Адамовіч Алесь (1927-1994), беларускі пісьменнік, літаратуразнавец, крытык, грамадскі дзеяч. Член-карэспандэнт АН Беларусі (1980), доктар філалагічных навук (1962), прафесар (1971). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1971). Скончыў БДУ (1950). Вучыўся на Вышэйшых сцэнарных курсах (Масква). Працаваў у БДУ, Інстытуце літаратуры АН Беларусі, Маскоўскім універсітэце, быў дырэктарам Усесаюзнага навукова-даследчага існтытута кінамастацтва. У сваіх літаратуразнаўчых працах («Беларускі раман», 1961; «Маштабнасць прозы», 1972; «Браму скарбаў сваіх адчыняю», 1974; «Літаратура, мы і час», 1979) глыбокі эстэтычны аналіз мастацкіх твораў спалучаў з гуманістычнай канцэпцыяй успрымання літаратуры і жыцця, з прынцыпамі праўдзівасці і гістарызму. У рамане-дылогіі «Партызаны» (Ч. 1-2, 1960-1963), «Хатынскай аповесці» (1972), дакументальных кнігах «Я з вогненнай вёскі» (1977, разам з Я.Брылём і Ў.Калеснікам), «Карнікі» (1980), «Блакаданая кніга» (1977-1981, разам з Д.Граніным) асэнсоўваў паводзіны чалавека ў экстрэмальных сітуацыях ваеннага часу, праблемы захавання духоўнай спадчыны беларускага народа, паказваў антычалавечую сутнасць фашызму, псіхалогію здрадніцтва. Аўтар пацыфісцкай лірыка-драматычнай аповесці на фантастычны сюжэт «Апошняя пастараль» (1987), публіцыстычных кніг актуальнага грамадска-палітычнага гучання («Выберы - жыццё», 1986; «Дадумваць да канца: Літаратура і трывогі стагоддзя», 1988; «Мы - шасцідзесятнікі», 1991; «Апакаліпсіс па графіку», 1992). Па яго творах пастаўлены тэатральныя спектаклі, зроблены радыёпастаноўкі, зняты мастацкія фільмы. Сваёй літаратурнай творчасцю і грамадскай дзейнасцю А. сцвярджаў прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцей, неабходнасць дэмакратычных перамен, захавання дзяржаўнага суверэнітэту, духоўна-культурнага адраджэння беларускай нацыі.