акрамя, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. акрамя выражае аб'ектныя адносіны.

1. Ужываецца пры ўказанні на асобу, прадмет або з'яву, за выключэннем якіх, не лічачы якіх, апрача якіх што-н. існуе ці адбываецца. У пакоі нікога не было, акрамя старой (Э.Самуйлёнак). Ёсць пахвалы, якія для разумнага чалавека горш за разгром, бо ён адчувае, што аб яго працы больш нічога нельга сказаць, акрамя агульных слоў - «добра», «варта ўвагі», «крок наперад», «уклад у навуку, літаратуру» (І.Шамякін).

2. Ужываецца пры ўказанні на асобу, прадмет або з'яву, у дадатак да якіх, звыш якіх што-н. існуе ці адбываецца. Акрамя «зайцавага хлеба», у бацькавай скрынцы бывае шмат якіх цікавых рэчаў (М.Лынькоў).

Акрамя таго (акрамя ўсяго іншага) (у знач. пабочн.) - да таго ж. Акрамя таго... [вучням] хацелася адчуваць сябе незалежнымі і сталымі, і яны не заўважылі, як зноў ператварыліся ў свавольных і смяшлівых дзяцей (І.Шамякін).
Акрамя як (у знач. прысл., без кіравання склонам) - за выключэннем, не лічачы. Нічога не заставалася, акрамя як сказаць.«Вы куды?» - «Куды ж, акрамя... А вы на спачын? Не ў час выбраліся. Самы час пачынаць вайну, а вы...» (І.Мележ).

Паведаміць пра недакладнасьць