сярод, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. сярод выражае прасторавыя, часавыя і аб'ектныя адносіны.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца пры ўказанні на краі якой-н. прасторы, у прамежку паміж якімі (пераважна ў роўнай адлегласці ад іх) хто-, што-н. адбываецца. Стаяць сярод пакоя.Мікола чытаў, стоячы сярод хаты (Я.Брыль). Палеткі калгаса «Рассвет» былі сярод лясоў. (П.Кавалёў).

II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

2. У прамежку паміж пачаткам і канцом якога-н. адрэзка часу; на працягу чаго-н. Сярод ночы.

III. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

3. У акружэнні каго-, чаго-н. (якіх-н. аднародных прадметаў, з'яў, асоб); паміж кім-, чым-н. Карабель сярод ільдоў. Хата сярод лесу.Мне лес цяпер міл удвая, бо родны лес мой краю служыць, бо лес мой туліць смелых, дужых, сярод якіх душой і я (Я.Колас). Учора, як разыходзіліся ад пакгауза, не заўважыў Міколка сярод людзей, куды дзеўся яго стары таварыш (М.Лынькоў).
// У ліку, у саставе каго-, чаго-н. Сярод тых, хто варочаўся паражняком, былі і Арсень з Міхасём (В.Каваленка). Сярод трафеяў было некалькі афіцэрскіх мундзіраў (С.Грахоўскі).
// У асяроддзі, у акружэнні каго-н. Ёй [Алаізе] так многа далі простыя людзі, сярод якіх яна жыла. Яны навучылі яе любіць кожную травінку на роднай зямлі, захапляцца паэзіяй паданняў, легенд (Л.Арабей).

Паведаміць пра недакладнасьць