I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.
1. з М. (рэдка, як адхіленне ад літаратурнай нормы, - з Д. у адз. л.*) Ужываецца пры абазначэнні месца ці прадмета, уздоўж якога адбываецца рух або размяшчаецца хто-, што-н. Ісці па вуліцы. Ехаць па абочыне. Бегчы па сцежцы. Плыве па Свіслачы. Ходзіць па беражку. Прайшоў па калідорах. Снавацца па просеках. Пераганяць вагоны па рэйках. Хаты стаялі па беразе рэчкі. □ Па гладкай, як шкло, магістралі, дзе белыя ліпы цвітуць, нібыта блакітныя хвалі, машыны плывуць і плывуць (М.Хведаровіч). Па шляху цягнуліся фурманкі (П.Галавач). Па дарогах тых, па сцежках тых, па якіх ішла сяброў сям'я ўся, нёс цябе між даляў дарагіх і натхнёна плакаў і смяяўся (А.Куляшоў). Падышлі цягнікі, цягнікі загулі галасіста, і па розных шляхах павязлі жаніха і нявесту... (П.Панчанка). Бярвенчатыя пабудовы то гусціліся па нямігскіх берагах, то выстройваліся доўгім радам па Свіслачы (К.Чорны). На ўездзе ў маленькую вёску танкі праходзілі па невялікаму масту (І.Мележ). І глядзі, як перайшоўшы кручы, па шляху шырокаму ідзём (Ю.Лявонны).
// Пры абазначэнні прадмета, на паверхні якога адбываецца дзеянне або размяшчаецца хто-, што-н. Мурашкі поўзалі па бяросце. Вадзіў пальцам па карце. Павозка трасецца па карэнні. □ Потым лёгка па дрэвах, па шурпатай кары пройдуць справа налева і замоўкнуць вятры (П.Глебка). Сурвіла горадам паехаў паволі, каб не трэсла па бруку (К.Чорны). Ціхая думка блукае па твары сястры (К.Кірэенка). Натужліва гудзеў грузавік, коўзаючыся па слізкіх выбоінах (М.Лынькоў). А песня то расінкай блісне, то, як вяроўкаю тугой, жальбой раптоўна сэрца сцісне і па шчацэ збяжыць слязой (А.Вялюгін). А па пожнях трава, як віном налітая... (П.Броўка). Стары клён па ствалу аброс лістамі (Я.Брыль). Смылелі змораныя рукі, і цёк па целу ліпкі пот (А.Звонак).
// з Д. у адз. і М. у мн. л. Пры абазначэнні прадмета, паверхня якога з'яўляецца месцам выяўлення дзеяння. Разьба па дрэву. Пісаць чорным па беламу. □ Так мы стаялі перад разьбой па дрэву выдатнага скульптара Віта Ствоша (Я.Брыль). На двух слупах прымацаваны шчыт, на якім прыгожа - белым па чорнаму напісана... (Я.Брыль).
* Ужыванне формы Д. у адз. і М. у мн. л. з гэтым прыназоўнікам адзначаецца толькі пры залежных назоўніках; займеннікі ж заўсёды маюць форму М. Ва ўсіх выпадках, калі дапускаецца паралельнае ўжыванне Д. і М., на выбар адной з гэтых склонавых форм аказвае ўплыў і граматычная характарыстыка галоўнага (кіруючага) слова: пры дзеясловах ці аддзеяслоўных назоўніках часцей ужываецца М., а пры неаддзеяслоўных назоўніках і прыметніках - Д.
2. з М. (рэдка, як адхіленне ад літаратурнай нормы, - з Д. у адз. л.). Ужываецца пры абазначэнні месца, прасторы, у межах якіх адбываецца дзеянне. Ісці па полі. Рэчка цячэ па даліне. Хадзіў па палубе. Падарожжа па Беларусі. Вецер гуляе па пакоях. □ Мы ўтрох ішлі па полі, перасякаючы малады калгасны сад (Я.Скрыган). Мне здаваўся цяжкім яго шлях, босы, бег ён праз ямы, па халоднай зямлі, па лістах і па сэрцы маім таксама (А.Куляшоў). Па слаба асветленай плошчы вецер гнаў і кружыў апалае лісце, згінаў верхавіны маладых таполяў (С.Грахоўскі). З цягам часу ткачоўскае рамяство шырылася па ўсёй Случчыне (К.Чорны). Даставайце з вышак сані - гайда сцежкі праціраць і па белым акіяне ўздоўж і ўпоперак гуляць! (Я.Колас). Тою восенню рабочы па краіне ўсёй паўстаў (П.Броўка). Імчыць ён па светламу полю імкліва (А.Куляшоў). Ён адыходзіць ад акна і паволі шнуруе ад сцяны да сцяны па свайму пакойчыку (Я.Колас).
