К. скончыў у 1952 Насілаўскую семігодку, праз тры гады сярэднюю школу ў в. Лебедзева. У 1958 паступіў на гісторыка-філялягічны факультэт Маскоўскага пэдагагічнага інстытуту, нейкі час паралельна працаваў у васьмігадовай школе ў в. Ленкаўшчына на Маладэчаншчыне, потым у школах Маладэчна. З 1964 працуе ў Менскім абласным краязнаўчым музэі (Маладэчна), (з 1966 - навуковы супрацоўнік, 1968 - намесьнік дырэктара па навуковай працы, з 1978 - дырэктар музэя). З 1982 К. - старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру АН БССР.
У 1989 спрычыніўся да заснаваньня Беларускага Краязнаўчага Таварыства, быў ягоным першым старшынём. З 1991 - загадчык аддзелу краязнаўства ў Нацыянальным Навукова-Асьветным Цэнтры імя Ф.Скарыны, у 1992 г. абараніў доктарскую дысэртацыю па крыніцазнаўстве матэрыяльнай і духоўнай культуры Беларусі, што было першай дысэртацыяй такога роду ў Беларусі. У тым жа годзе ўзнагароджаны мэдалём Ф.Скарыны. Ня ўсё надрукаванае з творчай спадчыны дасьледчыка.
Падчас навучаньня ў Маскоўскім дзяржаўным пэдінстытуце К. ачольваў зямляцтва студэнтаў-беларусаў. Сустракаўся з Уладзімірам Дубоўкам, Канстанцыяй Буйла, Мікалаем Улашчыкам і інш.
Краязнаўчая і дасьледніцкая праца К. часам выклікала занепакоенасьць тагачаснага партыйнага кіраўніцтва. У 1969 была скліканая атэстацыйная камісія, у склад якой увайшлі начальнік Упраўленьня культуры Менскага аблвыканкама В.Васільеў, дырэктар музэя Г.Паўлава, іншыя «навукоўцы» з партыйнымі білетамі. Абвінавачваньні, якія закідаліся К., былі па-кафкаўску бязглуздыя, зьвязаныя зь ягоным патрыятычным стаўленьнем да гістарычнай спадчыны беларускага народа. Былы загадчык аддзелу культуры ў Маладэчне Л.Сурпін абвінаваціў К. у нацыяналізме на падставе сьцьверджаньня апошняга пра страты беларусамі ў гады другой сусьветнай вайны кожнага чацьвёртага - гэтым самым, паводле словаў Сурпіна, К. штучна завышаў ролю беларускага народу.
Выснова камісіі была несуцяшальная - звольніць з працы. Толькі дзякуючы ўмяшальніцтву Генадзя Бураўкіна, Янкі Брыля, Івана Новікава, Максіма Танка, гісторыкаў Міхася Ткачова і Міхася Чарняўскага К. быў адноўлены на працы. Чарговыя нападкі на К. адбываліся ў 1974 падчас разгрому «Акадэмічнага асяродку».
Адсутнасьць магчымасьці выезду за мяжу К. кампэнсаваў шматлікімі вандроўкамі па былым СССР.
Адчулася значная палёгка пасьля пачатку перабудовы, калі беларускія гісторыкі атрымалі мажлівасьць дасьледаваць мінулае Бацькаўшчыны безь ніякіх цэнзурных рамак. На жаль, гэта працягвалася нядоўга. Міхась Чарняўскі зь цеплынёй успамінаў пра свайго калегу, што К. прызнаваўся яму, што кладзецца спаць з мараю - прачнуцца, а Беларусь - ужо вольная.
Тв.: 1. Адчыніся, таямніца часу. - Менск, 1984; 2. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў 16-19 стст. - Менск, 1984; 3. Повязь часоў. - Менск, 1985; 4. Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму. - Менск, 1989 (разам з П.Малаш, К.Цьвіркам); 5. Прадвесьне навукі. - Менск, 1990; 6. Руплівец нашай старасветчыны: Яўстах Тышкевіч. - Менск, 1991 (разам з А.Каханоўскім); 7. А сэрца ўсё імкне да бацькоўскага краю : З біяграфіі М.Багдановіча. - Менск, 1991.
Літ.: 1. Кенька М. Збіральнік скарбаў мінуўшчыны // Падарожнік. 1997, № 4; 2. Мальдзіс А. Ён валодаў таямніцай часу // Звязда 11.01.1996; 3. Саламевіч Я. Руплівец // ЛіМ. 29.12.1996; 4. Чарняўскі М. Памяці адраджэнца // Культура. 19.12.1994; 5. Генадзь Каханоўскі // Беларускія пісьменьнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 3. - Менск, 1994. С. 213-215.
Алег Гардзіенка