Нераст, працэс адкладкі ікры (яек) земнаводнымі. Адрозніваюць нераставанне аднаразовае (адкладка ікры на працягу некалькі дзён або тыдняў, напрыклад, у вастрамордай і травяной жаб, часночніцы звычайнай) і парцыённае (ікра адкладваецца порцыямі з перарывамі ад некалькіх дзён да некалькіх тыдняў - жарлянка чырванабрухая, трытон звычайны). Пачатак нераставання ў земнаводных - гэта звычайна іх рэакцыя на пэўны раздражняльнік. Тэмпература паветра ў каляглебавых слаях для земнаводных рэгулюе працэсы размнажэння. Нераст у некаторых папуляцый земнаводных Беларусі пачынаецца пры дасягненні дзённай тэмпературы ад 9-12°C (травяная і вастрамордая жабы, шэрая рапуха) да 16-17°C (азёрная жаба, зялёная рапуха). Аднак ва ўмовах меліяраваных ландшафтаў тэрміны размнажэння некаторых відаў амфібій (вастрамордая жаба, напрыклад) могуць затрымлівацца на 3-5 дзён у параўнанні з натуральнымі вадаёмамі. Амфібіі выбіраюць для нерасту мелкаводныя (вастрамордая і травяная жабы, напрыклад, 0,3-0,5 м, азёрная жаба да 1,2 м), добра прагрэтыя сонцам водмелі вадаёмаў, парослыя расліннасцю (расліны асноўны субстрат, неабходны для прымацавання ікры), старыцы рэк, ціхія затокі ручаёў, азёр, сажалкі, канавы, часовыя лужыны на прасеках, палянах, узлесках, абочынах дарог. Нераставанне вастрамордай, травяной, сажалкавай і азёрнай жаб, жарлянкі чырванабрухай паспяхова адбываецца і ў штучных вадаёмах.