// Пры абазначэнні раду прадметаў ці паняццяў, у адносінах да якіх адбываецца дзеянне (з назоўнікамі ці займеннікамі ў мн. л.). Вандруюць па хатах. Пакласці лісты паперы па краях стала. Салдаты разышліся па вагонах □ Па гарадах і сёлах, далёкі наш зямляк, заможна і вясёла жыве твая сям'я (П.Глебка). Горда сталі плячыстыя гумны - усё лета забралі яны, і па хатах калгасных удумна падлічаюцца працадні (П.Броўка). Палахлівыя водбліскі полымя трапятліва прабягалі па тварах, па бліжэйшых дрэвах, згушчаючы вячэрні змрок над зямлёю, над лесам (М.Лынькоў). Так і ходзяць яны [Журавель і Чапля] ў сваты цэлы свой птушыны век, і стаяць іх воддаль хаты па канцах балот і рэк (М.Танк). Імчыць наш «газік». Па баках - з крыжамі танкі, лом усякі... (К.Крапіва). Твар накрылі хусцінкай і, каб вецер не здзімаў яе, палажылі па двух беражках яе дробных каменьчыкаў (М.Лынькоў). Старэйшая дзяўчынка Ніна змалку прывыкла хадзіць па заработках (П.Галавач).
3. з М. (радзей - з Д. у адз. і М. у мн. л.). Ужываецца пры абазначэнні кірунку (са значэннем: у напрамку чаго-н., прытрымліваючыся напрамку чаго-н.). Ісці па слядах. Уверх па ручаіне. Накіроўвацца па маршруту. □ Дзіцячы гоман і плёскат вады чуўся трохі далей, уверх па рэчцы (Я.Брыль). Проста па прысадах на захад ледзь туманіліся абрысы дробнага гарадка (К.Чорны). Не забудзецца краіна сына з бацькавых загонаў, па тваіх слядах-пуцінах вучняў выйдзе незлічона (П.Броўка). Смерць кацілася адтуль па жывому следу бомб, траншэй, варожых куль... (А.Куляшоў). Паехалі па маршруту, які нам прапанаваў генеральны сакратар таварыства, наш гід доктар Шастры (Я.Брыль). Справа па барту - Жыгулі (Я.Брыль). Шукаю выйсця на гасцінец па сонцу, кволай сіняве, дзе, як бягун істужку, рве крылаты вецер павуцінне (М.Губернатараў).
4. з В. (радзей - з М.). Ужываецца пры ўказанні на месца, дзе адбываецца дзеянне або што-н. знаходзіцца (месца вызначаецца шляхам указання на кірунак), са словамі: бок, старана, край, рука, пры якіх ёсць азначэнні той, гэты; адзін, другі; правы, левы; абодва. Дзеці гулялі па той бок дарогі. Хаты стаялі па абодва бакі вуліцы. Па правую руку (па правай руцэ) быў лес. □ Бацька быў у арміі, недзе па той бок фронта, і з першага дня вайны не было ад яго ніякай весткі (К.Чорны). Бабка ведала ўсіх будачнікаў па адзін і па другі бок раз'езду... (Я.Колас). Біркава хата стаяла непадалёку па другі бок вуліцы (Я.Колас). Па абодва бакі ляжала нядаўна ўзараная чорная зямля, і надта белымі і танюткімі здаваліся ствалы яблынь і вішань, пабеленыя вапнай (У.Караткевіч). У Маскоўшчыне, на край свету, па тым баку мора..! (Я.Купала). З самага краю вуліцы, па левым баку яе, стаяла пабудаваная і зусім яшчэ прыстойная хатка, з двух бакоў абсаджаная тоўстымі бярозамі і клянінамі, уперамешку з садовымі дзярэўцамі (Ц.Гартны). Па правай руцэ цягнуўся ельнік уперамешку з маладымі хвоямі, а з левага боку пачынаўся бярэзнік (Я.Колас).
5. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, які з'яўляецца прасторавай мяжой распаўсюджання чаго-н. Улезці ў ваду па пояс. Снег па калені. Калёсы вязнуць у пяску аж па ступіцу. □ Клуня блізка, і на сене можна добра адпачыць, чым вы мелі па калені гразь папоцемку мясіць (Я.Колас). Не дзяўчына - любасць адна. Асабліва ж каса па калені... (М.Лынькоў). Па самыя барты асеў карабель і ўсё глыбей і глыбей у ваду апускаецца (В.Лукін). Ужо лісце пад нагамі аж па забарсні шуміць (П.Броўка).
II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.
