між, прыназ. з Р. і Т. (абл. - і з В.). Спалучэнне з прыназ. між выражае прасторавыя, часавыя і аб'ектныя адносіны.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. з Р. або Т. Ужываецца пры ўказанні на прадметы, пасярод якіх або ў прамежку паміж якімі што-н. знаходзіцца, адбываецца. Дарога між поля і лесу. Хатка між двух дубоў. Між высокіх берагоў каціліся хвалі. Між домам і вуліцаю цвілі вяргіні. Адлегласць між слядамі.Спасцярожліва ідуць Нупрэй і дзед Талаш праз лес, прабіраюцца праз зараснікі балот, праходзяць бязлюдныя паляны між лесу і балот (Я.Колас). Імчым між пнёў, між купін (А.Куляшоў). Між скал віюцца горныя арлы (П.Трус). Будынак сельсавета стаяў воддаль ад вёскі, між старым садам і поплавам (І.Шамякін). Глядзіш ты на мяне так, як бы нас з табою раздзяляе каменная сцяна, а ніякай сцяны між намі няма (К.Чорны).
// Ужываецца пры ўказанні на групу прадметаў ці асоб, сярод якіх што-н. знаходзіцца, адбываецца. Ехалі між сосен і дубоў. Сачыўся золак між прысад. Між яблыкамі і грушамі ў сподку ляжалі чарэшні. Куст бэзу між кветкамі.Быў час - стаіўшыся знямела між пустак, пушчаў і балот, ты ў занядбанні быў, народ (Я.Колас). Сяджу між кніг, чарніл, паперы (Я.Колас). Між ліп, газонаў, святлафораў, з палону стройных камяніц машына рвецца на прасторы лясных цішынь, азёр, крыніц (А.Звонак). Месяц чоўнам плавае між хмар (К.Буйло). Там мірна спалі на старых імхах між купін партызаны (А.Куляшоў). Я жыць пачаў і вывучаць майстэрства ў варожым свеце, між людзей, скупых на ласку, на параду (М.Танк). Шум між каласамі, ды яны не чуюць, неўзабаве, днямі сход склікаць мяркуюць (П.Броўка). Маркотна між чужымі (Я.Колас).
// Ужываецца пры ўказанні на сферу, асяроддзе, у якім што-н. знаходзіцца, адбываецца. Сяло ляжыць між пяскоў. Ягаднік між імхамі.Разгарайся хутчэй, мой агонь, між імглы (М.Багдановіч). Ходзіць гоман між збажынкі, мілы і шчаслівы (Я.Колас). Між глыбокіх снягоў, дзе лес глуха шуміць, ціхі дом леснікоў адзінока стаіць (Я.Колас). Па восені, мядзяны, дужы, між хмурай стыні ён [дубовы ліст] гарыць (П.Броўка). Сівавусы, згорблены, я залёг між цінай (М.Багдановіч).

2. з В. Абл. Ужываецца пры ўказанні на прадмет ці асобу, побач з якімі, каля якіх што-н. рухаецца, размяшчаецца, адбываецца. Ісці між хату. Стаялі між бераг ракі.Іх праводзілі вачыма чуць не з кожнае хаты, між якую яны праходзілі (Ц.Гартны). Праязджаў між іх палосу, але нікога не прыкмеціў (Ц.Гартны). А кудою пойдзем: між граніцу ці лесам? (Ц.Гартны). Між ложак вялі дзверы ў пакой, што займаў Павал (Ц.Гартны).

II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

3. з Т. (абл. - і з Р.). Ужываецца пры ўказанні на пачатковы і канцовы моманты, якімі адмяжоўваецца пэўны прамежак часу, пэўны перыяд. Перыяд між 1917 і 1941 гадамі. Два дні між святамі. Між лета і восені.Быў час між лета і вясны (А.Куляшоў).
// Ужываецца пры ўказанні на з'явы, падзеі, у прамежку ці ў перапынку паміж якімі што-н. адбываецца. Перапынкі між заняткамі. Перадышка між працы. □ Колькі год між баямі ён памарыў пра гэта (П.Броўка). Між работаю ён падбег да мяне... (К.Чорны).

III. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

4. з Т. або Р. Ужываецца пры ўказанні на групу прадметаў або асоб, у асяроддзі якіх наглядаюцца ўзаемасувязі, узаемаадносіны, узаемадзеянне. Дружба між народамі. Спрэчка між сяброў.Лепшая тады была адчулася блізасць між вяскоўцамі і рабочымі (К.Чорны). Шчырая дружба між намі раскрыла пяшчоты твае (М.Хведаровіч). Пачыналіся між намі спрэчкі (А.Куляшоў). Не будзе, не будзе тады вайны, калатні між людзей (Я.Купала).

5. з Т. або Р. Служыць пры ўказанні на супастаўленне якіх-н. прадметаў, асоб, з'яў. У сацыялістычным грамадстве сціраецца адрозненне між горадам і вёскай.І я, між усімі баец радавы, таксама да помніка шчыра іду (К.Кірэенка). Ён бачыў жорсткую супярэчлівасць між воляю некаторых людзей і вымаганнямі гістарычнай неабходнасці (Ц.Гартны).

6. з Т. або Р. Служыць для абазначэння якой-н. групы прадметаў або асоб, у межах якой адбываецца размеркаванне, падзел чаго-н. Раздзяліць падручнікі між вучнямі. Размеркаваць між дзяцей.Між іншымі кабетамі Марта ясна адлічыла Сымоніху (Ц.Гартны). У верхавінах лесу журботна шумеў вецер, расцярушваючы між галін і на галінах дрэў бялюсенькую снежную сець (Я.Колас).

Між сабою (сабой) - аб групе з дзвюх ці болей асоб, прадметаў. Ціха перагаворваліся між сабою жанчыны (М.Лынькоў). Згодна ў полі ўдоўж дарогі каляінкі ўюцца, ды ніколі між сабою яны не сальюцца (Я.Колас). Што корні дуба, нашы лёсы перапляліся між сабой (А.Александровіч).
Між намі (між намі кажучы) - аб чым-н., што не варта перадаваць іншым; аб якім-н. сакрэце. І стары смела сказаў: «Дык нашы хлопцы, між намі кажучы, узялі і падпалілі маёнтак» (К.Чорны). Учора, між намі кажучы, быў я ля паліўнага склада (М.Капыловіч).
Між іншым - а) прысл. Не звяртаючы асаблівай увагі, мімаходам. Зрэшты, праца над родным загонам праходзіла неяк між іншым, прыхваткам (Я.Брыль). б) пабочнае спалучэнне. Дарэчы, к слову кажучы. Між іншым, ён мой зямляк. Алтайцы мы (Я.Васілёнак). Ёй прыйшлося, між іншым, быць «статуяй» (У.Ляўданскі. Пераклад з Тургенева).
Між тым - у той час, тым часам. А між тым работа йдзе (Я.Колас). А між тым запаветны дзень прыбліжаўся (А.Кулакоўскі). А між тым, я заўсёды ўспамінаў завод (В.Шыцік).
Між тым, як і між тым як (у знач. злучніка) - у той час як, тады як. Унізе, у кустах, ужо быў паўзмрок, між тым як на вершалінах трымаліся прамені сонца.
Між волі - незалежна ад волі, намеру. Цімохавы мыслі між волі снуюцца вакол Жыгуна (Я.Колас).

Паведаміць пра недакладнасьць