наўздагон, прысл. У знач. прыназ. - з Д. Спалучэнне з наўздагон выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры абазначэнні асобы ці прадмета, якія аддаляюцца і ўслед за якімі хто-, што-н. рухаецца, накіроўваецца, пасылаецца і пад. Мы перабеглі цераз дарогу, і Закрэўскі яшчэ раз стрэліў наўздагон тым двум (К.Чорны). «Куды кабылу пагнаў!?» - крыкнуў ён наўздагон Паліводскаму, але таго ўжо і не відаць было (К.Чорны). Мне наўздагон стралялі (К.Чорны). Ён і так мне наўздагон стрэліў, а мне страляць не было з чаго (К.Чорны). Палазок шпурнуў ім наўздагон яшчэ адну гранату, а сам кінуўся ў кусты (Я.Колас). «Пераначуй, заўтра нацямочку зойдзеш», - гукнуў яму наўздагон бацька (К.Чорны). Косця выскачыў на ганак і доўга глядзеў ёй [Наташы] наўздагон, аж пакуль яна не схавалася за хатамі (І.Шамякін). Дык імчыся жыццю наўздагон, недалёка ўскраіна гаю... (П.Глебка). Праўда, ён [Толік] амаль не чуў і тых стрэлаў, што грымелі яму наўздагон (Я.Брыль). Генадзь падняўся і шпарка пашыбаваў прэч. «Куды ж ты?» - кідае наўздагон яму Мікола (Я.Васілёнак).

Паведаміць пра недакладнасьць