6. з В. Ужываецца пры абазначэнні часу ці тэрміну, непасрэдна да наступлення якога што-н. існуе, адбываецца. З вясны аж па сягонняшні дзень. Па век вякоў. □ Эх, час касьбы, вясёлы час! І я ім цешыўся не раз, і з таго часу па сягоння мне сонцам свеціць Наднямонне (Я.Колас). Веру дрэву, веру зверу, веру грому і дажджу... А каму па смерць не веру - ў бітве ворагу скажу (К.Кірэенка).
7. з М. Ужываецца пры абазначэнні з'явы, падзеі, тэрміну, пасля якіх што-н. адбываецца. З'явіцца па прыездзе ў сяло. Прыйшоў па захадзе сонца. Зробіш па абедзе. Па вясне пачынаецца лета. Пяць хвілін па восьмай. □ З Васілём Паўлавым, нядаўнім сваім прыяцелем, ён пазнаёміўся ў першы вечар па прыездзе сюды (У.Караткевіч). І нават па змярканні нагрэты за дзень моцным яшчэ сонцам камень грэе ў падэшву твае босыя ногі (К.Чорны). Мой міленькі прыйшоў ка мне па захадзе ўжо сонца, і ціха ў цёмнай цішыне пастукаўся ў аконца (Я.Купала). Улетку па паўдні была вельмі ж спёка (К.Чорны). Дзень добры, новая мясціна! Спаткай ты нас, як маці сына па часе доўгае разлукі... (Я.Колас). Па зіме вясна ўбірае твар зямлі, лясы, лугі... (Я.Колас). На дзесятыя угодкі варма вараць мёд салодкі, а па мёдзе - рукі ў бок ды у скокі крок у крок! (Я.Купала).
// Пры абазначэнні асобы: памяць па сабе, памяць па ім. Добрую памяць па сабе маладым пакінуў. Па ім застанецца светлая памяць. □ Цяпер, калі ўжо яго няма, калі па ім у мяне засталася светлая памяць, пасляваенныя пісьмы, некалькі фота і кніга з аўтографам, я, ужо даўно не юнак, дзякую добраму лёсу за гэтую незвычайную дружбу, што дзіўным, хвалюючым чынам, кажучы па-расейску, «приобщала» мяне да святла і мае душы (Я.Брыль).
// У выразах тыпу раз па разу, кропля па кроплі і пад. абазначае «адно ўслед за другім». Стукаюць спрытныя малаткі ды раз па разу пераліваюцца косы срэбным шорхатам мянташак (М.Лынькоў). Навуку трэба выкладаць па-навуковаму - кропля па кроплі, зразумела, дакладна (П.Пестрак). Шла вясна па вясне... (Я.Купала).
8. з М. Ужываецца пры абазначэнні з'явы, працэсу, прадмета, час існавання якіх канчаецца ў выніку якога-н. дзеяння. Вось і па дажджы! От табе і ўсё па ўсім. □ Адзін скубяне, другі скубяне, от табе і па ўсім. А сад штука далікатная (К.Чорны). Шчэзла доля, па забаве! Час вясёлы знік (Я.Купала).
9. з М. (рэдка - з Д. у адз. і М. у мн. л.). Ужываецца пры абазначэнні часу, калі адбываецца дзеянне. Сеяць проса па вясне. Трапаць лён па восені. □ Ён сек тайгу, паліў карчы старанна і проса ў лядах сеяў па вясне (А.Куляшоў). Па вясне зямлю ўзнялі экскаватары, рыдлёўкі, загулі і зажылі, заспявалі распрацоўкі (там жа). Горай, як па вясне, разлілася яна [рака] (А.Куляшоў). Шкадаваў боты па восені і мясіў па дварэ ў стаптаных лапцях (М.Лынькоў). Па восені, мядзяны, дужы, між хмурай стыні ён [дубовы ліст] гарыць... (П.Броўка). Да ў нашага пана да нядобрая слава: па месяцу жыта жалі, па зорам у копы клалі (нар. песня. Запіс Я.Чачота).
// перан. Пры ўказанні на з'яву або працэс, у час якіх што-н. адбываецца. Па дажджу не хадзі. Па дарозе [г.зн. у час, калі ідзеш па дарозе] раскажаш. □ Пад ліпкаю падажду, не пайду па дажджу (В.Вітка). А наўперад ён яшчэ па дарозе зойдзе ў тую вёску, дзе яго брат служыў летась (Я.Колас). Адпачыць па дарозе захочаш, адыдземся ў пушчу, буду сон твой захоўваць ахвоча, вачэй не заплюшчу (А.Куляшоў).
// з М. у мн. л. Пры ўказанні на час, калі адбываецца дзеянне, якое рэгулярна паўтараецца. Не спаць па начах. Хадзіць па вечарах. □ Пасуцца па начах заўсёды коні нашы з вясны да восені даволі-такі часу (К.Крапіва). І напэўна, я даўно сам быў бы ўжо з разбітым носам, бо хаджу па вечарох (К.Крапіва). Мне вядома, чаму ты не спіш па начах... (П.Броўка).
