міма, прысл. У знач. прыназ. - з Р. (устар. і абл. - і з В.). Спалучэнне з прыназ. міма выражае прасторавыя адносіны: прыназ. указвае на прадмет, асобу, мінуючы якія, не спыняючыся, не затрымліваючыся каля якіх адбываецца рух. Фурманка праехала міма школы. Хлопчык прабег міма весніц.Абодва пачалі страляць па машыне, якая праскочыла міма іх, абдаўшы пылам (У.Паўлаў).
// перан. Не затрымліваючы ўвагі на якой-н. асобе, з'яве, факце. І мы не можам прайсці міма такога факта (І.Шамякін). Мая дапытлівасць не прайшла міма хітрай і ліслівай жанчыны (часопіс «Маладосць»). Міцкевіч не праходзіць міма паданняў і забабонаў (А.Лойка).
// Ва ўстойлівых выразах: прапусціць міма вушэй, ісці міма рук і пад. Усё ішло міма рук (Э.Самуйлёнак).
// Не ў тым напрамку, аднак блізка каля чаго-н. Страляць міма цэлі. Ліць міма шклянкі.Загурскі глядзеў у парог, міма маці (А.Асіпенка). А ў сад пашло дзве дарожкі, міма сад - адна (нар. песня). Ехаў я - міма сад, міма сад зялёны (Р.Шырма).
// Побліз, побач з кім-, чым-н. Кончыў дзед Андрэй свой паход-абход, міма дуба ідзе, разважае (Я.Колас). І тут толькі зразумелі людзі, якія сядзелі ў склепе, што яны вольныя цяпер, што наканаваная смерць прайшла міма іх, стараной (М.Лынькоў). Луг гэты цягнуўся міма Дубровы, міма палёў да вялікіх лясных абшараў (Г.Шчарбатаў).

Паведаміць пра недакладнасьць