Шлюбныя паводзіны, асаблівы тып паводзін, які назіраецца ў шлюбны перыяд. Вясной у перыяд размнажэння самцы некаторых відаў амфібій і рэптылій маюць найбольш яркую шлюбную афарбоўку. Паміж імі нярэдка адбываюцца сутыкненні за валоданне самкай і кантраляванне лепшай тэрыторыі. Самцы шэрай рапухі і бурых жаб звычайна паяўляюцца каля вадаёмаў размнажэння крыху раней за самак. Павольна рухаючыся ў бок якой-небудзь лужыны або канавы, яны ствараюць нібыта жывую сетку, у якой «заблытваюцца» самкі, што больш хутка рухаюцца ў тым жа напрамку. Пры гэтым самцы выдаюць гукі, якія чымсьці нагадваюць ціхі хрыплы піск. Дастаткова аднаму з самцоў заўважыць самку, як ён адразу ж імкнецца з ёй спаравацца. Самка пры гэтым падае гукі, якія нагадваюць кудахтанне, пакракванне або буркатанне. Гэтыя гукі, відаць, могуць з'яўляцца сігналам для іншых самцоў, якія знаходзяцца побач, і яны таксама імкнуцца да самкі. Бываюць выпадкі, калі ўтвараецца клубок, у якім на адну самку прыпадае іншы раз да дзесяці самцоў. Самцы адчайна адштурхоўваюць адзін аднаго заднімі лапамі, чапляюцца пярэднімі за самку, а часцей адзін за аднаго. Толькі дзякуючы намаганням самкі, якая нярэдка значна большых памераў, чым самец, увесь гэты клубок рухаецца ў бок вадаёма. Такія клубкі могуць утварацца і непасрэдна ў вадаёмах. Праз некаторы час найбольш слабыя адстаюць, і на самцы застаецца толькі адзін самец, моцна абхапіўшы яе пярэднімі лапамі крыху ніжэй за пояс пярэдніх канечнасцей. Трымае ён яе так моцна, што іншы раз лягчэй паламаць яму косці, чым адарваць ад самкі. Але часцей за ўсё на шляху да вадаёмаў і ў вадаёмах атрымоўваюцца нармальныя пары. Пара паводзіць сябе ціха, відаць, каб цяпер ужо не прыцягваць увагу астатніх. Самец перыядычна робіць рухі, якія стымулююць самку да адкладвання ікры. Аднераставаўшы самка пакідае вадаём, самцы ж застаюцца і прымаюць удзел у канцэртах, могуць зноў спароўвацца.

Калі ў шэрай рапухі і бурых жаб самец часта становіцца ўладальнікам самкі ў выніку барацьбы, то ў зялёных жаб істотнае значэнне маюць тэрытарыяльныя паводзіны. Звычайна адзін самец падбірае найбольш зручны ўчастак і пачынае гучна крычаць. Самцоў з суседніх тэрыторый або мігрантаў ён праганяе. Прышэлец перамагае толькі ў тым выпадку, калі ён аказваецца значна мацнейшым за гаспадара. Аднак вакол уладальніка зручнага месца, як правіла, размяшчаюцца яшчэ некалькі самцоў. У канчатковым выніку ствараецца нярэдка вялікае скопішча самцоў, якія моцна спяваюць, раздзімаюць свае рэзанатары па баках рота. Яны моўчкі перахопліваюць самак, якія ідуць на голас самца-дамінанта.

У самцоў трытонаў існуе цэлы рытуал «заляцання» да самак. Кожная поза гэтага своеасаблівага танца мае сваё прызначэнне. Самец выгінае спіну, нібыта падскоквае на месцы, кружыць вакол самкі, выгінаючы хвост уздоўж тулава і робіць ім гайдальныя рухі. Увесь гэты рытуал заканчваецца тым, што самец адкладвае сперматафоры, адзін з якіх самка захоплівае краямі клаакі, пасля чаго адбываецца апладненне.

Яшчаркі маюць асаблівы рытуал запрашэння да спароўвання. Самец часта дэманструе сваю шлюбную афарбоўку, якая ў гэты перыяд бывае найбольш яркай. Калі самка не гатова да спароўвання, яна абараняецца, раскрывае пашчу, ківае галавой. Такую самку самец пакідае ў спакоі. Калі ж самка гатова да спароўвання, то яна спыняецца, хутка выгінаючы хвост. Самец раздзімае горла, дэманструючы шлюбную афарбоўку, потым хапае яе за хвост і, паступова перахопліваючы, прасоўваецца ўперад, пакуль не схопіць самку за бок. Затым ён рэзкім рухам выгінае сваё цела так, што іх клаакі супадаюць і адбываецца капуляцыя. У самкі на баках надоўга застаюцца шрамы ў выглядзе ражка ад яго сківіц.

Самцы змей у перыяд спароўвання адшукваюць самку па паху следу. У тых месцах, дзе адбываецца спароўванне змей, іншы раз збіраецца шмат асобін, якія ўтвараюць клубкі. Самцы гадзюкі ў перыяд шлюбных турніраў узнімаюць над зямлёй тулава, размяшчаюцца адзін супраць аднаго і пачынаюць выконваць серыю пагойдванняў, ваганняў, паднімаюць і апускаюць галаву, іншы раз пераплятаючы свае целы. Як правіла, адзін з сапернікаў не вытрымлівае і адпаўзае. Перад спароўваннем самец і самка пераплятаюць свае целы, пасля чаго адбываецца капуляцыя. У мядзянак пры спароўванні целы не пераплятаюцца, змеі размяшчаюцца паралельна адзна да адной.

Паведаміць пра недакладнасьць