// з Д. у адз. л. На працягу пэўнага прамежку часу ці перыяду, які неаднаразова паўтараецца. Не прыходзіць па тыдню. Не палілі ў печы па году. □ Калі мне бывала весела, калі мне бывала радасна, я часта па цэламу месяцу твайго не знаходзіў адрасу (П.Панчанка). Шмат у нас гарадоў, шмат яшчэ паўзнімаецца - толькі ў кожным пожыць мне па году жадаецца (П.Броўка).
III. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.
10. з М. (радзей - з Д. у адз. і М. у мн. л.). Ужываецца пры абазначэнні прадмета, на які накіравана дзеянне (удар, дакрананне і пад.). Біць па вадзе. Ударыць па назе. Стукнуць па стале. Каплі дажджу барабанілі па шклу. Удар па ворагу. Пагладзіць па галоўцы. Чыркнуць па дроце. Правесці далонню па шчацэ. Слізгануць па хвалях. □ Б'юць пранікі цяжкія па вадзе, аж рэхам адклікаецца чарот (М.Танк). Гордыя замежныя салдаты, зорку запрыкмеціўшы маю, па панэлі грукаюць заўзята і з павагай чэсць нам аддаюць (П.Панчанка). Дажджы ўсю ноч бубняць па ржавым даху, ім дружна адгукаецца капеж (А.Звонак). Я не ведаю, чаму мне так уцешна, як зазвоніць восень меддзю па лістах (М.Васілёк). Ён пяшчотна пагладзіў мяне па шчацэ (З.Бядуля). Восень сядзіць і бродзіць доўга. Часамі мацней правядзе яна рукою па самотнай чараціне над вадой, над пеньчуком скошанага аеру (А.Чорны). Але неўзабаве артылерыйская стральба па горадзе павялічылася ўдвойчы (К.Чорны). Ішлі мы ў лес па асалоду. І вось - сякерай па ствалу (А.Вярцінскі). І толькі зоркай гук з гармоніка сарваўся і чыркнуў, як па шклу, па цішыні... (У.Карызна). Досвіткам першага верасня 1939 года лінкор «Шлезвіг-Гольштайн» з адлегласці чатырохсот метраў адкрыў агонь па «польскаму Берасцю» [г.зн. Вестарплята] (Я.Брыль).
11. з М. (а таксама з Д. у адз. і М. у мн. л.). Ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы, аб якіх сумуюць, тужаць, бядуюць, плачуць і пад. Сумаваць па вясне. Сум па дому. Зняўшы галаву, па валасах не плачуць. Уздыхаць па далёкай бацькаўшчыне. Туга па радзіме. Смуткаваць па леце. □ Усё нуджуся я па вёсцы роднай... (З.Бядуля). І доўга мой акопны спеў журыўся па айчыне (М.Сурначоў). Па сонцу і вясне душа засумавала... (Я.Колас). Па лету ў полі дні галосяць, і хмелем кветак брэдзяць ночы (У.Хадыка). Патрохі ў братоў Крушынскіх сум па дому перайшоў у новую элегічную форму (З.Бядуля). Па партызану будзе бедаваць і безуцешна горка слёзы ліць старая маці, а па казаку дзяўчына чарнабровая тужыць (М.Танк).
12. з М. (а таксама з Д. у адз. і М. у мн. л.). Ужываецца пры абазначэнні прадмета, прылады, інструмента, якія служаць сродкам ці пры дапамозе якіх утвараецца дзеянне. Размаўляць па тэлефоне. Званіць па аўтамату. Ісці па компасу. Перадаваць па радыё. Вывучаць па сваім падручніку. Назіраць час па гадзінніку. Дабіраўся параходам і па чыгунцы. □ Гаварылі-гарадзілі, што апоўначы Яхім па сцяне ўзлез на званіцу... (Я.Колас). Па драбінах на сена лезу, трапіў нібы на дачу (А.Куляшоў). Гаварыў па міжгароднім тэлефоне з сынам (Я.Брыль). Учора яшчэ даведаўся, жонка пазваніла па міжгародняму, што сябрава дачка папала на вуліцы пад машыну (там жа). З суседнім раёнам яшчэ можна гаварыць па тэлефону (М.Лынькоў). Жонка звоніць пасля па аўтамату, хваліцца... (Я.Брыль). Я многа ў газетах чытала пра вас, па радыё чула... вось і прыехала (С.Грахоўскі). Сёння ўрок гісторыі па тэлебачанню («Вожык»). Я ж гадзіннік з сабой захапіў, час па ім назіраю, бо шчасліўцам ніколі не быў, быць такім не жадаю (А.Куляшоў). Ішлі мы па высокім трыснягу і па балоце, часамі па калені ў вадзе, ноч, дзень і яшчэ адну ноч. Ніхто нічога не еў. Ішлі па компасу (А.Адамовіч, Я.Брыль, У. Калеснік).
