паверх, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. паверх выражае прасторавыя адносіны.

1. Ужываецца пры абазначэнні паверхні, вяршыні чаго-н., вышэй якіх або на некаторай адлегласці ад якіх размяшчаецца што-н. ці адбываецца якое-н. дзеянне. Хмары паўзлі паверх гор.Паверх ляшчынкі вісіць кусочак кажурынкі (загадка). Паверх лесу агонь гарыць (загадка). Паверх лесу сіненькі агеньчык гарыць (загадка). Валя скончыла граць і глядзіць кудысьці паверх піяніна, некалькі разоў, час ад часу, яна бярэ самыя апошнія акорды і прыслухоўваецца да іх (К.Чорны). Ногі, абутыя ў валёнкі, ён выцяг на санях паверх саломы (П.Галавач). Паверх лесу кліча ўжо чарамі Дзіў, слухаці кажа зямлі незнаёмай - Корсунь, Памор'е і Сураж зацьміў, Волзе, Пасуллю папутаў заломы (Я.Купала). Там-сям паверх вады бездапаможна высоўвалася затопленая лаза (У.Краўчанка).

2. Ужываецца пры назве адзення ці абутку, зверху на якія што-н. надзяваецца. Паверх сарочкі даўней насілі «гарсэт», а цяпер «безрукаўку»... (Ю.Мацкевіч). Не прайшло і хвіліны, як у калідоры затупацелі ногі і на парозе з'явіўся чалавек у сінім халаце паверх бялізны (В.Быкаў).

3. У знач. прысл. Зверху, з напускам на што-н. Верхнюю рубашку, выпушчаную паверх, ён [Ксавэр] насіў без падпяразкі (К.Чорны).

Паведаміць пра недакладнасьць