I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.
1. з Т. Ужываецца пры абазначэнні размяшчэння, знаходжання каго- ці чаго-н. зверху, паверх каго- ці чаго-н. Туман сцелецца над дарогай. Зара запаліла агні над сусветам. Сцягі над горадам. Сцішна над возерам. □ Зоры далёкія, зоры бліскучыя ціха гараць над зямлёй (Я.Колас). Вось елачка тая над ціхай мясцінай, дзе Першага мая ён стрэўся з Хрысцінай (А.Куляшоў). Песня расла, шырылася, узнімалася вышэй і вышэй, над гумном, над садам, над цёмнаю сажалкай, над калодзежнымі журавамі (М.Лынькоў).
// Пры словах рака, возера, балота і пад. можа ўказваць і на размяшчэнне ў непасрэднай блізасці да таго, што названа залежным словам. Хатка над балотцам. Гарадок над Дзвіной. □ Шкода хаткі мне старэнькай з латанай страхою, што схілілася над Нёмнам горкай сіратою (Я.Колас). Каля млына над возерам устае, быццам белая воўна, пахучы туман... (З.Бядуля). Толькі тады будзе шчасце сапраўдным на свеце, калі над Меконгам, у джунглях, в'етнамскі мой брат сам для сябе будзе ў ціхай хаціне паліць камінок... (К.Кірэенка). Ой, не гніце, ветры, вербаў над ракою... (М.Танк).
// Ужываецца пры ўказанні на становішча ці акалічнасць, якія пануюць, ахопліваюць што-н. Раніца ярка зардзіць над зямлёй (Я.Купала). Над спахмурнелым Петраградам стаяла восень лістападам (Я.Купала). Ноч над светам панавала (Я.Колас). І сёння мы стаім над светам, як непахісная скала (Я.Колас). І часта роздараж іх быту над імі зляжа, як навала (Я.Колас). Не давайце гадам сілы над сабою распасцерць!.. (Я.Купала).
II. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.
2. з Т. Ужываецца пры абазначэнні адносін дзеяння да якіх-н. аб'ектаў, накіраванасць яго на што-н., засяроджанасць на чым-н. Працаваць над творам. Задумвацца над пытаннем. Сядзець над швейнай машынкай. □ А. Александровіч шмат працаваў і над творамі для маленькіх чытачоў (В.Бурносаў). Алёшка і Юрка адразу звесілі чубы над чарцяжом (С.Грахоўскі). Баяліся, каб не зрабіла яна чаго худога над сабой (М.Лынькоў). Усе нашы людзі не маюць ахвоты да таго, каб хто над душою крукам стаяў (К.Чорны).
// Ужываецца пры абазначэнні кіруючага становішча ў адносінах да каго- ці чаго-н. Улада над калектывам. Начальнік над усімі прадпрыемствамі раёна. □ Яна [Насцечка] спакойна і вытрымана працавала каля дошкі і ўзяла верх над ім [Сержам] (К.Чорны). Тварыў закон свой і свой суд над абяздоленым народам (Я.Купала). Не знаў улады над сабою апроч зямельнай той улады (Я.Колас).
3. з Т. Ужываецца пры абазначэнні праяўлення якога-н. пачуцця ў адносінах да каго- ці чаго-н. (са словамі: смяяцца, плакаць, галасіць, гараваць, здзекавацца і пад.). Не смейся над чужой бядой. Плакаць над утратай. Злітавацца над горам. □ Сумна вецер плакаць стане над будынкам мужыкоў (Я.Колас). Як прыходзіў Бандарэнка, а з ім Бандарыха, галасілі над дачушкай, галасілі сціха (Я.Купала).
III. АДНОСІНЫ МЕРЫ І СТУПЕНІ.
4. з Т. Размоўн. Ужываецца ва ўстойлівых спалучэннях для выражэння вышэйшай ступені чаго-н. Мароз над маразамі. □ Я - пралетар!.. Яшчэ учора раб пакутны - сягоння я зямлі ўладар і над царамі цар магутны (Я.Купала). А мілаванне - над царамі цар (Я.Купала).
5. з В. Абл. і ўстар. Ужываецца ва ўстойлівым выразе над меру пры ўказанні на перавышэнне меры дзеяння або прыметы. Працаваць над меру. Прыгожы над меру. □ Маці зямліца, і умалотамі хлеба над мерку не дасі звычайную! (Я.Лучына).
IV. КАМПАРАТЫЎНЫЯ АДНОСІНЫ.
6. з В. Размоўн. і абл. Ужываецца пры называнні аб'екта параўнання, супастаўлення. Над яе няма прыгажэйшай. Над усялякае параўнанне. □ Ой, няма ж, Купаліша, ды над нашага Яначка... (нар. песня).