Ампір, стыль позняга класіцызму ў архітэктурным і прыкладным мастацтве Заходняй Эўропы (першая чвэрць 19 ст.). Пазней пашырыўся ў іншых эўрапейскіх краінах (у т.л. Беларусі, Расеі і інш.). Для А. уласцівы масіўныя аб'ёмы, кантраст сцен з дэкаратыўнымі дэталямі, стылізаваны арнамент, знешняя параднасць, вытанчаная дэкаратыўная пластыка. У А. выкарыстоўваліся старажытнарымскія і старажытнаэгіпецкія дэкаратыўныя формы (крылатыя сфінскы, ваенныя трафеі і інш.). У сярэдзіне 19 ст. А. змяніўся рознымі эклектычнымі стылямі. У Беларусі архітэктурныя помнікі з элементамі А. вызначаліся ўрачыстасцю і прастатой форм: Сноўскі палацава-паркавы ансамбль, Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, альтанка ў Нараўлянскім сядзібна-паркавым ансамблі. Творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выкананыя ў стылі А., вызначаюцца статычнай маналітнай формай, з якой кантрастуе пластыка-дэкаратыўнае аздабленне ў выглядзе арнаментальных уставак.

Паведаміць пра недакладнасьць