Акумуляцыя культурная, працэс накаплення культурнага патэнцыялу, спадчыны. Мае месца там, дзе да культурнай спадчыны дадаецца больш новых элементаў, чым адкідваецца старых. Наадварот, калі страчваецца больш культурных здабыткаў, чым дадаецца, прынята гаварыць пра культурнае вычарпанне. Акумуляваць культурныя каштоўнасці, перадаваць іх новым пакаленням павінны як асобныя індывіды, так і спецыяльныя сацыяльныя інстытуцыі - дзяржаўныя адукацыйныя, навукова-асветныя ўстановы, грамадскія аб'яднанні і таварыствы і г.д. Найбольш важнымі з'яўляюцца не столькі колькасныя паказчыкі, колькі якасныя, а таксама феномен «грамадскай запатрабаванасці», актуалізацыі культурных каштоўнасцей рознымі сацыяльнымі групамі. Сярод найважнейшых каналаў А.к. - музеі і бібліятэкі. Пра яўныя праблемы ў гэтай сферы сведчаць, напр., такія факты, як змяншэнне колькасці ўстаноў клубнага тыпу, кінатэатраў, зніжэнне колькасці кніг у бібліятэках, а таксама моцнае скарачэнне колькасці наведванняў музеяў, бібліятэк.

Паведаміць пра недакладнасьць