з, прыназ. з Р., В. і Т. Спалучэнне з прыназ. з выражае прасторавыя, часавыя, прычынныя, акалічнасныя, мэтавыя, азначальныя, колькасныя, аб'ектныя, абмежавальныя адносіны, адносіны сумеснасці і ўласцівасці.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. з Р. Ужываецца пры абазначэнні месца, прасторы, адкуль пачынаецца рух, дзеянне. Выйсці з хаты. Ісці з лесу.Адолеўшы клімат суровы, квітнелі густыя сады, і людзі адважнага роду выходзілі з шахт і са штолен, у скарбніцу маці-радзімы прыносілі працы плады (А.Звонак). Прыходзілі сяляне з навакольных вёсак са сваімі неадкладнымі справамі (М.Лынькоў). З зарасніку на ўзгорак успаўзала фурманка (П.Галавач).
| З геаграфічнымі назвамі. Прыслаць пісьмо з Урала. Прыехаць з Украіны.А ветры спяваюць чужынцам хаўтуры, ім некуды дзецца ад грозных байцоў, што йдуць з Украіны, Сібіры, Амура (П.Броўка).
| З назоўнікамі, якія абазначаюць месца, сферу дзейнасці. Прыехаць з камандзіроўкі. Вывесці з акружэння. Прыйсці з заняткаў.Мы напішам у тыл, каб вярталіся з эвакуацыі: просіць дом, каб хутчэй засялілі яго жыхары (А.Куляшоў).
// У спалучэнні з прыназ. на, у і паўтораным назоўнікам (ці блізкім да яго па сэнсу). Пераносіць з месца на месца. Пераязджаць з горада ў горад. Пераскокваць з купіны на купіну.Хутчэй каня яны нясуцца з агню ў агонь і праз агонь (М.Чарот).
| У некаторых устойлівых выразах: з боку на бок, з вока на вока, з пустога ў парожняе, з рук у рукі і інш. З вуснаў у вусны перадавалася страшнае слова - бандыты (Я.Скрыган). Ля дзвярэй пераміналіся з нагі на нагу чырвонаармейцы (М.Лынькоў).
// У спалучэнні з прыназ. да (з - да) ужываецца пры абазначэнні пачатковага і канцавога пунктаў распаўсюджвання дзеяння, стану, якасці або ўласцівасці. З краю да краю. З лугу да поля.Стары салдат сурова акінуў поглядам Лабановіча, змераў з ног да галавы (Я.Колас). З Ладагі да самае Анегі чутны перамовы тапароў (П.Броўка).
// Ужываецца пры абазначэнні месца, дзе знаходзіцца дзеючая асоба або прадмет і з якога што-н. чуваць, відаць. Гаварыць з трыбуны. Выглядаць з акна.«Зайдзі ў хату!» - крыкнуў з ложка Патаповіч (А.Кулакоўскі).
// Ужываецца пры абазначэнні месца або напрамку (адносна каго-, чаго-н.), дзе хто-, што-н. знаходзіцца. З аднаго боку дарогі стаяў рэдкі хвойнік, з другога - кусты ядлоўцу, а далей - арэшнік (Я.Колас).
// Ужываецца пры абазначэнні боку або напрамку, з якога дзеянне накіроўваецца на прадмет. Удар з тылу.Акно з двара не было завешана (І.Шамякін). Не з таго канца ты бярэшся за справу (М.Лынькоў).
// Са словамі бок, пазіцыя, пункт погляду і пад. ужываецца пры абазначэнні накіраванасці чыіх-н. поглядаў, адносін да каго-н., чаго-н. З вашага пункту погляду. З пазіцый перадавой навукі.Свой прысуд над існуючым грамадскім ладам і падтрымку светлых пачаткаў жыцця пісьменнік ажыццяўляў з пазіцый народнасці (В.Каваленка).
// Ужываецца пры абазначэнні прадмета або месца, з паверхні якога або ад якога што-н. аддзяляецца, знімаецца. Зняць паліто з плеч. Сарваць грушу з дрэва. Звярнуць з дарожкі.Ганна здымала накіп з вады (І.Мележ). Загадкавая ўсмешка даўно сышла з начальніцкага твару (М.Лынькоў).
| З назоўнікамі, якія абазначаюць сферу дзейнасці, заняткаў. Зняць з уліку. Звольніць з пасады.
| У некаторых устойлівых выразах: збіцца з ног, зваліцца з неба, спусціць з вока, сарвацца з прывязі, збіць з толку, збіцца з тону, сысці з рук і пад.

