аднак, як правіла, метамарфозам называюць менавіта пераўтварэнне лічынкі ў дарослую асобіну з пераходам да наземнага спосабу жыцця. У апалонікаў гэта суправаджаецца некрабіёзам - хуткім разбурэннем лічынкавых органаў са значным відазмяненнем знешняга аблічча жывёліны. Прыкладна на 20-25-ы дзень у лічынак з'яўляюцца зачаткі канечнасцей. Заднія ў выглядзе бугаркоў можна бачыць, а пярэднія скрыты пад жабравымі крышкамі. Да гэтага часу знікаюць вонкавыя жабры, і лічынкі пераходзяць на дыханне ўнутранымі жабрамі. Хутка пачынаюць развівацца лёгкія. Пераўтвараецца крывяносная сістэма. Фармуюцца мезанефрычныя ныркі, змяняецца ўвесь шкілет лічынкі. На апошніх стадыях лічынкавага развіцця пачынаюць працаваць лёгкія, прарываюцца наверх пярэднія канечнасці, знікае лічынкавы ротавы аппарат. У самы апошні момант лічынкавага развіцця рассысаецца хвост і апалонік ператвараецца ў маленькае жабяня. Метамарфоз хвастатых земнаводных знешне мала прыкметны. Ён называецца эвалюцыйным. Лічынка хвастатых пачынае карміцца самастойна ўжо на другі дзень пасля вылуплівання з ікрынкі. Праз 2-3 тыдні ў яе з'яўляюцца спачатку пярэднія, а потым заднія канечнасці. На працягу ўсяго лічынкавага развіцця захоўваюцца жабры. Паступова развіваюцца лёгкія, змяншаюцца і знікаюць жабры, перабудоўваецца крывяносная сістэма. У некаторых відаў хвастатых земнаводных лічынка ніколі не пераўтвараецца ў дарослую жывёліну. У яе з'яўляюцца палавыя органы, і яна пачынае размнажацца. Гэта з'ява называецца неатэніяй. Ёсць такія групы земнаводных (сірэнавыя, пратэі, амфіумы), у якіх у ходзе эвалюцыі зусім знікла дарослая фаза развіцця.