С. паходзіць з польскай шляхецкай сям'і, дзе атрымаў выхаваньне ў польскім патрыятычным духу. Падчас першай сусьветнай вайны сям'я Сьвёнтакаў была эвакуяваная на Ўсход. Пасьля аднаўленьня Польскай дзяржавы яны пераяжджаюць у незалежную Польшчу і пасяляюцца ў Баранавічах, дзе малады Казімір сканчае мясцовую гімназію. Пад уплывам дзейнасьці ксяндза Зыгмунта Лазінскага ён вырашае прысьвяціць уласны лёс служэньню Богу і людзям. З гэтай мэтай паступае ў 1933 у Пінскую духоўную каталіцкую сэмінарыю, а ў красавіку 1939 пасьвячаецца на сьвятарства і распачынае душпастырскую дзейнасьць у Пружанах. Але пасьля акупацыі Заходняй Беларусі савецкімі войскамі ў верасьні 1939 ксёндз Казімір арыштоўваецца па абвінавачваньні ў шпіянажы і пэўны час утрымліваецца ў Берасьцейскай турме. Фашыстоўская акупацыя ў чэрвені 1941 вызваляе айца Сьвёнтака з турмы, і ён вяртаецца да сваіх вернікаў у Пружаны. У 1944 айцец Казімір меў мажлівасьць пакінуць Беларусь і выехаць на Захад. Але ён застаўся з парафіянамі, цудоўна разумеючы, чым можа абярнуцца ягоная душпастырская дзейнасьць пры немцах. Так і сталася, савецкая ўлада нічога не забывае: яна «ўзгадала», што С. не даседзеў тэрмін у Берасьцейскай турме. Напрыканцы 1944 айцец Казімір зноўку быў арыштаваны і прысуджаны да 10 год пазбаўленьня волі за антысавецкую дзейнасьць.
У 1954 ён вяртаецца са сталінскага канцлягеру. У яго зноў узьнікае мажлівасьць пераезду, гэтым разам - у Польшчу, але С. застаецца ў прыгнечанай Беларусі. Доўгі час ён працуе ў Пінску, сваёй дзейнасьцю ператварыўшы горад у каталіцкі цэнтар Палесься.
Асоба С. незвычайная. Нельга сказаць, што ён належыў да актыўных апазыцыянераў, дзейнасьць айца Казіміра хутчэй была інтэлектуальнай апазыцыяй. Каталіцкі Касьцёл становіцца ў гэтыя часы прытулкам вернікаў, якія не хацелі зьвязвацца з камуністычным рэжымам і знаходзілі ўласнае «я» ў каталіцкай веры. А ксяндзы, сярод іх і айцец Казімір, дапамагалі людзям знайсьці шлях да Бога. С. ніколі не ішоў на згодніцтва з уладай, дыстанцыю ад уладаў ён захаваў і ў 1990-я.
Айцец Казімір узначаліў Пінскую дыяцэзію і Менска-Магілеўскую архідыяцэзію. 30.10.1994 Папа Ян Павал II абвясьціў імёны 30 новых кардыналаў. Сярод іх быў і С. Ян Павал II даслаў пасланьне кс. К.Сьвёнтаку, у якім адзначыў: «Сваёю думкаю ахопліваю ў гэтыя хвіліны ўсіх сьвятароў і ўсіх сьвецкіх асобаў, якія за вернае трываньне пры Хрыстовым Эвангельлі былі прыгавораныя таталітарным рэжымам на вялікія цярпеньні, пакараньні і перасьледы. Многія зь іх страцілі жыцьцё ў канцлягерах Сібіры, асуджаныя на працу ў нечалавечых умовах, колькі ж ёсьць такіх, пра чый лёс ведае толькі Пан Бог. Ваша Эмінэнцыя належыць менавіта да гэтых нястомных абаронцаў хрысьціянскае веры» [1].
Літ.: 1. Невяроўскі А. Юбілей кардынала // Навіны. 13.04.1999; 2. Глябовіч А. Касцёл у няволі // Спадчына. 1994, № 1-2; 3. Канфесіі на Беларусі (канец 18-20 ст.). Менск, 1998.
Алег Гардзіенка