2. з Р. Ужываецца пры абазначэнні месца выяўлення якой-н. прыметы, якасці. Прыгожы з твару.Ганна і з натуры, і з усяго аблічча была вельмі непадобная да сваёй маладзейшай сястры (К.Чорны).

3. з Т. Ужываецца пры абазначэнні сумежнасці, блізкасці чаго-н. з кім-, чым-н. у прасторы. Там, у падсуседзях з бусламі і вераб'і, шпакі вядуцца... (Я.Колас). Параўнялася Палікарпаўна з дваром сваёй напарніцы Маланні і не ўтрымалася, заглянула ў акно (А.Кулакоўскі).

II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

4. з Р. Ужываецца пры абазначэнні часу, які з'яўляецца пачатковым момантам у развіцці якога-н. дзеяння, стану або ва ўзнікненні якой-н. якасці, уласцівасці. Каня яшчэ з досвітку павёў пасвіць знарок наняты хлапец (Ц.Гартны). Хто з маладосці працуе, той на старасці не шкадуе (прыказка). Свежае з начы паветра напаўнялася цеплынёю (Э.Самуйлёнак). Яшчэ з вясны, ў час перабору, сюды прывезлі пчол калоду (Я.Колас).
| У некаторых устойлівых спалучэннях: з таго часу, з той пары і пад. І з той хвіліны я афіцыйна пачаў лічыцца камандзірам гэтага атрада (К.Чорны).
// У спалучэнні з прыназоўнікамі да і па (з - да, з - па) ужываецца пры абазначэнні адрэзка часу, у межах якога працякае дзеянне або стан. Лён палола з ранніх рос да вячэрняе зары (Я.Купала). З цямна да цямна былі калгасныя коні ў рабоце (К.Чорны). І з таго часу па сягоння мне сонцам свеціць Наднямонне (Я.Колас).
// У спалучэнні з прыназоўнікам на (з - на) ужываецца пры абазначэнні адрэзка часу паміж двума днямі, датамі, у межах якога працякае дзеянне або што-н. адбываецца. З суботы на нядзелю выпаў снег. Ноччу з пятага на шостае прыехаў брат.
// У спалучэнні з прыназоўнікам на (з - на) у складзе некаторых устойлівых выразаў ужываецца пры абазначэнні нявызначанага, але блізкага часу здзяйснення чаго-н. Чакаць з дня на дзень. З хвіліны на хвіліну.Мы ляжым у лазняках і чакаем з хвіліны на хвіліну, калі скажуць нам: «Па два ў рад, на пантоны» (М.Лынькоў).
// Разам з прыназоўнікам у (з - у) у некаторых устойлівых выразах ужываецца пры абазначэнні бесперапыннасці або перыядычнасці дзеяння. З дня ў дзень. З веку ў век.З году ў год у доўгія зімовыя вечары збіраюцца ў іх [у Ладыніных] суседзі (І.Шамякін).

5. з Т. Ужываецца пры абазначэнні часу або падзеі, з надыходам якіх адбываецца якое-н. дзеянне, узнікае які-н. стан. З надыходам вясны прырода ажывае. □ Каб не цягнуцца у сяло, да працы ўстань з зарою (М.Танк). З сонцам уздзірайся з пасцелі, а лажыся спаць блізка не ў поўнач... (Ц.Гартны). Маленства маё скончылася з пераездам у Альбуць (М.Лужанін).
// Ужываецца пры абазначэнні рада паслядоўных момантаў, па меры надыходу якіх разгортваецца якое-н. дзеянне. Гэтая радасць расла з кожным крокам, з кожным пройдзеным кіламетрам (М.Лынькоў). Рэчка мялела з кожным годам на вачах у людзей (І.Шамякін). Замілаванасць яго [Марціна] да дзяцей з гадамі яшчэ больш вырастала (К.Чорны). А сэрца з кожным днём заве мацней к разбураным сядзібам і валокам (Я.Колас).
| У некаторых устойлівых спалучэннях: з часам, з цягам часу і пад.