13. з Д. у адз. і М. у мн. л. Ужываецца пры абазначэнні роду, галіны ці сферы якой-н. дзейнасці. Працаваць па прафсаюзнай лініі. Работа па стварэнню калектываў самадзейнасці. Камітэт па справах мастацтва. Урок па пісьму. Загад па дзіцячаму саду. Вядомы па перыядычнаму друку. □ Розныя неадкладныя справы набягалі і па райкомаўскай лініі (М.Лынькоў). У нас пачынаецца многа работы - па выяўленню рэзерваў вытворчасці, зніжэнню сабекошту... (Я.Скрыган). У шэрай цяцёркі па пісьму - пяцёркі (В.Вітка). Заданне па такому важнейшаму якаснаму паказчыку, як рост прадукцыйнасці працы, намечана выканаць да 25 снежня («Настаўніцкая газета»). Пісьменнік неаднаразова выступаў са змястоўнымі артыкуламі па пытаннях беларускай мовы (І.Кудраўцаў).
14. з Д. у адз. і М. у мн. л. Ужываецца са значэннем: 'у адпаведнасці з чым-н., згодна з чым-н., паводле якіх-н. прымет'. Сабраць матэрыял па праграме. Дождж прайшоў як па заказу. Падзяліць па справядлівасці. Прыбыў па вашаму загаду. Адзявацца па сезону. Падыходзіць па чарзе. Рабіць па старому звычаю. Паставіць гадзіннік па маскоўскаму часу. Стаць у шарэнгу па росту. Не па сіле. □ Яшчэ па звычаю старому мужчыны сталыя удому свае літанні адпраўлялі, пакуты Езуса спявалі (Я.Колас). І па царскаму загаду карабель падрыхтавалі, паплылі на ім па моры госці ў край далёкі свой (А.Звонак, М.Хведаровіч). Героі рамана кахаюць па вечнаму і неадменнаму для ніякай крытыкі закону самога яго вялікасці жыцця (Я.Брыль). Карову па ведаму купляй (прыказка). Зразумела, што складанне зборніка па тэматычнаму прынцыпу выклікала пэўныя цяжкасці і аказалася не простаю справаю (Ф.Янкоўскі). Размер парты ўказваецца па яе маркіровачнаму нумару (класны журнал). Мне ні па ўзросту, ні па прафесіі не належыць захапляцца так «прымітыўна» (Я.Брыль). Разгарнуць хачу я крылле - я ў свет вольны палячу, бо мне тут не па плячу... (Я.Колас). Я сам сяброў сваіх па ўзросту вітаю ўсіх, сабраўшы ў круг... (П.Глебка). Як цяпер гаворыцца, па маскоўскаму часу з васьмі гадзін да шаснаццаці была праверка, а потым пачалі расстрэльваць (А.Адамовіч, Я.Брыль, У. Калеснік). Экіпаж ажыццявіў неабходную арыентацыю карабля і ў 1 гадзіну 59 хвілін па маскоўскаму часу ўключыў тармазную і рухальную ўстаноўку («Настаўніцкая газета»). У дзень спаса па новаму стылю ніхто з усёй ваколіцы ў царкву не пайшоў (П.Пестрак).
// з М. (радзей - з Д. у адз. і М. у мн. л.). На аснове чаго-н., прымаючы пад увагу што-н. Пазнаць па голасе. Пускаць па прапусках. Ведаю вас па газетах. Жыць па беламу білету. Разумею па вачах. Здагадацца па ценю. Вызначыць узрост каня па зубах. □ Па бацькавым твары Амяльян бачыць, што справа тут напалову зроблена (Я.Колас). Па Васілёвым голасе адразу было ясна, што гэты спіць спакойна (У.Караткевіч). Ведаю вас толькі па газетах (С.Грахоўскі). А я па званочку твайму здагадаўся, хто ... на дасвецці раніцай чыстаю дзецям на флейце песні высвіствае (В.Вітка). Па беламу білету тры сыны яго жылі (А.Куляшоў).
// з Д. у адз. і М. у мн. л. Пры ўказанні на блізкасць, сваяцтва, роднасць. Таварыш па ўніверсітэту. Сябра па калгасу. Брат па бацьку. Сабрат па класу. Сяброўкі па палаце. □ У дарозе мы выпадкова сустрэліся з сябрам нашага доктара Шастры па медыцынскаму інстытуту... (Я.Брыль). І сніў ён сяброў па заставе... (А.Куляшоў). «Як жа ты жаніўся - па любві ці па выгадзе?» - «Я? Па суседству» (Я.Брыль).
