Цыклічнасць, біялагічнае прыстасаванне да месцаў пражывання ва ўмовах зменлівага асяроддзя, якое кампенсуе морфафізіялагічную недасканаласць амфібій і рэптылій як наземных жыхароў, праяўляецца ў перыядычнай змене іх актыўнасці ва ўмовах зменлівай у розныя поры года і ў розны час сутак тэмпературы, вільготнасці і кормнасці. Адрозніваюць сезонную цыклічнасць (змена жыццёвых фаз, якая паўтараецца штогод - зімоўка, веснавое абуджэнне, размнажэнне, летняе харчаванне, асеннія канцэнтрацыі ў месцах зімоўкі) і сутачную (змену перыядаў спакою і актыўнасці на працягу сутак). Сезонная цыклічнасць відаспецыфічная паводле тэрмінаў і працягласці. Найбольшую працягласць актыўнасці ў Беларусі маюць бурыя жабы і гадзюка. Пры вывучэнні сезоннай цыклічнасці вясной адзначаюць першае з'яўленне асобін і тэрміны масавага выхаду. Пасля нераставання земнаводныя пакідаюць вадаёмы і мігрыруюць на летнія кармавыя ўчасткі. З паніжэннем тэмпературы ў жніўні пачынаецца падрыхтоўка да зімоўкі. Яшчаркі бываюць актыўнымі з пачатку красавіка да верасня. Восенню першымі адыходзяць на зімоўку дарослыя і непалаваспелыя асобіны, а пазней - сяголеткі. Гэта тлумачыцца характарам назапашвання тлушчавых рэчываў на перыяд зімоўкі. Трэба адзначыць, што ў паўднёвых раёнах перыяд актыўнасці на 1-2 тыдні большы, чым у паўночных. Характар сезоннай актыўнасці вызначаецца і спецыфічнымі ўмовамі мікраклімату. Напрыклад, на паўднёвых схілах узгоркаў яшчаркі з'яўляюцца раней і маюць больш працяглы перыяд сезоннай актыўнасці.

Сутачная цыклічнасць зменлівая ў розныя поры года: вясной у час размнажэння жабы актыўныя на працягу сутак, а летам назіраецца мона- і паліфазная актыўнасць; гадзюка вясной і восенню актыўная днём, летам - у прыцемках. Сутачная цыклічнасць вызначаецца комплексам біятычных і абіятычных фактараў. Асноўнымі з'яўляюцца тэмпература, вільготнасць і працягласць светлавога дня. Так, пры 7°C назіраецца няпоўная, і пры 29°C - поўная актыўнасць порсткай яшчаркі. Пры тэмпературы больш за 40°C адбываецца цеплавое здранцвенне гэтага віду. Аптымальная адносная вільготнасць паветра для гэтага віду ад 60% да 90%. Акрамя таго, сутачная цыклічнасць абумоўлена працягласцю светлавога дня і сонечнай радыяцыяй. Так, для порсткай яшчаркі дзённую актыўнасць вызначае не толькі тэмпература паветра, а сонечная радыяцыя і цеплавое выпраменьванне грунту.

Паведаміць пра недакладнасьць