III. ПРЫЧЫННЫЯ АДНОСІНЫ.

6. з Р. Ужываецца пры абазначэнні прычыны якога-н. дзеяння або стану. Заспяваць з радасці. Заплакаць з гора.З крыку ён [Сымон] зусім ахрып (Я.Колас). Машкара, што збожжа ела, з маразоў падохла (К.Крапіва). Ёй, мусіць, не спалася дома, або яна ўстала досвіткам з празмернай руплівасці (К.Чорны).
| У некаторых устойлівых спалучэннях: ні з таго ні з сяго і пад.

7. з Р. і Т. Ужываецца пры абазначэнні падставы для якога-н. дзеяння або стану. З дазволу бацькоў. З пашанай да заслуг.Толеў Сівы стаяў пад паветкай адзін і, з ласкі дзядькі Антося, грэўся аўсом (Я.Брыль). З ведама Букрэя ладзіцца дзед Талаш у свой паход к Доўгаму Броду (Я.Колас). Каля крамы Максіма спынілі мужчыны, што стаялі там, павіншавалі з прыездам (І.Шамякін).

IV. АКАЛІЧНАСНЫЯ АДНОСІНЫ.

8. з Р. Ужываецца пры ўказанні на спосаб ажыццяўлення дзеяння. Прадаваць з рук. Біць з пляча. Страляць з калена. Пісаць з вялікай літары.Тут у глыбу ўдарыў конь з чатырох падкоў (М.Танк). Наляцеў калючы ураган, біў у твар, хвастаў з налёту ў вочы, - быццам апалчылася пурга у саюзе з чарнатою ночы (А.Звонак).
| У некаторых устойлівых выразах: з усёй сілы, з усіх ног, біць з размаху і пад.
// З колькасным словам пры кіруемым назоўніку ўжываецца пры абазначэнні абставін, неабходных або дастатковых для ажыццяўлення чаго-н. Папасці ў мішэнь з першага стрэлу. Захмялець з адной чаркі. Закахацца з першага погляду.

9. з Т. Ужываецца пры абазначэнні дзеяння або стану, якія адбываюцца адначасова з асноўным дзеяннем і характарызуюць яго. Слухаць з усмешкай. Чакаць з нецярпеннем.З трывогай з дарогі бяжыць цішыня ад гулкага поступу спелага дня (А.Александровіч). Ўгары над хвойнікам зялёным снуюцца пчолкі з ціхім звонам (Я.Колас). Маці стаяла пасярод хаты і з замілаваннем глядзела на сына (І.Шамякін).
// Ужываецца пры характарыстыцы спосабу дзеяння. Працаваць з натхненнем. Званіць з перапынкамі.Стук паўтарыўся з большай сілаю і настойлівасцю (Я.Колас). Стары з натугаю разагнуў паясніцу і падышоў да печы (А.Кулакоўскі). Вайсковыя часці адыходзілі па дарогах з боем (М.Лынькоў).

10. з Т. Ужываецца пры абазначэнні сродку, з дапамогай якога ажыццяўляецца дзеянне. Адправіць пакет з пасыльным. Змагацца са зброяй у руках.Уставай, мама, самавар стаў, бацька едзе з пасажырскім (М.Лынькоў).

11. з Т. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, які з'яўляецца паказчыкам паўнаты ахопу дзеяннем каго-, чаго-н. Вырваць з коранем.Укрыўшыся з галавою ад камароў, ён [Васіль] толькі прыкідваўся, што спіць (І.Мележ). Бура ломіць дубы і бярозы-сталеткі, выварочвае хвоі з карэннем (М.Чарот).

V. МЭТАВЫЯ АДНОСІНЫ.

12. з Т. Ужываецца пры абазначэнні мэты дзеяння. Звярнуцца з просьбай. Паслаць з даручэннем.Дарвідошка пайшоў у бок стайні з рапартам (Я.Колас). Зося ўжо на золку адышла апошні раз ад акна і лягла з намерам, каб заснуць (Ц.Гартны).

