Каўрус Алесь (18.05.1935, в. Брусы Мядзельскага р-ну Менскай вобл.), вядомы беларускі мовазнавец, удзельнік нацыянальна-патрыятычнага руху навукоўцаў Акадэміі Навук БССР 1960 - пачатку 1970-х («Акадэмічны асяродак»). Жыве ў Менску.

К. вучыўся ў Мядзельскай сярэдняй школе, вядомай традыцыямі нацыянальна-патрыятычнага руху. У 1959 скончыў Менскі дзяржаўны пэдінстытут, працаваў настаўнікам і дырэктарам у школах Мядзельскага р-ну. Пасля навучаньня ў асьпірантуры пры Менскім пэдінстытуце ў 1965 абараніў кандыдацкую дысэртацыю. Затым працаваў старшым выкладчыкам Мазырскага пэдінстытуту (1965-1968), старшым навуковым супрацоўнікам Інстытуту мовазнаўства імя Я.Коласа АН БССР (1968-1974).

К. балюча ўспрымаў зьнішчэньне беларускай сярэдняй і вышэйшай адукацыі, якое праводзіў камуністычны рэжым у краі, усеагульную русіфікацыю грамадзкагаі палітычнага жыцьця, не прымаў антыбеларускую па сутнасьці пазыцыю тагачаснага кіраўніцтва акадэмічнага Інстытуту мовазнаўства, падтрымліваў кантакты з аднадумцамі з акадэмічнага і выкладчыцкага асяродзьдзя. У сваіх публікацыях, на лекцыях у інстытуце, у выступах і навуковых дыскусіях К. пастаянна адстойваў самабытнасьць беларускай мовы, яе правы ў грамадзкай сфэры. Гэта не прайшло міма ўвагі камуністычных русіфікатараў. У газэце «Звязда» ў 1972, як водгук на партыйныя ўстаноўкі па моўным пытаньні, што прагучалі на адпаведнай нарадзе ў ЦК КПБ, зьявіўся артыкул вядомага «набліжальніка» беларускай мовы да расейскай К.Крапівы «Грамадская неабходнасць і беспадстаўнае наватарства», у якім адмоўна ўспаміналіся імёны мовазнаўцаў Ф.Янкоўскага, П.Сьцяцко, А.Каўруса. У пачатку 1974 К. быў дастаўлены ў КГБ на допыт, а 22 сакавіка Вучоная рада інстытуту, якая знаходзілася пад ціскам парткама і дырэкцыі, выносіць рашэньне аб неадпаведнасьці ўжо шырока вядомага на той час беларускага мовазнаўцы займаемай пасадзе. У пратаколе паседжаньня рады ў прыватнасьці было запісана: «Знаходзяцца яшчэ ў нашым асяродзьдзі людзі, якія сьвядома становяцца на пазыцыі нашых ідэйных праціўнікаў і спрабуюць весьці барацьбу супраць палітыкі партыі і ўраду... Партарганізацыя і дырэкцыя маюць матэрыялы, зь якіх відаць, што гэта група (гаворка ідзе пра навукоўцаў з «Акадэмічнага асяродку». - М.Ч.) сыходзілася ў поглядах, пэрыядычна зьбіралася, затым вяла гутаркі, абмяркоўвала свае пытаньні ў закрытым парадку». 04.04.1974 паводле загаду дырэктара К. быў зволены з працы.

Але на гэтым перасьлед К. ня скончыўся - былі вернутыя з выдавецтва рукапісы яго манаграфіі і артыкулаў, ягонае прозьвішча выкрэсьлівалася з публікацый іншых аўтараў. Нават прозьвішча ягонай жонкі было выкрэсьлена з адпаведных тамоў «Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі», над якімі яна працавала як рэдактар. І толькі ў 1980, пасьля шасьці гадоў вымушанай паўзы, ўбачыла сьвет новая апублікаваная праца беларускага навукоўца-патрыёта.

Больш за паўгады пасля звальненьня зь інстытуту К. быў бяз працы. 17.10.1974 з дапамогай намесьніка старшыні Савета міністраў БССР Н.Сьняжковай, якая ўвогуле з пэўным разуменьнем ставілася да беларускага адраджэньня, яму ўдалося ўладкавацца на пасаду рэдактара выдавецтва «Народная асвета». Такія ж цяжкасьці сустракаў ён і ў далейшым, і толькі з 1981 г. пачынае працаваць на катэдры беларускага мовазнаўства ў Беларускім дзяржаўным пэдагагічным інстытуце, дзе, нарэшце, мог цалкам прысьвяціць сябе выкладчыцкай і навуковай дзейнасьці. На сёньня К. аўтар 6 кніжак і больш як 120 артыкулаў.

Публ.: 1. А.Каўрус. «Сочтёмся славою...», альбо крыху пра міфатворчасьць // Наша слова. 15.09.1993.

Літ.: 2. А.Клышка. Прадмова да артыкула А.Каўруса «Да свайго слова» // Полымя. 1995, № 5; 3. С.Антановіч. Быць ідэйна свядомымі. Заўвагі на палях стэнаграмы красавіцкага (1974 г.) пленума ЦК КП Беларусі // Літаратура і Мастацтва. 10.05.1991; 4. С.Міско. Міфы застаюцца толькі міфамі // Менская грамада. 1994, № 1 (6), ліпень; 5. В.Рабкевіч. Група пяцёх // Наша Ніва. 1995, № 3.

Міхась Чарняўскі

Паведаміць пра недакладнасьць