каля, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. каля выражае прасторавыя, аб'ектныя адносіны і адносіны прыблізнасці.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца пры абазначэнні прасторавай блізкасці; побач, паблізу каго- ці чаго-н. Бярозы стаялі каля дарогі. Рэчка цякла каля агародаў. Было завозна каля млына. Працаваў каля станка. Садок каля хаты.Брыгада сабралася каля апошняга вагона (С.Грахоўскі). Двары каля хат застаўлены драбінамі, паабрасталі дрэвамі; малыя сады каля іх паціху абсыпаюць жоўтым лісцем стрэхі гумен (К.Чорны). Яшчэ ўчора ластаўкі былі, а ўжо сёння пуста каля дома (А.Астрэйка).
// Вакол каго- ці чаго-н. Абышоў каля хаты. Лопнуў абруч каля дзежачкі.Каля яе [калектывізацыі] згуртаваны ўсе думкі, пачуцці і разрахункі практычнага сялянскага розуму (Я.Колас). Маці каля дачок увесь час круцілася (П.Галавач).

II. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

2. Размоўн. і абл. Ужываецца пры ўказанні на аб'ект, да якога сцвярджаюцца якія-н. адносіны, дачыненне, пачуццё. Смяяцца каля п'яніцы. Пажывіцца каля чужой бяды.Сорамна мне, бо сягоння дзень працы і ўсе клапоцяцца каля яе (М.Багдановіч). Ты рад, што каля цябе стараюцца ўсялякія гады і падхлебнікі (К.Чорны). Смейся каля сваёй жонкі (Чарнышэвіч). Каля пана смяяліся (дыялектн.).

III. АДНОСІНЫ ПРЫБЛІЗНАСЦІ.

3. Ужываецца пры абазначэнні недакладнай, прыблізнай меры чаго-н. (звычайна: некалькі менш якой-н. меры). Да вёскі каля кіламетра. Дубу каля ста гадоў. Вагой каля шасці пудоў. Наліць каля двух вёдзер.Пад сельскагаспадарчымі ўгоддзямі каля 32% тэрыторыі (БелСЭ). Ужо каля двух гадзін кіпеў бой у пасёлку (І.Мележ).
// Ужываецца ва ўстойлівых выразах пры ўказанні на пэўны тэрмін, да якога падышоў ці падыходзіць час. Было каля поўначы. Устаў каля паловы дзевятай.Час каля купалля (Я.Купала). Каля поўдня выглянула сонца (Я.Брыль). Каля таго самага часу, раз увечары, Скуратовічаў пастушок Міхалка Тварыцкі слаўся ў кухні спаць (К.Чорны).

Паведаміць пра недакладнасьць