Крыж (польск. krzyż ад чэш. križ ад стар.-в.-ням. kruzi), сімвал і прадмет культу хрысціянства, сімвал пакут (страсцей) Хрыста. Выявы К. (скульптурныя, жывапісныя на сценах пячор, графічныя на косці, кераміцы) вядомы з часоў першабытнага грамадства. Звычайна ў выявах укрыжавання ўверсе К. змяшчаецца таблічка з літарамі INRI, якія чытаюцца: Iesus Nasareus Rex Iudaeorum - Ісус Назарэцкі, цар Юдэйскі; унізе - касая перакладзіна (suppedaneum) для ног. Афіцыйнае шанаванне К. у хрысціянстве ўводзіцца з 4 ст. Вядомы наступныя тыпы хрысціянскага К.: 1. Грэчаскі раўнаплечны. 2. Лацінскі з падоўжаным ніжнім канцом. 3. Антонаў падобны на той, на якім укрыжавалі разбойнікаў адначасова з Хрыстом. 4. Андрэеўскі. 5. Пятроў, на якім, па паданні, укрыжавалі Апостала Пятра «сгрымгалоў», ці галавой уніз. 6. Вільчаты. 7. Латарынгскі двайны К. 8. К. з вушкамі - старажытны эгіпецкі сімвал жыцця. 9. Папскі К., тры перакладзіны якога азначаюць спалучэнне свецкай, царкоўнай і духоўнай улады. 10. Канстанцінаўскі, які з'яўляецца манаграмай Хрыста (X і P - першыя дзве літары яго імя). 11. Расейскі праваслаўны. 12. Шматразовы К., мае на канцах па маленькаму крыжыку. 13. Кастыльны. 14. Якарны. 15. Іерусалімскі К. - сімвал святога горада. 16. Мальційскі.

Паведаміць пра недакладнасьць