дзеля, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. дзеля выражае мэтавыя і прычынныя адносіны.

I. МЭТАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, для якіх, у інтарэсах якіх робіцца, ажыццяўляецца што-н. Дзеля госця Марта напякла скавародку сала, і ўсе мачалі ў яго бульбу і елі ўрачыста, па-святочнаму (Я.Брыль). «Будзе тое, што будзе». - «Мала што будзе, што будзе! Гэта кепская ўцеха. Бо ўсё пайшло намарна, што я ўжо зрабіла дзеля мае ж будучыні» (К.Чорны). Дзеля пашырэння і прызнання беларускай літаратуры пісьменнік зрабіў вельмі шмат (С.Майхровіч).

2. Ужываецца пры абазначэнні мэты дзеяння. [Мікуць зразумеў], што ёй Мікалай патрэбен дзеля паўнаты яе шчасця, каб жыць радасна, па-чалавецку (К.Чорны). Цяпер вось рэдка тут яны [мядзведзі], - згубілі войны ды аблавы, - тады ж па вёсках цыганы вадзілі іх дзеля забавы (К.Крапіва). Народ жадзён, бо жыве ў сціску, гатоў у вочы сыпнуць прыску, зрабіць зумыслу дзеля здзеку, не, не ўнаровіш чалавеку! (Я.Колас).

II. ПРЫЧЫННЫЯ АДНОСІНЫ.

3. Устар. Ужываецца пры ўказанні на прычыну або падставу дзеяння. Падыхаўшы зранку, вецер сціх зусім; і здавалася, што ён сціх не дзеля таго, што так трэба, а сумыслу, на злосць усім тым сілам, якім таксама належала не даваць у здзек гарачыні зусім распараную зямлю і ўсё яе стварэнне (Я.Колас). З тых пор Тарас ужо не ходзіць так дужа рана па лясах, а дзеля гэтага не шкодзіць бярвенне красці па начах («Тарас на Парнасе»). Аднак дзеля таго, што людзі яе не разумеюць і, наогул, людзі - стварэнні грэшныя, недастойныя яе ўвагі і дабраты, яна ўсю сваю дабрату і клопаты аддае не ім (З.Бядуля). [Юльцы] вельмі смачна рабіць тое, чаго няможна. Маці мае дзеля гэтага вялікія клопаты (М.Лынькоў).

Паведаміць пра недакладнасьць