VI. АЗНАЧАЛЬНЫЯ АДНОСІНЫ.

13. з Р. Ужываецца пры характарыстыцы каго-, чаго-н. з боку паходжання, узнікнення і пад. Дакладчык з горада. Рыбакі з Нарачы.Зайшоў аднаго разу да іх нейкі начальнік з дэпо (М.Лынькоў).
| У некаторых устойлівых выразах: з чужога пляча, бандыт з вялікай дарогі і інш.
// Ужываецца пры абазначэнні цэлага, састаўной часткай якога з'яўляецца прадмет, названы кіруючым назоўнікам. Кола з машыны. Шнурок з чаравіка. Патрон з абоймы.

14. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета або асобы, якіх нагадвае па велічыні другі прадмет або асоба. Зерне з фасоліну. Воз з гару.Сама зямля без гною тлуста, і надта родзіцца капуста: з вядро галоўкі вырастаюць, з трох коп кадушку накладаюць! (Я.Колас). Няхай сабе гаспадар з лапаць, абы за ім не плакаць (прыказка).

15. з Т. Ужываецца пры характарыстыцы пастаяннай ці часовай знешняй прыметы або ўнутранай якасці каго-, чаго-н. Жанчына з моднай завіўкай. Чалавек з розумам. Дом з чарапічным дахам. Дзіця з музыкальнымі здольнасцямі.Букрэй - чалавек з багатай ваеннаю практыкаю (Я.Колас). У Марыі светлыя мяккія валасы, і апранута яна ў белую з блакітнымі палоскамі сукенку (А.Кулакоўскі).

16. з Т. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, які знаходзіцца ў другім прадмеце ці належыць яму і гэтым самым характарызуе яго. Кошык з ягадамі. Вядро з вадой. Паліто з адарваным гузікам.Побач ляжала яго торбачка з раструшчаным пад салдацкім ботам пеналам (М.Лынькоў). Худая кабылка цягнула мокры невад і цэбар з рыбай (Я.Колас). У баку ад іх вазы з сенам, з саломай, з кулямі (П.Галавач).

17. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, які знаходзіцца ў якім-н. становішчы або стане. Гісторыя з пісьмом. Аварыя з самалётам.Пажар з цыстэрнамі нарабіў багата клопатаў Вейсу (М.Лынькоў).

VII. КОЛЬКАСНЫЯ АДНОСІНЫ.

18. з Р. Ужываецца пры абазначэнні колькасці асоб або прадметаў, якія складаюць якую-н. сукупнасць, аб'яднанне і пад. Сям'я з чатырох чалавек. Група з дзесяці вучняў.У ясны веснавы дзянёк Анцыпік і Лабановіч ехалі ў сялянскай каламажцы на хутар з трох ці чатырох двароў (Я.Колас). Зайграў самадзейны аркестр з гармоніка, трох балалаек, мандаліны, дзвюх гітар (І.Дуброўскі).

19. з В. Ужываецца для абазначэння прыблізнай меры часу, прасторы, вагі і пад. Пабыць з месяц. Прайсці з кіламетр.Яшчэ пастаяў з хвіліну і паволі рушыў у бок свайго дома (Я.Колас). А вось ворнай жа зямелькі дзесяцін ты маеш з восем (К.Крапіва). Прывезлі плужок на аднаго каня, з дзесятак кашоў (А.Кулакоўскі).
| У некаторых устойлівых спалучэннях: чорта з два і інш. Ліха з два з-за начальства паспіш (І.Шамякін).

20. з Р. Са словамі досыць, хопіць, мала і пад. ужываецца пры абазначэнні асобы, якая з'яўляецца крытэрыем меры, дастатковасці чаго-н. З мяне даволі. З яго ўсё мала.Няхай выгрызе рагуля ўсю траву, што тут ёсць, хопіць з яе (А.Кулакоўскі). Людзі проста падумалі: «Годзе з нас паданняў, зашмат іх было» (А.Куляшоў).

21. з Т. Ужываецца пры абазначэнні дадатковай колькасці чаго-н. Двое сутак з паловай. Аддаць доўг з працэнтамі.
| У складзе некаторых выразаў: з гакам, з прысыпкай і пад. □ Было яму [Талашу] тады гадоў семдзесят з хвосцікам (Я.Колас).

