апрача, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. апрача выражае аб'ектныя адносіны.

1. Ужываецца пры ўказанні на асобу, прадмет або з'яву, за выключэннем якіх, не лічачы якіх, акрамя якіх што-н. існуе ці адбываецца. Усе партызаны, апрача сакратара, былі знаёмыя людзі (І.Шамякін). Але, апрача цябе, мне няма з кім параіцца (С.Грахоўскі). Апрача нашай брыгады, [Сяргей] нікога больш не ведае (С.Грахоўскі). На вялікай прасторы не было відаць нікога, апрача цяляці, якое, заблытаўшы адну нагу ў вяроўку, шалёна скакала (К.Крапіва. Пераклад з А.Чэхава). Калі ж рэсурсы ўсе знікалі, звычайных сродкаў апрача, мы карысталіся рукамі і разумелі па вачах (А.Жаўрук).

2. Ужываецца пры ўказанні на асобу, прадмет або з'яву, у дадатак да якіх, звыш якіх што-н. існуе ці адбываецца. На папялішчы, апрача печы, тырчалі шкілеты абгарэлых жалезных ложкаў (А.Якімовіч).

3. У знач. прысл. За выключэннем, не лічачы. «Хто гэта «яны»?» - «Ну, Даніла з сынам. Апрача больш няма каму» (К.Крапіва).

Апрача таго (у знач. пабочн.) - акрамя таго, да таго ж.
Апрача як (у знач. прысл., без кіравання склонам) - за выключэннем, не лічачы. Іншага ратунку не было, апрача як схавацца.

Паведаміць пра недакладнасьць