Кардаш Фёдар (05.01.1932, в. Харашкі Дзятлаўскага р-ну Горадзенскай вобл.), беларускі журналіст, крытык калгаснага ладу ў СССР.

У 1955 скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Працаваў у раённай газэце адказным сакратаром. Паводле ўспамінаў колішніх студэнтаў БДУ, быў маўклівым, задумлівым і спакойным чалавекам. Больш слухаў іншых, чым гаварыў сам. За год працы ў газэце непасрэдна сутыкнуўся з савецкай рэчаіснасьцю і зразумеў яе заганнасьць.

Вынікам назіраньняў і крытычных роздумаў стаў рукапісны ліст аб'ёмам у агульны сшытак з крытыкай калгаснай сыстэмы, ананімна пасланы тагачаснаму першаму сакратару ЦК КПСС М.Хрушчову. Канкрэтныя факты ў лісьце (прозьвішчы, назвы калгасаў, лічбы і інш.), а таксама почырк дазволілі органам хутка выявіць аўтара. У пачатку восені 1956 К. быў арыштаваны ў студэнцкім інтэрнаце ўнівэрсытэту на вул. Бабруйскай у Менску, куды зазірнуў да знаёмых. Нейкі час вяліся допыты, у тым ліку аднакурснікаў К., а 16.10.1956 малады журналіст быў асуджаны «за антысавецкую агітацыю і прапаганду» на два гады зьняволеньня.

Пакараньне адбываў у лягерах Мардовіі. Разам зь ім у зьняволеньні знаходзіліся два беларускіх дэсантнікі, закінутыя ў 1955 на тэрыторыю краю (адзін зь іх меў прозьвішча Касьцюк), а таксама ваеннаслужачы зь Менску Аляксандар Ходар (пасьля вызваленьня выехаў у Польшчу). Па заліках за звышплянавае выкананьне заданьняў знаходжаньне ў лягеры для К. скарацілася амаль на год, і 23.10.1957 ён быў адпушчаны на волю.

Першыя месяцы пасьля вяртаньня ў Беларусь прайшлі ў пошуках працы, затым К. удалося ўладкавацца на працу школьным настаўнікам, а прыкладна праз 3 гады з дапамогай вядомага журналіста і літаратара Яраслава Пархуты, які выкарыстаў часовую адсутнасьць галоўнага рэдактара ружанскай раённай газэты, ён займеў працу па спэцыяльнасьці журналіста. Пазьней, ажно да пэнсіі, К. працаваў у лідзкай газэце. Ажаніўся, мае дзьве дачкі. Цяпер жыве ў Лідзе.

Зьняволеньне і пасьлялягерныя цяжкасьці не зьмянілі сьветапогляду К., ён і цяпер актыўна ўдзельнічае ў дэмакратычным руху; сябра БНФ.

Кр.: 1. АМН. F-3 (Фёдар Кардаш); 2. Вусная інфармацыя Фёдара Кардаша, а таксама Ніла Гілевіча, Анатоля Клышкі, Арсеня Ліса, Паўла Місько, Валянціна Тараса, Восіпа Хаўратовіча.

Міхась Чарняўскі

Паведаміць пра недакладнасьць