супраць , прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. супраць выражае прасторавыя, часавыя, аб'ектныя, параўнальныя і мэтавыя адносіны.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца з назвамі прадметаў ці месца, перад якімі на процілеглым баку хто-, што-н. знаходзіцца. Вечарам мы з Волечкай сядзелі на лавачцы пад клёнам супраць іх хаты (В.Мыслівец). Нейкі час яны [Харошка, Салдаценка] стаялі адзін супраць другога і маўчалі (П.Кавалёў).

2. Насустрач руху чаго-н. Удод скача за куветам, стракочуць конікі ў траве, а ты імчышся супраць ветру насустрач сонцу і Маскве (А.Звонак). Супраць цячэння не так лёгка плысці! (І.Гурскі). Супраць жыцця чалавек не можа ісці (І.Пятроў).

II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

3. Ужываецца пры ўказанні на момант часу, падзею, тэрмін і г.д., перад якім што-н. адбываецца. Хто ж гэта касіць збіраецца супраць зімы?Яны выехалі супраць ночы (М.Лобан). Мала таго, што мяне ў адзіноце супраць старасці пакінула, па чужых кутках аціраешся? (Э.Самуйлёнак).

III. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

4. Ужываецца з назвамі прадметаў ці асоб, насуперак якім што-н. робіцца, не ў згодзе з якімі што-н. праходзіць, адбываецца. Падумай, як бы ты асмелілася хаця б сказаць што-небудзь супраць бацькоў, а не тое, што зрабіць? (А.Кулакоўскі). Супраць Сяргея ніхто не галасаваў (У.Шахавец).

5. У барацьбе з чым-н. Мы рашуча супраць вайны (І.Казлоў). Не падумайце благога - я не супраць крытыкі (В.Быкаў).

IV. АДНОСІНЫ ПАРАЎНАННЯ.

6. У параўнанні, у супастаўленні з чым-н. Здаравейшы супраць брата.Учора надбі зменшыліся супраць таго тыдня (А.Асіпенка).

V. МЭТАВЫЯ АДНОСІНЫ.

7. Ужываецца для ўказання на прызначэнне чаго-н. для барацьбы з чым-н. Прышчэпкі супраць воспы.
У знач. выказніка. Разгарэліся спрэчкі: хто супраць, хто - за (А.Куляшоў). У знач. наз. Аргумент не ў карысць каго-н. □ Узважыўшы ўсе за і супраць, Лабановіч прыйшоў да пераканання, што ён зрабіў добра, не зачапіўшы дзяўчыны (Я.Колас). Адна Аня весела глядзела на свет, быццам не мела нічога супраць, каб усё гэта паўтарылася яшчэ раз (У.Карпюк). Ішла навала супраць у шаленстве дзікім (Я.Колас).
Гладзіць супраць шэрсці - патакаць.
Сказаць супраць (чыёй-н.) волі - пярэчыць.

Паведаміць пра недакладнасьць