Татарскі дэмакратычны рух узьнік у асяродку беларускага татарскага субэтнасу, нашчадкаў рознага, пераважна цюркскага паходжаньня, якія вызнаюць іслам (устойлівая група насельніцтва Беларусі з 15 ст., родная мова - беларуская, сёньняшняя колькасьць - 12,5 тыс. чал. (1989)).

У часе 1940-1950-х у р-нах Заходняй Беларусі татары - былыя грамадзяне Польшчы рэпрэсаваліся як колішнія прадстаўнікі заможнага стану, як вайскоўцы і як сваякі палітычных эмігрантаў з тэрыторыі СССР. На працягу 1960-1980-х ускосна дыскрымінаваліся паводле этнічных і, найперш, рэлігійных прыкметаў. З 1944 па канец 1960-х гадоў былі зачыненыя і зьнішчаныя 8 мячэтаў і 3 малельныя дамы (у Менску будынак былога мячэту зруйнаваны ў 1962), зруйнаваная большасьць мізараў (могілак) (у Менску - у 1969). Да 1989 афіцыйна існаваў адзіны мячэт у Іўі. Рэгістраваць новыя рэлігійныя суполкі, хаваць мусульманаў асобна, паводле рэлігійнага абраду, рамантаваць мячэты, весьці навучаньне дзяцей на роднай мове - усё гэта ўладамі забаранялася. Беларускіх татараў не вызначалі ў асобны субэтнас пры перапісах і дакумэнтаваньні ў актах грамадзянскага стану.

Т.д.р. сфармаваўся з адстойваньня права на свабоду сумленьня. З 1940-х існавала неафіцыйная нядзельная школа для дзяцей у Іўі, з 1970-х ладзіліся «малыя хаджы» ў Сіняўку, Лоўчыцы, Некрашунцы, дзе існуюць шанаваныя мусульманамі цудадзейныя магілы сьвятых, на грамадзкіх пачатках праводзіліся работы па добраўпарадкаваньні мізараў, неафіцыйна дзейнічалі рэлігійныя суполкі ў Менску, Наваградку, Узьдзе, Сьмілавічах (тут існаваў дзейны мізар).

У 1987 у Іўі па ініцыятыве С.Думіна і А.Крыніцкага была створаная суполка, якая безвынікова дамагалася афіцыйнае рэгістрацыі ад мясцовых уладаў. Па аналёгіі была спроба дамагчыся рэгістрацыі ў Горадні, празь дзейнасьць А.Крыніцкага, але таксама безвынікова. З 1988 сфармавалася ўстойлівая ініцыятыўная група ў Менску, якая толькі ў 1990 была зарэгістраваная як Татарскае Культурнае Таварыства «Аль-Кітаб», друкаваны орган - квартальнік «Байрам» (рэдактар - Я.Якубоўскі). З 1989 зарэгістраваная мусульманская рэлігійная суполка (муфтый - А.Аляксандровіч). Мэты: захаваньне субэтнасу, пашырэньне рэлігійнага жыцьця, арганізацыя ў школах рэлігійнага і этнічнага выхаваньня, навязаньне кантактаў з супляменьнікамі ў Польшчы і Летуве. Вясною 1990, падчас сьвяткаваньня месяцу Рамадан, у Менску адбыўся зьезд прадстаўнікоў Т.д.р., у тым ліку і прадстаўнікоў дыяспары (найперш з Польшчы, Расеі, Украіны). Пад гэты месяц была прытарнаваная маштабная акцыя па ратаваньні месца менскага мізару, на якім мясцовыя ўлады меліся пабудаваць тэнісныя корты для работнікаў Менскага таксаматорнага парку. Падчас акцыі быў праведзены мітынг у абарону правоў беларускіх мусульманаў, супраць зьнішчэньня іх спадчыны. Быў прыняты зварот да ўраду з патрабаваньнем спыніць вандалізм у дачыненьні да сьвятыняў ісламу ў Беларусі, дазволіць будаваць мячэты і вольна правіць набажэнствы. Пасьля дазволу на будаўніцтва мячэту ў Менску па ўсёй Беларусі і ў дыяспары быў праведзены збор сродкаў, дзякуючы якім зробленая праектная дакумэнтацыя. У 1991 па-беларуску выйшла кароткая анталёгія Карану.

Т.д.р. падтрымаў БНФ і ягоную палітычную пляцформу. Самастойна ва ўласна палітычных акцыях арганізацыйна чыннага ўдзелу беларускія татары пазьбягаюць па прычыне дыскрымінацыйнай грамадзкай думкі, якую падтрымліваюць пракамуністычныя ўлады.

Сяргей Харэўскі

Паведаміць пра недакладнасьць