Абеляр П'ер (каля 1079 - 1142), французскі філосаф, багаслоў, паэт. Вучыўся ў Шартры і Парыжы. Амаль усё жыццё пераходзіў з адной школы або кляштара ў іншыя. Каля 1101 адкрыў уласную школу, пазней узначальваў саборную школу ў Нотр-Дам. Рацыянальна-містычная накіраванасць светапогляду А. («разумею, каб верыць») выклікала нязгоду, пратэст з боку артадаксальных царкоўных колаў. Сцвярджаў, што рэальна існуюць толькі асобныя рэчы, а агульныя паняцці - толькі ў чалавечай свядомасці (прынцып канцэптуалізму). Аснову маральных учынкаў А. бачыў у згодзе чалавека са сваім сумленнем. Быў блізкі да ідэі верацярпімасці, падкрэсліваў значнасць індывідуальных намаганняў у выратаванні чалавечай душы. Сярод яго твораў - «Так і не», «Дыялектыка», «Аб боскім адзінстве і траіснасці» і інш. Аўтар аўтабіяграфічнага твора «Гісторыя маіх бедстваў» (1132-1136), любоўных вершаў, лістоў да сваёй каханай Элаізы і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць