праз, прыназ. з В. Спалучэнні з прыназ. праз выражаюць прасторавыя, часавыя, прычынныя, аб'ектныя і акалічнасныя адносіны.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца пры назвах прадмета, асяроддзя, прасторы, цераз якія або скрозь якія хто-, што-н. праходзіць, пранікае. Перайсці праз дарогу. Глядзець праз акно.Праз лес гулка даходзіць песня да Зялёнага Каменя (К.Чорны). Праз горы і хмары, праз снежную муць арлы-камсамольцы высока лятуць (Я.Колас). Дарога праз масток ішла раз'езджаная, бітая і за млынам цяжка рвалася на ўзгорак, адразу за самотнымі спарышамі ўзбярэжных алешын (К.Чорны). Праз вароты праз тыя уз'ехала елка на двор (А.Куляшоў). Абабіт пабел усюды, а праз столь цячэ вада (Я.Колас). Праз два маленькія акенцы дзень нясмела лез у сярэдзіну, і было відаць праз іх, як шарэла на дварэ (К.Чорны). Праз дзіравы дах свіцілася зорнае неба (К.Чорны). А потым - зярняты ў зямлі напоўняцца сілай вялізнай, праз чорныя грудзі праб'юцца, каб моцна пад сонцам стаяць (П.Броўка). Твар яго быў ружовы ад утрапення, вочы глядзелі праз чалавека навылёт (К.Чорны).
// Ужываецца пры ўказанні на адлегласць. Колька разгубіўся: праз квартал ім трэба разыходзіцца - Надзі направа, а маме налева - к самай Дзвіне (С.Грахоўскі). Яшчэ праз некалькі кілометраў Андрэй убачыў такі цянёк, што мінуць яго было амаль немагчыма (А.Кулакоўскі). Высока, праз усё неба, цягнулася вузкая хмарка (М.Лынькоў). Для цябе аднае я душы падарунак збярог, перайшоўшы праз рэк перакаты і ростань дарог (А.Звонак).
// Ужываецца пры ўказанні на акалічнасці, з'явы, падзеі, якія пераадольваюцца. Праз мяцель і годы крочыць новы век, светлыя паходы ладзіць чалавек (А.Куляшоў). Праз цёплы мрок у вечар вераснёвы, дзе свецяцца прыветныя агні, паказваюць свой твар мне заўтрашнія дні і родны край, збудованы нанова (Я.Колас). Праз дажджы ляцяць, праз буры, быццам тыя галубкі, не залежацца на пошце нецярплівыя радкі (А.Куляшоў).
// Паказвае на паўтарэнне чаго-н. на тых або іншых прамежках прасторы. Як чаруюць і вабяць да сябе акуратненька і клапатліва пастаўленыя праз пэўную адлегласць лаўкі каля дарогі! (Я.Колас).

2. Ужываецца пры абазначэнні месца або прадмета і інш., паверх якіх накіравана дзеянне, рух. Хлопцы перакульваліся праз жалезныя барты самазвалаў у гулкія кузавы, перамазаныя бетонам або цагляным пылам, і выязджалі на магістраль (С.Грахоўскі). А Сымон адзін зусім, торбу звесіўшы праз плечкі, ідзе воддалек за ім... (Я.Колас). Алёшка праз верх акуляраў зірнуў на яго [Кольку] доўгім дакорлівым позіркам... (С.Грахоўскі). [Дзед Талаш] надзеў праз плячо паляўнічую раменную торбу на шырокім пасе (Я.Колас).
// Звыш чаго-н. Праз меру.Яна [Люда] палівала з вялікай меднай конаўкі, вымудранай дзедам яшчэ з мікалаеўскай снараднай гільзы, а Толя праз меру доўга пырхаў і ўсё прасіў ліць цэлай конаўкай на галаву (Я.Брыль). Усе надзеі за апошнія некалькі месяцаў, усе яе думкі раптам у адну ноч перарваліся, нібы праз меру нацягнутая струна (З.Бядуля). Ёй [Марыне] сумна ў хаце і няміла, і жаласць пліскае праз край (Я.Колас).

II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

3. Ужываецца пры ўказанні на адрэзак часу, на тэрмін, пасля якога што-н. адбываецца або наступае. Праз два дні Надзя выйшла на работу (С.Грахоўскі). Нешта дні праз два пасля здарэння на вуліцы паміж Сержам і старым чалавекам, у пятым класе вучні рабілі арыфметычныя прыклады (К.Чорны). Праз месяц з дапамогай шэфаў Васіль набыў для калгаса трохтонку (І.Шамякін). Усё зноў было ціха, але праз момант яшчэ - той жа асцярожны гук і нават быццам трэснула пад нагамі сухім голлем (К.Чорны).
// Паказвае на паўтарэнне чаго-н. у тыя або іншыя прамежкі часу. Аўтобусы ідуць праз кожныя дзесяць хвілін (С.Грахоўскі). Яна падавала свой голас не часцей, як праз паўгадзіны кожны раз (К.Чорны).

4. Ужываецца пры ўказанні на адрэзак часу, на працягу якога што-н. існуе ці адбываецца. Людзі то стрымлівалі свой смех, то зноў смяяліся. І так было праз некалькі цудоўных маладых хвілін, да самага выхаду грому апладысментаў (Я.Брыль). І хоць нейкае нечуванае багацце раптоўна і не прыйшло, але праз усе гады добра елася і пілося, добра працавалася і слаўна дыхалася цудоўным скіп'ёўскім паветрам (К.Чорны). Каетан, той і зусім не клаўся спаць праз усю ноч (П.Броўка). Парабкі цягнулі вужышча свае працы на панскім полі праз каторы ўжо век, праз доўгія вякі, ад бацькоў, дзядоў і далей у глыб цёмнага часу (К.Чорны). Устань жа, маці! Дзень прыйшоў!.. Прачніся ад жуды... З паходных кубкаў у сыноў напіся ты вады. Яна жывіць. Праз доўгі шлях сагрэлася ў баю... (П.Броўка).

III. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

5. Ужываецца пры ўказанні на асобу або прадмет, з дапамогай якіх, пры пасрэдніцтве якіх што-н. адбываецца. Пакуль гітлераўцы не пачалі абіраць нашы вёскі падрад, пагалоўна, - яны спрабавалі ўладжвацца спакайней: смактаць з народа пот і кроў праз сваіх помагатых (Я.Брыль). І хоць твор гэты друкавацца не можа, аднак праз яго можна зацікавіцца аўтарам (К.Чорны). Горкі вучыў, што аўтары нарысаў, беручы для сваіх твораў факты з жыцця, з непасрэдных будняў нашай працы, павінны асэнсоўваць іх па-філасофску, з вышыні велічных задач і перспектыў будаўніцтва камунізма, раскрываць праз асобныя факты тыповае, уласцівае нашаму жыццю («ЛіМ»). Цёмна ў вёсцы, беспрасветна. Цяжка, цяжка школе. Ды праз школу непрыкметна прыйдзе шчасце-воля (Я.Колас).
// Паказвае на выкарыстанне чаго-н., якога-н. спосабу. Пісаць праз злучок.Насілу праз суд свайго дамагліся... (П.Галавач).

6. Абл. Ужываецца пры ўказанні на аб'ект мовы, думкі. А як сказаў мне праз курыва, у мяне аж нутро загарэлася (запісы народных гаворак). Тады сталі праз вяселле гаварыць (запісы народных гаворак).

IV. ПРЫЧЫННЫЯ АДНОСІНЫ.

7. Ужываецца пры ўказанні на асобу, якая з'яўляецца віноўнікам, прычынай чаго-н. Пан праз вас з мяне галаву здыме (В.Лукін). Я два разы гарэў - усё праз суседзі - два разы будаваўся (Я.Брыль). І цяпер, звяртаючыся да Мацвеічавых, Мікалай гаварыў павучальна: «Іван Макарыч - мой дабрадзей, і я абавязаны за яго бога маліць дзень і ноч, бо я праз яго стаў добрым чалавекам (К.Крапіва).

8. Ужываецца для ўказання на прычыну чаго-н. Значна пазней прыйшла горкая думка, што вось і яшчэ адзін талент, праз беднасць і цемру, не стаў вядомы мільёнам людзей (Я.Брыль). Пазняк, можа праз свой узрост, а можа, і проста ад прыроды, быў больш павольны, нетаропка разважлівы (У.Шахавец). «Бабка! А твой Міхалка мог бы памерці праз гэта?» - «Гэ, панічку мілы! Чуць-чуць не памёр! Насілу, насілу адхаялі!» - «І падумаць толькі: праз якое глупства можа памерці чалавек!» (Я.Колас). Іх надоўга асудзілі, цяжка пакаралі, праз нягоду жыцця з вёсак у астрог загналі... (Я.Колас). «Эх, жонка, была ў мяне адна важная справа, і давялося праз яе далёкую дарогу зрабіць, вось я і спазніўся» (В.Лукін).

V. АКАЛІЧНАСНЫЯ АДНОСІНЫ.

9. Ужываецца для ўказання на акалічнасці, якія суправаджаюць якое-н. дзеянне. Сказаць праз плач. Усміхнуцца праз слёзы. Памятаць як праз сон.«А мне, думаеш, ... не шкада?» - насілу выгаварыў ён [Якуб] праз плач (К.Крапіва). І мроіцца яму [рыбаку], нібы праз сон, як ён спаймаў асілка-акуня (П.Броўка). Зрэдку толькі які-небудзь звыштэрміновы служака, нібы праз сон, падаваў прышыбееўскі голас (Я.Брыль). Апусціў вочы хлопчык і амаль праз плач прамовіў: «Гаспадар прагнаў мяне...» (П.Пестрак). Дарма зноў, як тады, усцягваючы боты на ногі, сашчапіў зубы, рыўком сцягнуў адзін бот, без перадышкі другі, і з палёгкай і болем праз выдых загнуў мацюга (Я.Брыль). Мы павярнулі Міхася наўзнак, але праз кроў, што цякла па твары, заліваючы рот, праз хрыпенне пачуліся толькі два словы: «Я-а ... адзін...» (Я.Брыль).

Браць праз сябе - рабіць непасільнае.
Глядзець праз пальцы - не звяртаць увагі на каго-, што-н.
Праз бок (вылезці) - кепска канчацца для каго-н. Гэтыя бабскія гаворкі заўсёды праз бок, добра кажа, вомегам вылазяць, от што (К.Чорны).
Праз зубы (сказаць, прамовіць) - невыразна, не на поўны голас. «Цябе як зваць!» Яе звалі Марына, але ад болю яна ледзь вымавіла праз зубы, скраўшы першы склад слова: «Рына» (І.Грамовіч).
Пятае праз дзесятае - што-н., далёка не ўсё з патрэбнага аб'ёму. Яны, простыя дзеці вёскі, зразумелі з усяго гэтага пятае праз дзесятае (З.Бядуля).
Сам праз сябе - тое ж, што і сам па сабе.

Паведаміць пра недакладнасьць