// з Д. у адз. і М. у мн. л. Згодна з чыёй-н. думкай, тэорыяй, чыімі-н. поглядамі, навуковымі палажэннямі. Фільм па Талстому. □ Антанюк даўно прыкмеціў, што з найбольшай цікавасцю ён глядзіць мультфільмы вось па такіх казках - па народных, па Пушкіну, па Андэрсену... (І.Шамякін). «Ах, прастата - як гэта неабходна!» - часта паўтараў ён [Л.Талстой], гэты - па Горкаму - «апошні і сапраўдны арыстакрат расейскай літаратуры, гэты барын...» (Я.Брыль). Кінакарціну «Паядынак», па Купрыну, мне давялося глядзець двойчы (там жа). Што, - кажа, - па Макаранку процуеце? (С.Грахоўскі).
IV. РАЗМЕРКАВАЛЬНЫЯ АДНОСІНЫ.
15. з Д., В. і М. Ужываецца пры абазначэнні паслядоўнасці, паступовасці (адно за другім, у тым жа самым памеры) або пры ўказанні на размеркаванне (некалькі адначасова, кожнаму пароўну). З назоўнікамі (у тым ліку і са словамі «пара», «дзесятак», «мільён», «мільярд» і пад.) з Д. у адз. і М. у мн. л. Перабраць па каліву. Перапрадаваць па кавалку. Збіраць па кропельках. Бралі па скварцы. Зараблялі па пуду жыта. Кожнаму насыпаў па прыгаршчах арэхаў. □ І зіму з уласным хлебам не баялася сустрэць. Па кавалку ашчаджала, гаспадарнаю была... (П.Броўка). Праў дождж спачатку па нітцы, а потым так горача жарнуў... (П.Панчанка). Пчолкі звоняць самавіта, збіраючы па кропельках мядок (Я.Колас). А траву пакашу - дам вам сена па кашу (В.Вітка). Дома тата даў мне і Толіку па пэндзлю і сказаў: «Вось цяпер малюйце. Мастакі...» (В.Хомчанка). Ну вось я павінен буду напісаць некалькі мільярдаў пісем. Кожнаму чалавеку па пісьму (А.Вярцінскі). Ад польскіх гарнякоў, - з усмешкай сказаў ён, падаючы нам кветкі і кожнаму па сувеніру - па празрыстаму саляному арлу (Я.Брыль). Па цэламу сабаку з рота скача (прымаўка). Раскалацілі дзве бочкі мелу, узялі па вялікаму квачу, ну, і давай разводзіць абстракцыянізм... (Я.Брыль). Кожны дзень яна пачала прыбаўляць па лішняму мяшку збожжа, але дзяўчынка і не думала скардзіцца (В.Лукін). Стаяць па пары і па трое на скрыжаваннях «каўняры» (Я.Колас).
// З лічэбнікам «адзін» - з Д. ці М. у адз. л. Разыдзіцеся, дзеці, па двары, станьце па аднаму. Хачу пабачыць, хто клапаціўся пра галубоў улетку. Дзеці разышліся, сталі па аднаму (В.Вітка). Самалёты ляцелі па аднаму, па тры, несучы свой смертаносны груз... (І.Мележ). Ішлі мядзведзіцкія па адным, па два, хапаючыся за шулы і шчыкеты... (К.Крапіва). Хоць па адным мужыку засталося на завод (У.Караткевіч).
// З лічэбнікамі ад двух і далей - з В. (прычым форма В. і з адушаўлёнымі назоўнікамі эвычайна як Н., хоць дапускаецца і як Р.). Па два, па тры, па пяць, па сем, па пяцёра, па сямёра, па дваццаць, па сорак, па шэсцьдзесят, па дзевяноста, па сто, па дзвесце, па трыста, па пяцьсот, па семсот; па паўтара, па паўтары; па двух, па трох, па дваіх, па траіх, па дваццаці, па трохсот, па пяцісот і г.д. □ Каб па дзесяцера на сані, дык і то ўсіх не забраў бы (А.Кулакоўскі). І такія трывалыя выходзілі граблі - гады па тры служылі (М.Лынькоў). І ты, братка, ідзі дадому, няможна хоць і па дваіх збірацца (К.Чорны). Хто злічыць, па колькі друг дружку цалуе..! (Я.Купала).
// Пры ўказанні на цану, кошт. Па рублю кілаграм. Па капейцы за шклянку. Аддаць па шэсць рублёў за дзесятак. □ [Адольф:] Пачом жа вы купілі? - [Музыка:] Па пяць злотых (Я.Купала).
