пры, прыназ. з М. і (абл.) В. Спалучэнні з прыназ. пры выражаюць прасторавыя, часавыя, аб'ектныя, акалічнасныя, прычынныя, умоўныя і ўступальныя адносіны.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. з М. Ужываецца пры ўказанні на непасрэдную блізасць ад якога-н. месца. Міхась сядзеў адзінока пры мокрай дарозе, воддаль ад пастухоў (Цётка). Пры лесе, пад горкай бруіцца крыніца (П.Броўка). Блізка пры заводзе варушыліся рабочыя, якія працавалі на падкатцы дрэва (П.Пестрак).
// Паблізу ад чаго-н., побач з чым-н. Насупраць, пры адзінокім акенцы, стаяў столік, засланы нейкай белай тканінай (П.Пестрак). Там, пры самай сцяне, было цемнавата... (К.Чорны). Натрудзіўшы добра рукі, натаміўшы плечы, толькі маці з вераценцам туліцца пры печы (Я.Колас). Пры стале ж сядзе спорна спажываці дары: жонка, дзетак сямёра ды татуля стары (Я.Купала). Тата дужы, мой сын! За плячыма вісіць стрэльба, нож пры баку... Дык баяцца чаго? (Я.Колас).
// Ужываецца з назвай мясцовасці, населенага пункта, каля якіх або ў раёне якіх што-н. адбываецца. Невялікае селішча Скіп'ёўскае Пераброддзе ўзнікла на голым месцы пры вялікім Скіп'ёўскім лесе адразу пасля рэвалюцыі (К.Чорны).

2. з В. Абл. Ужываецца пры назвах прадметаў, у непасрэдную блізасць да якіх што-н. прыводзіцца, побач з якімі што-н. размяшчаецца. Пастаў кошык пры сцяну. □ [Кацярына:] А тады надзенеш шапку з цэшкаю, мундзір, шаблю пры бок прычэпіш (К.Крапіва).

3. з М. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, установу ці арганізацыю, якія ўключаюць у свой склад што-н. дапаможнае, падсобнае. Пры школе быў літаратурны гурток (А.Александровіч). Пры многіх кансультацыях арганізоўваліся малочныя кухні або раздатачныя пункты для забеспячэння грудных дзяцей малаком і пажыўнымі сумесямі (Весці АН БССР). З канца зімы і да лета пры кожнай хаце дыміцца вяндлярня, і на селішчы стаіць пах вэнджаных каўбас і шынак (К.Чорны). Значныя сродкі на ўтрыманне дзіцячых садоў і ясляў выдаткоўвалі непасрэдна тыя прадпрыемствы, пры якіх гэтыя ўстановы адкрываліся (Весці АН БССР).

4. з М. Ужываецца пры ўказанні на месца, установу і пад., дзе хто-н. займае якое-н. службовае становішча або дзе што-н. адбываецца. Панас адчуваў сябе добра і казаў, што ён ужо можа хадзіць, і яму дужа хацелася астацца пры войску (Я.Колас). Вось так і стаў ён [дзед Ягор] вартаўніком пры школе (М.Скрыпка). У 1930 годзе Алесь Звонак заканчвае Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, некаторы час вучыцца ў Маскоўскім універсітэце і, нарэшце, заканчвае аспірантуру пры Дзяржаўнай Акадэміі мастацтвазнаўства ў Ленінградзе (М.Хведаровіч). Пры рэдакцыі газеты рэдка арганізоўваюцца калектыўныя абмеркаванні твораў, падрыхтаваных да друку («ЛіМ»).

