Наземныя амфібіі і рэптыліі. Паводле тыпу арганізацыі і руху да наземных форм з пэўнай ступенню ўмоўнасці адносяць з амфібій амаль усіх прадстаўнікоў атрада бясхвостых - жаб (акрамя зялёных), рапух, часночніцу. На зямлі гэтыя амфібіі перамяшчаюцца скачкамі (жабы) або поўзаюць, ходзяць ці бегаюць, перастаўляючы пярэднія і заднія канечнасці (рапухі). У відаў, якія вядуць толькі наземны спосаб жыцця, скура рагавее, выпарэнне з паверхні цела змяншаецца і залежнасць арганізма ад вільготнасці навакольнага асяроддзя зніжаецца. Да сухапутных земнаводных адносяцца амаль усе рапухі, якія выпараюць з паверхні цела ў 2 разы менш вады, чым, напрыклад, зялёныя жабы. Некаторыя сухапутныя земнаводныя закопваюцца ў зямлю (часночніца звычайная) і праводзяць там значную частку часу. Амаль усе амфібіі гарачы час сутак знаходзяцца ва ўкрыццях. Аднак усе без выключэння амфібіі, якія трапляюцца ў Беларусі, перыяд размнажэння і пачатак свайго жыцця праводзяць у вадзе. Рэптыліі цалкам парвалі сувязь з водным асяроддзем. Яны маюць усе рысы вышэйшых наземных пазваночных - амніётаў. У сувязі з рухомым спосабам жыцця ўсе іх органы маюць больш дасканалую будову. У першую чаргу гэта датычыць лёгкіх, што цалкам забяспечваюць тканкі і органы жывёл кіслародам. Сярод рэптылій ёсць прадстаўнікі, якія ў другі раз прыстасаваліся да жыцця ў вадзе, але і яны дыхаюць толькі атмасферным кіслародам, перыядычна падымаючыся да паверхні воды (водныя формы змей, чарапах і інш.). Усе рэптыліі, што трапляюцца ў Беларусі (за выключэннем балотнай чарапахі), вядуць наземны спосаб жыцця.