VIII. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

22. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, паняцця, на якія накіравана дзеянне. Справіцца з заданнем. Скончыць з сяўбой. Сабрацца з думкамі.Чалавек чуў запытанне, але марудзіў з адказам (М.Лынькоў). На хвіліну прыціх, каб сабрацца з сіламі (М.Лынькоў).

23. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, да якіх устанаўліваюцца якія-н. адносіны іншай асобы або прадмета (падабенства, адрозненне, далучэнне, аддаленне і пад.). Зверыць копію з арыгіналам. Пазнаёміць з прыяцелем. Наладзіць сувязь з брыгадай. Разлучыцца з сям'ёй.Хіба можна раўняць мяне з такім чалавекам! (Я.Колас).
| Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія ўзаемадзейнічаюць з іншай асобай або прадметам. Бачыцца з роднымі. Сустракацца з людзьмі.Пан з панам б'ецца, а ў мужыка лоб трашчыць (прыказка). Тут верх асіны круглалісты сплятаўся з хвоямі, з дубамі (Я.Колас).
| У выразах знаёміцца з кім-н., ажаніцца з кім-н. і пад.

24. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія маюцца ў каго-н. у момант дзеяння. Ісці з кашом. Сядзець з дзіцем на руках.Антось да воза адвінуўся і зараз з торбаю вярнуўся (Я.Колас). Стары пакут усіх не знёс, уцёк у лес з сякерай вострай (М.Чарот).
| У некаторых устойлівых спалучэннях: разам з тым, ні з чым, застацца з носам і інш.
// Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, наяўнасць, прысутнасць якіх з'яўляецца прычынай якога-н. стану, з'явы. З такім сябрам не прападзём.І з вудай дзядзька шчасце мае: язёў занадзіць і кілзае (Я.Колас). Я ж быў рад новаму чалавеку, бо мне іншы раз было сумнавата з Нямком (А.Кулакоўскі).

25. з Р. Ужываецца пры абазначэнні матэрыялу, з якога зроблена што-н. Хата была зроблена з тоўстых, чыста пагабляваных бярвенняў (І.Шамякін). А няма на свеце лепшых падушак, як з гусінага пуху і пер'я (К.Чорны).

26. з Р. Ужываецца пры абазначэнні якога-н. прадмета, месца, сховішча, з якога бярэцца, выпадае, выдаляецца што-н. Рыгор дастаў з кішэні капейку і падаў яе хлапчуку (Ц.Гартны). Закіпела ў печы, і бяжыць з чыгунка на гарачую чарэнь вада (П.Галавач). Панасу памог выбрацца з астрога польскі салдат, што стаяў там на варце (Я.Колас). Работа валіцца з рук (прыказка).

27. з Р. Ужываецца пры абазначэнні крыніцы, адкуль што-н. бярэцца, паходзіць. Цытата з кнігі. Арыя з оперы.З далейшай гутаркі высветлілася, што Ганну Карлаўну мае на воку і станавы прыстаў (Я.Колас). Чаго варты быў толькі эпіграф з Ламаносава, дзе на моцнай і абаяльнай мове даўно мінулага гаварылася аб ахове лясоў (Я.Брыль). Нібыта здані з далёкай казкі з'явіліся яны перад намі (М.Лынькоў).

28. з Р. Ужываецца пры абазначэнні асяроддзя, групы, адкуль хто-н. паходзіць. Ён з сялянскай сям'і.Пайшла яна замуж толькі выбіўшыся з падлеткаў (К.Чорны). Выйшлі ўсе мы з народа, дзеці заводаў і сёл (А.Куляшоў).
// Ужываецца пры ўказанні на прыналежнасць асобы або прадмета да якой-н. групы, катэгорыі па ўласцівасці або прымеце. Адным словам, здабытак не з вялікіх (М.Лынькоў). Задача была не з лёгкіх (Ц.Гартны).

29. з Р. Ужываецца пры абазначэнні якой-н. сукупнасці, адкуль бярэцца, вылучаецца якая-н. частка. Ці знаў хто, братцы, з вас Тараса? («Тарас на Парнасе»). Сёе-тое з харчоў паклаў, узважыў на руку - у самы раз як занесці (М.Лынькоў). Адна з жанчын разгарнула невялікі пакунак, паказвае другім (П.Галавач). Можна было б расказаць пра кожнага з гэтых людзей (К.Чорны).

