Пайкілатэрмныя жывёлы (халаднакроўныя жывёлы), жывёлы з пераменлівай тэмпературай цела, якая мяняецца пад уплывам тэмпературы навакольнага асяроддзя і звычайна роўная ёй або на 1-2°C вышэйшая. Да іх адносяцца ўсе жывёлы, за выключэннем птушак і млекакормячых. Тэмпература цела пайкілатэрмных жывёл можа значна павышацца пры рэзкім павелічэнні рухальнай актыўнасці. Большасць амфібій і рэптылій актыўныя толькі на працягу перыяду аптымальных тэмператур. У выпадку павышэння або паніжэння тэмпературы асяроддзя за межы оптымуму яны дранцвеюць (звычайны стан ў час зімоўкі) або гінуць. У выпадку павышэння тэмператур у межах оптымуму ў многіх рэптылій павышаецца ўзровень абмену рэчываў, паскараецца працэс стрававання, узрастае актыўнасць. Таму ва ўмовах Беларусі рэптыліі больш актыўныя ў яснае сонечнае надвор'е і выбіраюцца для адпачынку ў найбольш прагрэтыя сонцам месцы. Пайкілатэрмія абумоўлена недасканаласцю тэрмарэгуляцыі арганізма, якая звязана з нізкімі ў гэтых жывёл агульнай арганізацыяй і ўзроўнем абмену рэчываў, які ў іх у 20-30 разоў ніжэйшы, чым у цеплакроўных жывёл.