V. КОЛЬКАСНЫЯ АДНОСІНЫ.
16. з Д., В. і М. Ужываецца пры ўказанні на велічыню, памер, колькасць. З назоўнікамі - з Д. у адз. і М. у мн. л. Капуста па вядру. Гурбы па мядзведзю. Кавалкі па метру. □ Ля тыноў і платоў - высокія, па мядзведзю, гурбы снегу, і хаты здаюцца нізкімі, прысадзістымі... (В.Макарэвіч). Пасля пайшоў снег, густы, па лапцю; здавалася, як хто за акном махаў рукамі (І.Пташнікаў). У вымытай па калені канаве ля дарогі быў відаць белы камень і высака над ім сасновае карэнне - тоўстае, па пальцу, і тонкае, як на кошыкі: зайшло ад лесу да самай канюшні (там жа). У нас па вядру ураджала капуста... (П.Броўка).
// З лічэбнікамі ад двух і далей - з В. Здымалі ўраджаі па трыццаць цэнтнераў. Рэйкі даўжынёй па дваццаць пяць метраў. Па некалькі разоў за дзень. □ Тут - хата ў хату, паглядзець, па шэсць, па сем акон, над кожным дахам дроту медзь заводзіць перазвон (А.Астрэйка). Так па некалькі разоў у ноч ён выходзіў слухаць, ці ядуць коні (К.Чорны).
17. Разм. і абл. З М. або Д. у адз. л. Ужываецца з назвамі адзінак вымярэння - пры ўказанні на пэўны адрэзак адлегласці, дзе што-н. знаходзіцца, або на пэўны адрэзак часу, калі што-н. адбываецца ці на які звяртаецца ўвага. Рэчку сустрэнеце па пятым кіламетры. Хлопчык па сёмаму гадку пайшоў у школу. Жарабя па другому годзіку. □ Па трэцім кіламетры ад пачатку лесу дарога вялікім кругам абыходзіць лясное азярцо, берагі якога спрэс з дрыгвы (К.Чорны).
18. з В. Ужываецца пры абазначэнні колькаснай мяжы. Вывучце з трэцяй па пятую частку. З дзесятай па семнаццатую старонку ўключна. З пятага па сёмае жніўня.
VI. АДНОСІНЫ СПОСАБУ ДЗЕЯННЯ.
19. з Д. ці М. у адз. і М. у мн. л. Ужываецца пры абазначэнні спосабу дзеяння. Рабіць па справядлівасці. □ Пісьмо па парадку уголас чыталі (А.Куляшоў). Але скажу табе па сакрэту: Пракоп не любіць такіх матэрыялаў (Б.Сачанка). Іван Васільевіч, маю нешта па сакрэту спытаць (І.Шамякін). [Якаў Фаміч:] Скажу вам па сакрэту. Мы нават так хацелі збавіцца ад яго... (М.Матукоўскі). Не знайшоў [Васілёк] раніцою цымбалы свае на суку. Ды яму па сакрэту сказалі, на след навялі (А.Куляшоў).
VII. ПРЫЧЫННЫЯ АДНОСІНЫ.
20. з Д. у адз. і М. у мн. л. Ужываецца для ўказання на прычыну дзеяння. Рабіць па ўласнай ахвоце. Сказаць па абмылцы. Не з'явіцца па невядомай прычыне. □ Сядзі дома, Макар Пятровіч, яшчэ пасяўная не скончылася, няма калі раз'язджаць па ўсялякаму глупству (М.Лобан). Схіліўшы долу светлачубую галаву, на якой нейкім цудам, толькі па ўласнай ахвоце, трымаецца пілотка, хлопец успамінае (Я.Брыль). Кніга тая - «Прыгоды бравага ваякі Швейка». Па слепаце начальства яна трапіла ў казармы або як? (там жа). Зразумела, што і крытык, як сапраўдны <...> патрыёт, пільна сочыць за тым, каб хто-небудзь па непаразуменню ці па злому намеру не зганьбіў таго, што дорага нашаму чалавеку, у першую чаргу не зганьбіў бы без дай прычыны самога нашага чалавека (К.Крапіва).
21. з Д. у адз. і М. у мн. л. Ужываецца для ўказання на падставу, абгрунтаванне. Па гэтакай назе можна яшчэ жыць. Ты, можна сказаць, зусім проста ходзіш. Яна ж у цябе здаўных (К.Чорны). Па тым, як неспакойна пазіраў ён назад, на дарогу, як нервова мяў ён у руках сцяблінку малачаю, відаць было, што ён чымсьці вельмі ўстрывожаны (М.Лынькоў).