30. з Р. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія змяняюцца, робяцца якасна іншымі. З іскры разгарыцца полымя.Жыві ж, красуйся горад стольны, з руін да славы уставай! (П.Глебка). І ноч тады - з цёмнай карэльскай ночы - робіцца казачнай ноччу (М.Лынькоў). З мухі рабіць слана (прымаўка).

31. з Р. Ужываецца пры абазначэнні стану, які парушаецца, перапыняецца (звычайна з дзеясловамі выводзіць, выходзіць, выбівацца і пад.). Выбіцца з сіл. Выходзіць з сябе.Нішто не выбівае Васіля з цяперашняй жорсткай безуважнасці (І.Мележ). Кожная новая змена ў абставінах, ці яна добрая, ці благая, выводзіць чалавека з абвыклай раўнавагі (Я.Колас).

32. з Р. Ужываецца пры абазначэнні асобы, з'явы, прадмета або часткі прадмета, з якіх пачынае развівацца дзеянне, стан (звычайна з дзеясловамі пачаць, пачынаць, пачацца, пачынацца і пад.). Пачаць з сябе. Дзень пачынаўся з абходу палат.А нам варта было б з зялёнага дрэва, як з лёгкай рукі, і пачынаць адраджэнне свайго калгаса (А.Кулакоўскі).

33. з Р. Ужываецца пры абазначэнні асобы, з якой што-н. спаганяецца, утрымліваецца і пад. З яго спагналі штраф.Ладымер Стальмаховіч, стоячы ў дзвярах, зняў як бы сяброўскі допыт з Сымона Мікуця (К.Чорны). З авец мне карысці няма, як калісьці (К.Крапіва). Наедку як з рака (прымаўка).
// Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія служаць адзінкай разліку пры атрыманні, зборы чаго-н. Па дзесяць капеек з чалавека.Ужо ў мінулую восень ён [Захар] сабраў у сярэднім па трынаццаць цэнтнераў пшаніцы з гектара (А.Кулакоўскі).

34. з Р. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія служаць узорам для пераймання, капіравання і пад. Зняць копію з пасведчання. Перазняць з фотакарткі. Пераклад з польскай мовы. Браць прыклад са старэйшых.Не грэх і здымак зрабіць з яго, аддаць потым знаёмым карэспандэнтам (М.Лынькоў).

35. з Р. З дзеясловамі смяяцца, жартаваць, кпіць, здзекавацца, дзівіцца і пад. ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, у адносінах да якіх праяўляецца якое-н. пачуццё. З каго кпіла, смяялася, таму сама дасталася (нар.). Пасмяяўся чыгун з катла (прымаўка). Хто не бачыў вялікага, з малога дзівіцца (прыказка).

IX. АБМЕЖАВАЛЬНЫЯ АДНОСІНЫ.

36. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, у адносінах да якіх выяўляецца падабенства або агульнасць у чым-н. У мяне з ім няма нічога агульнага.Старшыня сельсавета адных год з Полазам, але нізкі і рухавы (І.Шамякін).

X. АДНОСІНЫ СУМЕСНАСЦІ.

37. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія сумесна з другой асобай або прадметам удзельнічаюць у якім-н. дзеянні або суправаджаюць іншую асобу, прадмет. Сцяжынкаю хлопец з дзяўчынай ідзе (М.Танк). Дубовы ліст, і хрэн, і кроп кладуць з гуркамі ў кадкі (А.Вялюгін).
// Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія разам з іншымі асобамі і прадметамі ўваходзяць у склад чаго-н. Нас з вамі дзесяць чалавек.

XI. АДНОСІНЫ ЎЛАСЦІВАСЦІ.

38. з Т. З дзеясловамі быць, адбывацца, здарацца і пад. ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія знаходзяцца ў пэўным стане, з якімі што-н. адбываецца. У словах настаўніка Антаніна Міхайлаўна адчула ноткі нейкай непрыемнасці, што здарылася з ім у дарозе (Я.Колас). Нешта муліла бок, няёмка было з рукой - садніла яна, паколвала (М.Лынькоў). Ганна па яго насцярожанасці, па голасе яго здагадалася, што было з ім [Васілём] (І.Мележ).

Паведаміць пра недакладнасьць