наперакор, прысл. У знач. прыназ. - з Д. Спалучэнне з наперакор выражае ўступальныя адносіны: ужываецца пры назве асобы, прадмета або з'явы, насуперак якім, нягледзячы на якія што-н. адбываецца. І наперакор перашкодам стыхійную сілу зямлі на службу савецкім народам у моцныя рукі ўзялі (Я.Колас). Наперакор ліхой стыхіі, на гэтай згруджанай жарстве, узняўшы вежы залатыя, прыгожы горад расцвіце (П.Глебка). Ён абяцаў жаніцца на мне, хоць наперакор бацькам (П.Галавач). І ўсталі ў гомане лістоў наперакор вятрам... (П.Броўка). Максіма ў ваенна-марское вучылішча не прынялі і ён, наперакор жаданню бацькоў, на злосць усім паехаў у марскі тэхнікум (І.Шамякін). Ці бурны, швыдкі, як віхор, і моцны, зычны, нібы гром, жыцця старога скрутны злом ідзе табе наперакор? (Ц.Гартны). Як сонца, першыя ў паходзе, стыхіям злым наперакор, ішлі вы з песняй, як разводдзе, на штурмы скал і дзікіх гор (Я.Колас). Каб дарма не йшлі яму наперакор (Я.Купала). Застылі іхнія сляды, і ім наперакор - Рыён бушуе малады па скалах нашых гор (П.Броўка).