Рэгенерацыя, аднаўленне арганізмам страчаных або пашкоджаных органаў і тканак. У жывёл вылучаюць рэгенерацыю рэпаратыўную (утварэнне новых структур замест выдаленых або загінуўшых у выніку пашкоджання) і фізіялагічную (утварэнне структур замест страчаных у працэсе нармальнай жыццядзейнасці, напрыклад, узнаўленне клетак крыві і некаторых эпітэліяльных тканак). Сярод амфібій рэпаратыўная рэгенерацыя ў большай ступені выяўлена ў хвастатых. Так, у дарослых трытонаў здольныя аднаўляцца вока, частка страчанага хваста, адарваны палец або канечнасць. Рэгенерацыя можа ажыццяўляцца за кошт ужо дыферэнцыраваных клетак. Так, крышталік у трытонаў рэгенеруе з зыходных клетак радужнай абалонкі вока, а сятчатка з клетак пігментнага эпітэлію. У лічынак бясхвостых амфібій механічна пашкоджаныя хвасты дастаткова хутка аднаўляцца, у дарослых жаб і рапух рэгенерацыя працякае значна горш, канечнасці ў іх наогул не аднаўляцца. Аднак вядомы выпадак, калі жарлянка амаль поўнасцю страціла вока, але праз некаторы час яно аднавілася. У лічынак амерыканскіх амбістомаў (аксалотляў) у вадзе, якая мае солі жалеза, разбураюцца пальцы, а пры доўгім знаходжанні ў такой вадзе і самі канечнасці. Калі такую жывёлу перасадзіць у чыстую ваду, то лапы паступова аднаўляцца, але пальцы пры гэтым набываюць пачварную форму. Палец можа мець два або тры разгалінаванні, патаўшчэнне на канцы, могуць вырасці дадатковыя пальцы і нават з'явіцца вырасты на галёнцы або перадплеччы. Для рэптылій з'ява рэгенерацыі менш вядома, чым для амфібій. Сярод рэптылій Беларусі яна ўласціва яшчаркам, якія здольныя аднавіць хвост пасля аўтатаміі.

Паведаміць пра недакладнасьць