II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

5. з М. Ужываецца пры ўказанні на падзею ці з'яву, у момант якой адбываецца што-н. Там ля ганку праходзілі калі-нікалі людзі, штосьці гаворачы, пры кароткім гэтым спатканні, адзін аднаму (К.Чорны). Вось ён бачыць Сёмку на полі пры ворыве (Ц.Гартны). Нават родныя бацькі папракалі сына хлебам пры абедзе за сталом (Я.Колас). Пры кожным яго кроку гучна парыпвалі маснічыны (М.Лынькоў). Самі ўкруг, як пры цудзе, пусціліся ногі ва ўсіх (А.Куляшоў). Рэкі сплаўныя, выкарыстоўваюцца і як водапрыёмнікі пры асушэнні балотаў (БелСЭ). Тут месцамі ляжала яшчэ нескарыстанае пры будоўлі дрэва, пахла свежымі, кагадзе напілаванымі дошкамі (К.Чорны). Мне гэтага здымка, што вытварыў кат, відаць, пры жыцці не забыцца ніколі! (П.Броўка). Пры канцы жыцця А.Я.Багдановіч вывучаў старажытную жыдоўскую мову... (Г.Гарэцкі).

6. з М. Ужываецца пры ўказанні на эпоху, перыяд, час, на працягу якіх што-н. адбываецца, здзяйсняецца. Жылі пры савецкай уладзе.Пры Польшчы трэба было многа плаціць за школу (з запісаў народных гаворак). Не патрэбен спінінг пры такой вадзе (А.Вялюгін).
// Ужываецца пры ўказанні на асобу, у перыяд жыцця, дзейнасці ці прысутнасці якой што-н. адбываецца. Пры цары Гароху.Яшчэ задаўна, пры цары, стаяла хатка на гары... (П.Броўка). Ды і калгас руйнуе ўсё жыццё, якое будаваў ён пры панох і за якое ўсё аддаць бы мог... (М.Танк). Захварэла пры немцах на тыфус (С.Грахоўскі). Яшчэ пры цару яго засудзілі на два гады арыштанцкіх рот за падпал панскай стадолы (Я.Колас). І толькі пры апошнім уладару, пры пану Лявону Длугошыцу захісталася гэта спадчыннасць ад подыху вялікай рэвалюцыі (Я.Колас). Уля пры Пашку бянтэжыцца, чырванее (У.Паўлаў). Як пры бацьку жыў без ніякіх хатніх клопатаў, так і цяпер пры жонцы (А.Кулакоўскі).
// Устар. У які-н. час (з назоўнікамі, якія маюць значэнне часу). Сам калі пры нядзелі або свяце якім уголас усім добрую кніжку чытае... (ананімн. гутарка «Дзядзька Антон...»).

III. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

7. з М. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, які знаходзіцца ў наяўнасці, які ёсць у каго-н. Пры карове дзецям хоць малако было, а што ж без каровы?Вулічка вузенькая, пры добрых нагах пераступіць можна (М.Лобан).
// Ужываецца пры ўказанні на наяўнасць у каго-н. якіх-н. заняткаў, пасады і г.д. Горды сваёй сілай, ўладай сваёй горды, пры станку стаіць ён, непахісна, цвёрда (Я.Купала). Поп Мікіта сеяў жыта і аўсы і грэчкі, а ў святыя дні нядзелі ён таксама быў пры дзеле - стрыг авечкі (Я.Колас). Сама ж любіш, нябось, мяска і аладкі мазаць тукам? Дык і пасвіць трэба, краска, пры авечках стаяць крукам (Я.Колас). Я застаўся дома, пры гаспадарцы (А.Кулакоўскі). І вось усе дзесяць старэйшых ужо былі пры справе (М.Лобан). Якая папрадуха пры кудзелі, такое палатно ў белі (прыказка).

