паміма, прыназ. з Р. Разм. Спалучэнне з прыназ. паміма выражае аб'ектныя адносіны: ужываецца для ўказання на прадмет або асобу, апрача якіх ці без удзелу якіх што-н. праходзіць, адбываецца; не прымаючы каго-н. ці што-н. пад увагу. Даходы паміма зарплаты. Падпісаць паміма яго жадання.Братачка! Нашто ты сваю сястру так у балота топчаш? Яшчэ і паміма цябе яе людзі натопчуцца! (Я.Купала). І раптам адчуў сябе Ігнась адрэзаным, асобным ад усяго, як бы ў другім свеце, на другой зямлі; усё стала як бы па-за яго істотаю: вось робіцца ўсё на свеце паміма яго, далёка ад яго і нікому і нічому няма дзела да яго (К.Чорны). Вось мы з Франтузевічам і падпісалі рапарт паміма цябе (Э.Самуйлёнак). Спачатку слова «наша» ішло неяк паміма яго думак, адскоквала ад сялянскага сэрца, як гарох ад сцяны - нешта нязвычнае, новае (З.Бядуля). Паміма гарбарнай прамысловасці, ёсць у Смагне і дзве цяслярскія майстэрні (Ц.Гартны). І зноў цэлы рад вобразаў выплывае ў памяці паміма яго [Лабановіча] волі, і сэрца шчыміць болем утраты (Я.Колас). Вялікай праўдай мастацтва вее ад гэтага твора і ад яго негалоўнага героя, які, паміма волі аўтара, стаў галоўным, ад дзяўчынкі Вулькі (А.Кучар). Сярожа паміма свайго жадання аказаўся ўцягнутым у плынь заводскага жыцця (А.Кучар).

Паведаміць пра недакладнасьць