На трэцюю гадавіну Чарнобыльскай трагедыі 26.04.1989, нягледзячы на забарону ўладаў, з ініцыятывы БНФ у Менску адбылася акцыя «Гадзіна смутку і маўчаньня». Яе ўдзельнікі (8-10 тыс. чалавек) прайшлі па галоўнай вуліцы са сьвечкамі пад звон чарнобыльскіх званоў. Не было прамоваў, толькі плякаты зь лічбамі забруджваньня ды чорныя жалобныя сьцягі - памяць ахвяраў.
Падобныя ж акцыі ў гэты дзень адбыліся таксама ў Бабруйску, Гомелі. Фактычна, гэта быў пачатак масавага руху за прыцягненьне ўвагі грамадзкасьці, і ня толькі ў Беларусі, да рэальнага становішча на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях і да неабходнасьці арганізацыі дзейснай дапамогі ахвярам. А галоўнае, рух выразна паказаў падзеньне даверу да ўладаў, якія імкнуліся прыхаваць сапраўдную небясьпеку і такім чынам паставіць пад пагрозу жыцьці грамадзянаў Беларусі. Дзеля наладжваньня больш дзейснай дапамогі ахвярам трагедыі ў красавіку 1989 быў створаны Камітэт БНФ «Дзеці Чарнобылю» (да 1991 старшыня Генадзь Грушавы), які потым пераўтварыўся ў асобны Фонд «Дзецям Чарнобыля». Ён павінен быў ажыцьцяўляць гуманітарную дапамогу жыхарам пацярпелых р-наў, каардынаваць дзейнасьць дабрачынных замежных арганізацый, арганізоўваць аздараўленчы адпачынак дзяцей з забруджанай тэрыторыі, у тым ліку і за межы Беларусі. Апошняе мела вынікам непасрэднае знаёмства маладога пакаленьня беларусаў з Эўропай, псыхалягічнае зьнішчэньне жалезнай заслоны, замацаваньне важкасьці дэмакратычных прынцыпаў у беларускай грамадзкай сьвядомасьці.
Маўчаньне і супрацьдзеяньне ўладаў нараджала новыя хвалі грамадзкай актыўнасьці. 30.09.1989 у Менску адбыліся шэсьце і мітынг «Чарнобыльскі Шлях», арганізаваныя таксама зь ініцыятывы БНФ. Урад імкнуўся супрацьстаяць правядзеньню гэтае акцыі праз прызначэньне на той самы дзень суботніку, аднак шэсьце не было сарванае і сабрало вялікую колькасьць людзей.
25-26.11.1989 у Менску зь ініцыятывы апазыцыі была арганізаваная Асамблея народаў «Чарнобыльскі Шлях», у якой бралі ўдзел прадстаўнікі Беларусі, Украіны, Расеі, Летувы, Эстоніі, Малдовы. Асамблея абнародавала інфармацыю пра вынікі чарнобыльскай катастрофы, прапанавала захады па іх пераадоленьні, зьвярнулася да сусьветнай супольнасьці з заклікам аб дапамозе. Наладжаны падчас акцыі Народны Трыбунал сьцьвердзіў віну кіраўніцтва БССР і СССР у замоўчваньні і скажэньні рэальнай інфармацыі аб выніках катастрофы, запатрабаваў пакараньня вінаватых.
Кожная наступная гадавіна Чарнобыльскай трагедыі зьбірала людзей на плошчах. 26.04.1990 адбылося шэсьце і мітынг на пляцы Волі ў Менску. Праз год 27.04.1991 адбыўся другі Народны Трыбунал па разглядзе эфектыўнасьці пераадоленьня вынікаў чарнобыльскай катастрофы.
Чарнобыльскі рух праявіўся ў шматлікіх шэсьцях, мітынгах, жалобных набажэнствах, зборах подпісаў. З часам у чарнобыльскім змаганьні зьявіліся новыя адценьні. Усё гучней стаў уздымацца лёзунг, што заклікаў змагацца не толькі з радыяцыйным, але і з духоўным Чарнобылям - палітыкай русіфікацыі. Тэрмін «духоўны Чарнобыль» набыў значнае распаўсюджаньне. Так, чарнобыльскі рух паступова зрабіўся часткай змаганьня за нацыянальнае адраджэньне Беларусі.
Літ.: 1. Гадзіна смутку і маўчаньня / Энцыклапедыя Гісторыі Беларусі. Т. 2. - Менск, 1994. С. 447; 2. Беларускі Народны Фронт «Адраджэньне» / Энцыклапедыя Гісторыі Беларусі. Т. 1. - Менск, 1994. С. 443; 3. Садоўскі П., Вячорка В. Няўрадавыя арганізацыі і працэс пераўтварэньняў у Беларусі // Супольнасьць. 1998, № 3-4; 4. Пазьняк З. Сапраўднае аблічча. - Менск, 1992.
Наталя Арлова