падчас, прысл. У знач. прыназ. - з Р. Спалучэнне з падчас выражае часавыя адносіны: ужываецца пры ўказанні на тэрмін, з'яву, падзею, у час якіх адбываецца ці існуе што-н. Падчас гітлераўскай акупацыі гэты любімы сынок Шэптыцкага з'явіўся аднекуль ужо без «гасподняй спадніцы» - у цывільнай вопратцы юды (Я.Брыль). Пасярэдзіне мястэчка, збоку рынкавай плошчы, узвышаецца белы касцёл. Падчас вайны, пры гітлераўцах, на званіцы стаяў кулямёт, і відаць было, як у прасвеце за драцяной сеткай слупам тырчаў вартавы (Я.Брыль). Ніхто на вайне не ведаў, калі і дзе стрэне сваю кулю... У разведцы ці ў баі падчас блакады (І.Шамякін). Толькі я паступіла [у медінстытут] - няшчасце на нашу сям'ю звалілася: бацька загінуў падчас аўтамабільнай аварыі (П.Марціновіч).