8. з М. Размоўн. Ужываецца пры ўказанні на які-н. прадмет, які знаходзіцца непасрэдна ў гэты момант у каго-н. як характэрная прымета гэтай асобы. А на табе манішка, пры гальштуку ты, чаравікі - воку болезна глянуць (М.Лынькоў). Ігнат Фамін у сябе дома быў у камізэльцы пад пінжаком і пры гальштуку (М.Лобан). Увесь час невялікі атрад быў на нагах і пры зброі (Э.Самуйлёнак). Чырвонаармейцы былі пры вінтоўках і з ручнымі гранатамі (Я.Колас).
// Ужываецца пры ўказанні на асобу, якая што-н. мае ў гэты момант. Ноч павольна плыве, цягнік мой ляціць ад пакінутых мною палёў і крыніц, а пры мне толькі кашаль і думы... (М.Танк). Раненыя падхапіліся. У большасці іх зброя была пры сабе (І.Шамякін). Валацуга і скандаліст, бадзяўся па гарадах, капейкі пры душы ніколі не меў (Э.Самуйлёнак). Добра яшчэ, што пры мне сякера была (А.Якімовіч).

9. з М. Ужываецца пры ўказанні на асобу, у суправаджэнні якой хто-н. знаходзіцца. Жыў пры матцы перш хлапчынка, і была халупка ў іх, дзе курылася лучынка, дзе туліліся ўтраіх (Я.Колас). Не круглыя ж сіроты яны, пры мацеры гадуюцца (В.Лукін). Алесь не памятае, як ён потым, дзе і пры кім або з кім піў малако... (Я.Брыль). Ты ж здароў і дома, ты ж цяпер пры мне (К.Буйло). Ціт быў спрытны, хітры троха, пры папу працёрся век, і з мазгамі чалавек (Я.Колас).

IV. АКАЛІЧНАСНЫЯ АДНОСІНЫ.

10. з М. Ужываецца пры ўказанні на якую-н. з'яву, акалічнасць, якія суправаджаюць што-н. Пры святле месяца.Мы гаворым удвох пры агні ў цішыне (М.Багдановіч). І пры гэтым святле я запісваю з болем у сэрцы час дакладны, але час яе незабыўнае смерці (А.Куляшоў).
// Ужываецца пры назвах прадметаў, што служаць указаннем на пэўныя абставіны, пры якіх што-н. адбываецца. І вось пры лучыне пільна і клапатліва тупаюць два чалавекі - бондар Даніла і яго жонка Аўдоцця (З.Бядуля). Недасачылі за ёю [газетай] фашысцкія вочы, не захапілі пры лямпе яе апаўночы, не пашматалі яе на кавалкі рукамі... (А.Куляшоў). Кругом старшыя пры чарцы селі, люлькі цмюць... (Я.Купала). Калі ж пры бутэльцы сам-насам пабудзеце вы з Апанасам, то як дыялектык нядрэнны ён зробіць у формуле змены: «Што ж, вып'ем за нашу знаёмасць, - піццё вызначае свядомасць» (К.Крапіва).

11. з М. Ужываецца пры ўказанні на асобу ці калектыў, у прысутнасці якіх што-н. адбываецца. Мікалай жа тады пры Костусю не менш дзейны быў (К.Чорны). Я шкадую, што не пайшоў наадкрытую: трэба было, каб пры нас, пры людзях Тэкля пайшла з хаты назаўсёды (К.Чорны). А ў сяле дзяўчаты ходзяць, паглядаючы здаля сарамліва пры народзе на Фядоса-каваля (К.Буйло). Схудзеў прафесар, аблахмаціўся, вочы ў яго ўваліліся, гаруе бедны, як не плача пры людзях (М.Гарэцкі).

12. з М. Ужываецца пры ўказанні на стан, у якім хто-, што-н. знаходзіцца. Быць пры памяці.Жывём кожная ў адзіноце ды пры гадах - чым далей, тым страшней, ліха на яго, жыццё такое (Е.Лось).

V. ПРЫЧЫННЫЯ АДНОСІНЫ.

13. з М. Ужываецца пры ўказанні на прычыну, падставу чаго-н. Пры вашым непасрэдным удзеле.Пры дапамозе таварышаў Паўлу ўдалося ўступіць у рабочы батальён, арганізаваны пэпээсаўцамі (Я.Брыль).