VIII. МЭТАВЫЯ АДНОСІНЫ.
22. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета як мэты руху ці перамяшчэння. Ісці па сена. Хадзілі па грыбы. Паехаў па дровы. Вярнуцца па шапку. Працягнуў руку па гадзіннік. Схадзі па бацьку. Ідзі па каня. Прыйшоў к табе па разумную параду. □ На маліну хадзілі ў сад, абтрасалі бэры (А.Куляшоў). Ці ты помніш, сястра Марселіна, сцяжынку ў жыце, па якой мы хадзілі па шчаўе ў лесе? (К.Кірэенка). Я добра пасу, скрабу ўвечары бульбу, хаджу па дровы... (Я.Брыль). Пакуль Колька бегаў у краму па гарбату, яны сядзелі, як даўнія сяброўкі, і Кацярына Рыгораўна расказвала пра сваё нялёгкае жыццё (С.Грахоўскі). Цяжка было вылавіць іх, гэтыя думкі. І толькі тады абудзіў іх, калі машынальна палез па гадзіннік і выняў яго з кішэні (М.Лынькоў). Досыць самага нязначнага шораху ў сенцах або крыку на двары, каб ён узняў галаву і пачаў прыслухоўвацца: ці не па яго гэта ідуць? (К.Крапіва). Мікола, а ну - маментальна па Валю (Я.Брыль). Не турбуйся, зараз пайду па коні і паеду абару (П.Пестрак). І нядарам біты сцежкі непракладзеных дарог, і нядарам па усмешкі ты хадзіў на мой парог (П.Глебка). Пагрукаеш ты ў аконца і скажаш: «Па песню, па сонца!..» (А.Куляшоў).
◊ Гладзіць па шэрсці - 1. У тым напрамку, у якім звычайна кладуцца валасы. 2. перан. Падтакваць, рабіць ці гаварыць што-н., улічваючы настрой, пажаданні каго-н., залагоджваючы яго. Усё па шэрсці гладзілі, дагаджалі ўсе ўсім (Ф.Янкоўскі).
Не па сабе (у ролі безасабовага выказніка) - няёмка, з дрэнным самаадчуваннем. Уся гэта абстаноўка для Панаса нязвычна, і ён адчувае сябе крыху не па сабе сярод тлумнага зборышча дарослых людзей (Я.Колас). Стала не па сабе - і крыўдна, і злосна (П.Пестрак). Яму рабілася не па сабе, і ён злаваўся на матку (З.Бядуля).
Ні па чым (ніпачым) - усё роўна. Ім [Сабковічам] усё ні па чым. Ім не ўласціва пачуццё спагадлівасці (С.Майхровіч).
Па адрасу - на адрас, у адрас. І калі гэты адказ будзе ісці доўга вельмі, як ідзе святло ад далёкай зоркі, і калі ён прыйдзе тады, як мяне ўжо не будзе, то пашлюць мне адказ па адрасу, па якому я пішу сваёй маці... (А.Вярцінскі).
Па горла, па вушы - дастаткова, аж залішне. На вуліцы гразі па вушы. □ А што ж, - памагае яму Яўхім, - цяпер ім харчы па горла, еж, хоць расперажыся (К.Чорны).
Па канец рук - абы як, без патрэбнага нагляду, кантролю. Калі ў нас па канец рук усё будзе ісці, дык як жа мы нават тых людзей, што ідуць да нас з вёскі, пераварым у сваім катле!.. (К.Чорны).
Па няўчасе (устар.) - тое ж, што і па часе (у 2 знач.). Пазнаеш тады свае ліхо - но ў пекле па неўчасе ўжэ будзе... (К.Каліноўскі).
Па руках (пайсці) - пераходзячы ад аднаго да другога. Пазаўчора ў рэзерве па руках хадзіла пракламацыя (К.Чорны).
Па часе - 1. Пасля некаторага прамежку часу. Наказ яго дайшоў па часе, калі ўсё ўжо было гатова (К.Крапіва). Сп'яна ахрысцілі кумы хлапчука не бацькаўскім імем, а нейкім Панасам; агледзеўшыся, пабрылі да дзяка, ды нельга было пераправіць па часе (М.Танк). 2. Позна, час прайшоў - і яго назад не вернеш. «А стралец, што падбіў качку, не быў вінаваты? - ціха пытае Аўгіня і кажа: - Але гаварыць аб гэтым цяпер па часе» (Я.Колас).
Па яго - на чыю-н. думку, пад чый-н. густ. Мітынгаў Ладымер не паважаў і не бачыў ад іх тае карысці, якую, па яго, дае тэатр (Ц.Гартны). Яму [Сержу] было непрыемна, што выйшла не па яго, што ўвесь клас спачувае Насці, а не яму... (К.Чорны).
Плыць па цячэнні - 1. Плыць у тым кірунку, куды цячэ вада. 2. Аддацца на волю абставін, не працівіцца ім.
Сам па сабе - не залежачы ні ад каго. А па вясне, а па сяўбе мы ўжо не самі па сабе (А.Вярцінскі).