1. Спалучэнне з прыназ. пасярод выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры назве месца, прасторы ці групы, у сярэдзіне або ў цэнтры якіх што-н. знаходзіцца, адбываецца. Правей - гэта на самае роўнае месца, якраз пасярод яго трэба ісці. А там і травіца нават не расце (І.Пташнікаў). Чатыры сасны засталіся стаяць пасярод лесасекі (І.Шамякін). Алесь Манцівода зусім ужо маўчаў і нешта думаў, ці можа драмаў, стоячы адзін пасярод памяшкання, наводшыбе ад усіх (К.Чорны). Надзя не ведала, куды прыткнуцца, і стаяла пасярод бытоўкі (С.Грахоўскі). Костусь астаўся адзін пасярод цёмнай вуліцы (К.Чорны). Пахаджае ганарыста пасярод свайго двара (П.Броўка). Костусь стаяў пасярод іх [людзей] (К.Чорны).
2. У знач. прысл. У сярэдзіне, у цэнтры, у акружэнні каго-, чаго-н. І свой рай мы маем для душы: не шулак, не печышча старое - мілы кут, бацькоўскі даўні род, ціхую рачулку пад гарою з залатой лілеяй пасярод (У.Ракаў). На плітах каменных парос зялёны мох, бярозы, хвойкі плакалі над імі, а пасярод капліца, жудка, як астрог, на свет глядзела вокнамі сляпымі (Я.Купала). Ускудлачаныя галовы мужчын у першых радах. Стракатыя хусткі жанчын пасярод (І.Шамякін).
◊ Пасярод дарогі - не даехаўшы да патрэбнага месца. Трасе цялежка, падкідае па калдобінах, усё роўна як хоча яна выкінуць мяне пасярод дарогі (Я.Колас).
Быць (стаяць) пасярод дарогі каму-н. - перан. перашкаджаць каму-н. Каго ж ты, злыдзень, хацеў звесці са свету? - абурана пытаў [Багдан], намацваючы нагамі разору. - Хто табе гэтак стаў пасярод дарогі? (А.Кулакоўскі).