Сваю нязгоду з рэчаіснасьцю Л. упершыню паспрабаваў выказаць у той час, калі знаходзіўся на ваеннай службе (з 1948). Як адзначае Л., існавала практыка дыскрымінацыі прызыўнікоў з заходніх абласьцей Беларусі, якія былі да 1939 у складзе Польскай дзяржавы і ў 1940-х да канца яшчэ не саветызаваныя. Тых, хто нарадзіўся ў Заходняй Беларусі, пасылалі служыць як мага далей ад Беларусі, давалі самую цяжкую і брудную працу, часта іх проста накіроўвалі на працу ў шахты і на лесапавал. Л., які служыў на тэрыторыі Кіраўскай вобл. (Сібір), даслаў скаргу міністру абароны СССР Васілеўскаму з выкладам сытуацыі і папрасіў перавесьці яго для службы на тэрыторыю Беларусі. Ужо тады Л. адчуў на сабе ціск з-за сваіх поглядаў.
Пасьля заканчэньня ваеннай службы Л. вярнуўся на Радзіму, з 1956 пасяліўся ў Пінску. Працаваў на Пінскім фанэрным заводзе, адначасова завочна вучыўся ў тэхнікуме. Але Л. ня мог адмовіцца ад роздумаў над савецкай рэчаіснасьцю. Тады Л. яшчэ верыў у магчымасьць зьменаў у СССР праз адкрытую дыскусію, праз публікацыі ў савецкай прэсе. «...Практычная дзейнасьць камуністычнага рэжыму, інфармацыйная хлусьня партыйнае прэсы, уся дыктатарская атмасфэра, парушэньні Ўсеагульнай Дэклярацыі правоў чалавека падштурхнулі мяне нагадаць рэжыму пра гэта сваімі артыкуламі. Я пачаў пісаць» [2]. На пачатку 1960-х Л. накіроўвае свае артыкулы ў маскоўскія газэты «Известия» і «Правда». Вядома, іх там не публікуюць. Тады Л. высылае яшчэ адзін рукапісны тэкст у менскі карпункт газэты «Правда». Гэты артыкул быў падпісаны псэўданімам Пінчук Палескі. КГБ пачынае шукаць Пінчука Палескага.
29.01.1963 па дарозе з працы Л. быў арыштаваны і дастаўлены ў Берасьцейскі аддзел КГБ. Справу Л. вёў падпалкоўнік Гаршкоў. 11.04.1963 Берасьцейскім абласным судом Л. быў асуджаны паводле арт. 67 Крымінальнага кодэкса БССР («антысавецкая агітацыя і прапаганда») на тры гады пазбаўленьня волі. Свой тэрмін Л. адбываў у Мардоўскіх лягерох.
Пасьля вызваленьня Л. цярпеў ад дыскрымінацыі, пастаянна сутыкаўся з праблемамі ў працаўладкаваньні. Ягоная перапіска доўгі час была пад наглядам карных органаў. Пасьля атрыманьня Беларусьсю незалежнасьці Л. быў рэабілітаваны ў 1992. У нашыя дні прымае актыўны ўдзел у дэмакратычным руху - быў старшынём Беларускага Дэмакратычнага Аб'яднаньня «Вэтэран»; сябра Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі («Грамада»).
Кр.: 1. ANH. F-3 (Мікалай Лагодзіч).
Літ.: 2. Пагодзіч Мікалай. Мае ўспаміны // Маю права! (Бюлетэнь Пінскага рэгіянальнага аддзяленьня Беларускага Хельсінскага Камітэту). 1998, № 3.
Тацяна Сьнітко