14. з М. Ужываецца пры ўказанні на наяўнасць якіх-н. уласцівасцей, якасцей і г.д., якія выклікаюць што-н., з'яўляюцца прычынай або падставай для чаго-н. Пры тваіх здольнасцях ды старанні многа можна зрабіць (Я.Колас).

VI. УМОЎНЫЯ АДНОСІНЫ.

15. з М. Ужываецца пры ўказанні на падзею, факт або абставіны, якія з'яўляюцца ўмовай для ажыццяўлення чаго-н. Байцом буду я чырвоным, - пяты кажа гэтак, - сцерагчы граніцы-межы краіны Саветаў, каб наш вораг пры нападзе сустрэнуў магілу (Я.Купала). Але гэтыя меры ўсё ж нельга лічыць дастатковымі, і таму пры абрэзцы сукоў пакуль што мала лепш дасягаецца мэта (Весці АН БССР). Пачуццё новага якраз часцей за ўсё здраджвае пісьменніку пры абмалёўцы побыту (У.Карпаў). Тое, што годна да друку, будзе друкавацца, часта пры значнай рэдакцыйнай апрацоўцы - гэта дапаможа вясковым аўтарам у іх далейшай працы (К.Чорны). Такім чынам зараз у сталоўцы магло свабодна абедаць чалавек сорак, але было яшчэ шмат вольнага месца, каб пры патрэбе гэты лік можна было значна павялічыць (Я.Колас).

VII. УСТУПАЛЬНЫЯ АДНОСІНЫ.

16. з М. Ужываецца пры ўказанні на прадмет або абставіны, нягледзячы на якія што-н. існуе, адбываецца. Пры такой сціпласці ён усё ж адважыўся заявіць аб сабе ўголас. Пры ўсім пры тым нельга не ўказаць і на наступныя акалічнасці...

Адзін пры адным - разам, адзін каля аднаго, адзін з адным. Ішлі поплеч, цесна адно пры адным (К.Чорны).
Дзень пры дні, ноч пры ночы - кожны дзень (ноч), увесь час. На шырокім полі дзень пры дні скарб сабраць спяшаецца калгаснік (А.Астрэйка). І безупынна дзень пры дні плылі натоўпы, нерухома гарэлі мірныя агні (П.Глебка). Наш плывучы свет заставаўся ўвесь час нязменным - абмежаваны небасхілам круг, што ўзнімаўся да неба, плыт у цэнтры круга і ўсё тыя ж зоркі, якія ноч пры ночы павольна рухаліся над намі (Г.Міхальчук). І я тое ж гавару яму [старому] дзень пры ночы (В.Быкаў).
Ні пры чым - не мае ніякіх адносін да чаго-н. І з выгляду просты, і проста адзет, ды гэта не проста, не так сабе дзед, і шэрая світка зусім ні пры чым, - у дзеда важнецкі інспектарскі чын (К.Крапіва).
Пры гэтым, пры тым - адначасова з чым-н., разам з чым-н. Яны выпілі ў чэсць панны Ядвігі - слаўнай гаспадыні, і вельмі красамоўна хвалілі пры гэтым закускі (З.Бядуля). Калі-нікалі і загаворыць, спытае што і ўсміхнецца ёй пры гэтым (П.Галавач). Пры тым ён так даверліва ставіўся да новага свайго спадарожніка і так яго ўся істота прасілася пад яго апеку, што здавалася, быццам яны знаёмыя ўжо шмат год (К.Чорны).
Пры чым тут..? - якія адносіны мае хто-, што-н. да чаго-н.? Калі вашу кніжку пахвалілі ў друку за паперу крышку, а пра змест - ні гуку, дык пры чым тут кніга? (К.Крапіва). І наогул, пры чым яна тут? (С.Грахоўскі).

Паведаміць пра недакладнасьць