нягледзячы на, спалуч. дзеепрысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з В. Спалучэнне з нягледзячы на выражае ўступальныя адносіны: указвае на ўмовы, не прымаючы пад увагу якія ці насуперак якім што-н. адбываецца, выяўляецца. Нягледзячы на гэта, устаў ён ранютка, асцярожна падняў галоўку, агледзеўся, прыслухаўся (Я.Колас). Нягледзячы на гарачыню, на ім была накінутая наапашкі жаўтаватая, злінялая, салдацкая целагрэйка (К.Чорны). Праўда, ён служыў не сумленна, але ж пенсію атрымліваюць усе служачыя, нягледзячы на тое, сумленны ён ці не (К.Крапіва). Не памятаючы сябе, ён падскочыў да цівуна, які, нягледзячы на такі дождж, ехаў побач з вазамі (З.Бядуля). Нягледзячы на сваю паўнату, рухалася яна жвава і неяк мякка, бясшумна (І.Шамякін). А размовы такія паміж імі заўсёды прыносілі плённыя вынікі, бо, нягледзячы на гэтыя частыя сутычкі, яны адносіліся адзін да аднаго з павагай, цанілі адзін аднаго ў рабоце (І.Шамякін). Але, нягледзячы на ўсё гэта, ён, як і многія армейскія старшыны, праклінаў сваю пасаду і рваўся ў бой, пад агонь, да гармат (І.Шамякін). Нягледзячы на трывожны час, рынак жыў сваім звычайным жыццём (А.Якімовіч). Прытым яна, нягледзячы на сваё сіроцтва, трымала сябе строга, амаль ганарліва... (У.Ляўданскі). Як гэта магло здарыцца так хутка, растлумачыць цяжка; тым больш цяжка, што да таго часу яна трымала сябе беззаганна, нягледзячы на мноства выпадкаў і замахаў здрадзіць сямейнай вернасці (У.Ляўданскі). Смех і жарты не сціхалі хвілін пяць, нягледзячы на самыя энергічныя захады Ніны Іванаўны супакоіць іх [дзяцей] (У.Краўчанка).