Экалагічная роля амфібій і рэптылій. Вызначаецца пераважна іх становішчам у харчовых ланцугах і такім чынам у трансфармацыі арганічнага рэчыва. Лічыцца вельмі істотнай, а для шэрагу экасістэм першаступеннай. Земнаводныя і паўзуны Беларусі асвоілі практычна ўсе тыпы прыродных і антрапагенных біягеацэнозаў. Яны з'яўляюцца драпежнікамі і ўтрымліваюць на пэўным узроўні колькасць і разнастайнасць расліннаедных беспазваночных (насякомых і лічынак, малюскаў і інш.) і некаторых пазваночных (мышападобных грызуноў) і не дазваляюць ім празмерна размнажацца. Гэтым яны разам з пэўнымі групамі млекакормячых і птушак прадухіляюць пазагранічнае знішчэнне раслінных кампанентаў жывой прыроды. Так, у ельніках, дубровах і алешніках, якія складаюць каля чвэрці лясных пасадак краіны, толькі жабы за кошт сваёй вялікай колькасці (200-6000 асобін на 1 га) знішчаюць у асенне-летні перыяд значна большую колькасць беспазваночных, чым птушкі (160-1200 г/га штосутачна супраць 130-220). Вядома, што роля жывёл у эканоміцы прыроды вызначаецца не столькі іх колькасцю, колькі біямасай, якая характарызуе энергетычную ёмістасць арганічнага рэчыва, што трансфармуецца, або экалагічную валюту, як вобразна называў энергію, што назапашваецца жывымі арганізмамі, вядомы эколаг Ю. Одум. Біямаса амфібій можа дасягаць да 10-14 кг/га, рэптылій - да 2-4. У многіх біягеацэнозах амфібіі і рэптыліі выступаюць як дамінуючая група па назапашванні біямасы сярод наземных пазваночных жывёл. У гэтай сувязі вельмі значнай з'яўляецца роля амфібій і рэптылій як кармавых аб'ектаў для іншых жывёл. Для 180 відаў млекакормячых, птушак і рыб амфібіі і рэптыліі з'яўляюцца асноўным, дадатковым або замяшчальным кормам. Сярод іх нямала прамысловых відаў (куніца, ласка, гарнастай, тхор, ліс, янотападобны сабака, норка, выдра, вадаплаваючая і баравая дзічына, акунь, мянтуз, судак, шчупак і іншыя). Амфібіі і рэптыліі з'яўляюцца кормам для шэрагу відаў жывёл, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі (барсук, чырвоны каршун, змеяед, беркут, арлан-белахвост, сапсан, чорны бусел і іншыя). Апалонікі паядаюць вялікую колькасць фітапланктону і водарасцей-абрастальнікаў, спрыяюць ачышчэнню вады, што ў многіх выпадках прадухіляе «цвіценне» вадаёмаў. Акрамя таго, мала вывучана іх роля ў павышэнні ўрадлівасці глеб: лічынкі актыўна паядаюць сіне-зялёныя водарасці, якім уласціва рэдка для раслінных арганізмаў здольнасць паглынаць і звязваць свабодны азот з паветра, пры заканчэнні развіцця выносяць азотныя злучэнні на сушу. Так, пад Менскам з 1 га паверхні невялікіх вадаёмаў, у якіх адбываецца размнажэнне амфібій, толькі сяголетак аднаго віду (травяная жаба) выходзіць 115-295 тысяч, што складае 28,7-108,9 кг біямасы. Значэнне амфібій і рэптылій патрэбна таксама ўлічваць і пры вызначэнні паразіталагічнай сітуацыі з пункту погляду выяўлення ролі амфібій і рэптылій як гаспадароў-карміцеляў пераносчыкаў захворванняў жывёл і чалавека (клешчавога энцэфаліту, тулярэміі, гомаспарыдый і інш.).